29 красавiка 2024, панядзелак, 5:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя кахання: сямейная пара з Менска разам ужо 55 гадоў

12

Сапраўднае каханне ёсць.

Сямейная пара, якая пазнаёмілася ў Данецкай вобласці, а цяпер жыве ў Менску, разам ужо 55 гадоў.

Алена Дармель - арганізатарка вяселляў, заручын і «ўсялякіх цікавых падзей у жыцці кожнай пары» - упэўненая: сапраўднае каханне ёсць, піша citydog.by.

- У мяне выдатныя прыклады шчаслівых шлюбаў маіх бацькоў, бабулі і дзядулі, - распавядае дзяўчына. - І, на мой погляд, каханне абсалютна ў кожным узросце - гэта выдатна. Але чаму цяпер робяць фотасесіі маладых, нованароджаных, цяжарных і пры гэтым зусім мала прыгожых фатаграфій з бацькамі, бабулямі і дзядулямі? Мы разам з аднадумцамі наважылі паказаць прыгажосць кахання ў старэчым узросце. Спадзяюся, у нас гэта атрымалася.

- Валянціна Паўлаўна - слесар механазборачных работ на гадзіннікавым заводзе, яе муж Аляксей Мікалаевіч - электраманцёр высакавольтных сетак. Ёй 74 гады, яму 78. Яны сустрэліся ў Данецкай вобласці ў 1959 годзе. Яна працавала апаратчыца ў хімічным цэху, а ён вучыўся ў тэхнічным вучылішчы. Аляксей збіраўся з сябрам ісці на футбол, але той прапанаваў пайсці ў парк прагуляцца (справа была ўвесну), - распавядае Алена аб першай сустрэчы сваіх герояў. - Там хлопцы ўбачылі кампанію сімпатычных дзяўчат, сярод якіх і была яна. Увечары разам пайшлі на танцы - з тых часоў не расставаліся.

Аляксей як мог заляцаўся да Валянціны. Акно пакоя інтэрната, у якім жыў Аляксей, выходзіла на вокны дома, дзе жыла Валянціна. Калі адзін з іх гатовы быў ісці шпацыраваць, то прыляпляў звычайную паперчыну да шыбы. Калі і другі гатовы, таксама прыляпляў паперку. Так і сустракаліся. Тэлефонаў бо не было.

- А як яны пажаніліся?

- У тым жа годзе, у снежні. У той час вяселлю не надавалі столькі значэння, колькі цяпер. Валянціна і Аляксей ўзялі двух сведак і проста распісаліся. На Валянціне была бэзавая сукенка. Фактычна ўрачыстасці не было - у тыя часы гэта было цалкам нармальна.

- Цікава, як людзям атрымоўваецца пражыць столькі гадоў разам?

- У іх заўсёды паразуменне, цярпенне і павага адзін да аднаго. Валянціна як сапраўдная гаспадыня заўсёды падтрымлівае парадак і ўтульнасць у доме. Муж, дзеці, а цяпер яшчэ і ўнукі заўсёды накормленыя. Аляксей заўсёды ва ўсім дапамагаў Валянціне. Ён шчыра радаваўся нараджэнню першага сына, другога. Заўсёды імкнуўся забяспечыць сям'ю, даць сваім дзецям найлепшае.

Я пыталася, ці жывое іх каханне дагэтуль? Яны трохі бянтэжацца. Кажуць аб прыхільнасці, аб падтрымцы адзін аднаго. Валянціна кажа, што надоечы муж ад'язджаў на лецішча - ёй было вельмі сумна. А ён стаіць, смяецца: маўляў, кожную гадзіну тэлефанавала, усё пыталася, як я там. Я ж сама бачу іх каханне, яно ёсць, гэта праўда прыкметна. Нават калі мы рабілі нашыя здымкі, Аляксей заўсёды падтрымліваў Валянціну, як праўдзівы джэнтльмэн падаваў руку з аўтамабіля, трымаў рэчы, дапамагаў пераступіць ручаіну. Усё гэта вельмі кранальна.

Я пыталася ў іх, ці шмат пар іх узросту, якія дагэтуль захавалі свае стасункі? Адказалі, што праз узрост пар няшмат, але яны ёсць. «Як думаеце, чаму нашае пакаленне так часта разводзіцца?» - «Рэч у каштоўнасцях, хутчэй за ўсё. Раней стварэнне сям'і было асновай».

- Лена, а дзе вы фатаграфаваліся?

- Мы фатаграфаваліся ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе». Чаму там? Хацелася на фотаздымках вярнуцца ў мінулае. Таму мы і знайшлі 21-ю «Волгу», хоць для нашай пары гэта не такі ўжо рарытэт.

Фота: Іна Равяка

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках