МЗС Украіны патрабуе ад Масквы спыніць правакацыі на мяжы
12- 12.07.2014, 16:48
- 11,326
Міністэрства замежных спраў Украіны накіравала ноту пратэсту ў сувязі з правакацыямі на мяжы.
Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.
"Нягледзячы на неаднаразовыя звароты ад украінскай стараны, памежная служба ФСБ Расейскай Федэрацыі не прымае ніякіх крокаў, каб прадухіліць шматлікія парушэнні дзяржаўнай мяжы Украіны ўзброенымі асобамі і вайсковай тэхнікай з тэрыторыі Расеі", - гаворыцца ў паведамленні.
У МЗС кажуць, што расейская старана не заўважае гібелі ўкраінскіх вайскоўцаў і мірнага насельніцтва ад рук сепаратыстаў, але ў адным з лістоў на адрас Дзяржаўнай памежнай службы Украіны расейскія памежнікі прыцягнулі ўвагу да гібелі хатніх жывёл праз нібыта выбух артылерыйскага снарада на тэрыторыі Расеі ў 500 метрах ад мяжы.
"Украінская старана катэгарычна патрабуе ад расейскай улады спыніць такія правакацыі на мяжы і ўсебаковую падтрымку тэрарыстычных узброеных фармаванняў ва ўсходніх абласцях Украіны", - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МЗС Украіны.
Нагадаем, у ноч на 12 ліпеня з раёна населенага пункта Куйбышава Растоўскай вобласці адбыўся мінамётны абстрэл пункта пропуску "Мар’інаўка". Акрамя таго, на працягу ўчорашняга дня былі зафіксаваныя некалькі выпадкаў парушэння паветранай прасторы Украіны беспілотнікамі, якія заляталі з боку Расеі.