29 красавiка 2024, панядзелак, 6:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямеччына - чэмпіён свету ў футболе (Відэа)

66

Нацыянальная каманда Нямеччыны перамагла Аргентыну з лікам 1:0.

Фінальны матч чэмпіянату свету 2014 года прайшоў 12 ліпеня на стадыёне «Маракана» у Рыа-дэ-Жанэйра. Ён пачаўся а 22:00 паводле менскага часу. Гульню паказваў у жывой трансляцыі тэлеканал «Беларусь 2».

Аўтарам адзінага гола стаў Марыё Гётцэ, які забіў на 113-й хвіліне гульні.

Аргентынцы ў самым пачатку матчу аддалі ініцыятыву камандзе Нямеччыны, сышоўшы ў глухую абарону. Немцы больш валодалі мячом, але забіць гол у асноўным часе яны так і не здолелі На 20-й хвіліне ўзнік першы небяспечны момант: Тоні Кроос няўдала адкінуў балон, яго падхапіў Гансала Ігуаін і прабіў з лініі штрафной пляцоўкі па браме Мануэля Ноера, але не трапіў.

Неўзабаве аргентынскі форвард выправіўся, забіўшы гол, аднак бакавы арбітр зафіксаваў становішча па-за гульнёй.

У самым пачатку другога тайма Леонэль Мэсі прабіў па браме нямецкай нацыянальнай каманды са штрафнога, але мяч прайшоў у сантымэтрах ад штангі. Гэты момант стаўся самым небяспечным у асноўным часе гульні.

У другім тайме мацнейшай зноў выглядала нацыянальная каманда Нямеччыны. Але немцам бракавала дакладнасці ў заканчальным нападным дзеянні. Аргентына гуляла дадатковы час у паўфінале, і футбалісты нацыянальнай каманды аднаўляліся на адзін дзень менш, чым немцы.

Пасля заканчэння асноўнага часу матча лік заставаўся 0:0.

Адзіны гол - у браму каманды Аргентыны - забіў на 113-й хвіліне Марыё Гётцэ.

Склады каманд

Нямеччына: брамнік - Мануэль Ноер, абаронцы - Філіп Лам, Жэром Баатэнг, Матс Хумэльс і Бэнэдыкт Хёвэдэс, паўабаронцы - Крыстаф Крамэр (Андрэ Шурле, 32), Бастыян Швайнштайгер, Тоні Кроос і Мэсут Ёзіл, Томас Мюлер і Міраслаў Клозэ (Марыё Гётцэ, 88).

Аргентына: брамнік - Сэрхіё Рамэра, абаронцы - Пабла Сабалета, Марцін Дэемікеліс, Эсэкель Гарай і Маркас Роха, паўабаронцы - Энца Пэрэс (Фэрнанда Гага, 86), Лукас Білья, Хаўер Маскерана і Эсэкель Лавэсі (Сэрхіё Агуэра, 46), нападнікі - Ліянэль Мэсі і Гансала Ігуаін (Радрыга Палас, 78).

На групавой стадыі Аргентына перамагла ва ўсіх матчах з мінімальнай перавагай - Боснію і Герцагавіну (2:1), Іран (1:0) і Нігерыю (3:2). У плэй-оф гульня паўднёваамэрыканцаў яскравейшай не стала: пакутная перамога над Швайцарыяй (1:0), мінімалізм пры сустрэчы з Бэльгіяй (1:0) і ўдала выкананая сэрыя пэнальці ў паўфінале з камандай Нідэрландаў (0:0).

Нацыянальная каманда Нямеччыны пачала турнір з распляжвання Партугаліі (4:0), затым была нічыя з Ганай (2:2) і перамога над ЗША (1:0). У 1/8 фіналу ў дадатковым часе немцы даціснулі Алжыр (2:1), пасля з цяжкасцю была пройдзеная Францыя (1:0), адале адбылося гістарычнае раструшчванне Бразіліі (7:1) у паўфінале.

Гішпанскі абаронца Карлес Пуёль перадае галоўны трафей турніру, якім валодае да канца матчу нацыянальная каманда Гішпаніі

Каманды Нямеччыны ды Аргентыны трэцім разам сышліся ў фінале чэмпіянатаў свету. На рахунку абедзвюх камандаў па адной перамозе: «альбісэлестэ» на чале з Дыегам Марадонам падолелі немцаў у 1986 годзе, а праз чатыры гады мацнейшай у вызначальным матчы сталася бундэсманшафт.

Спаборніцтва Аргентыны і Нямеччыны - гэта не толькі супрацьстаянне дзвюх суполак, гэта яшчэ і супрацьстаянне частак свету. Еўрапейскія каманды яшчэ ні разу не станавіліся чэмпіёнамі свету ў Паўднёвай Амэрыцы. Калі б перамогу ў фінале атрымалі аргентынцы, то сквіталі б лік у супрацьстаянні Паўднёвай Амэрыкі і Еўропы ў агульным ліку перамог на галоўным футбольным турніры чатырохгоддзя.

Фота: AP Photo/Natacha Pisarenko

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках