29 красавiка 2024, панядзелак, 1:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У лясах Магілёўшчыны - чарніцы з цэзіем

16
У лясах Магілёўшчыны - чарніцы з цэзіем

На Магілёўшчыне збіраюць чарніцы, у якіх знойдзена ў два разы больш за норму радыеактыўнага цэзію.

Днямі магілёўская санэпідэмстанцыя выявіла ў чарніцах, сабраных ў лесе ля вёскі Лежнеўка, перавышэнне дапушчальнай нормы цэзію больш чым у два разы. Вёска знаходзіцца ў двух дзясятках кіламетрах ад Магілёва, перадае «Радыё Свабода».

Вялікае і прыгожае паселішча на берагах рачулкі Доска ў радыяцыйным палоне пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У наваколлі, як кажуць вяскоўцы, у далёкім 1986 годзе пасадзілі радыяцыйную хмару. З таго часу радыяцыя для тутэйшых стала звыклай з'явай. Першы час яе пабойваліся, але цяпер, пасля таго як прамінула амаль тры дзясяткі гадоў, увага да яе прытупілася. Некаторыя з вяскоўцаў ўсё ж правяраюць лясныя дарункі на радыяцыю, аднак гэтая працэдура далёка не норма.

«Мы правяраем заўсёды. У нас у ягадах дапушчальная норма. Мы ўжо звыклі за гэтыя дваццаць ці трыццаць гадоў да радыяцыі. Хрэн яго ведае, на каго гэтая радыяцыя ўплывае, а на каго не», - выказваецца жыхарка Лежнеўкі пэнсійнага веку.

Са слоў жанчыны рост захворвання прыпаў на першыя гады пасля аварыі: «Тады было вельмі шмат анкалагічных захворванняў. А цяпер людзі паміраюць ад старасці. Маладыя паміраюць, але яны тут і не жылі стала, а ў Магілёве. Вось апошнім часам тут паўміралі людзі майго веку, але яны былі хворыя на сэрца».

Пра гэта кажа яшчэ адна жыхарка Лежнеўкі таго ж веку, што і папярэдняя суразмоўца. Яна правярае ўсе сабранае ў лесе: «Хто яе баіцца, а хто не баіцца. Я хаджу, бо мне ўжо 63 гады, і калі раптам што, то мне не страшна. Унукаў я не пускаю. Яны не ходзяць. Меншы мой, сем гадоў яму, кажа: «Бабуля, мне грыбоў шмат есці нельга - там радыяцыя». Яны ж цяпер разбіраюць. У кампутарах сядзяць».

Суразмоўца мяркуе, што лежнеўцы збіраюць ягады толькі для сябе: «На продаж трэба вельмі шмат сабраць, а ў нас шмат не збярэш. Тут ягад не вельмі шмат».

Расповед пра ягады, радыяцыю і небяспеку падхоплівае старая кабета. Яна не зважае на спорны дождж і поркаецца ў градках. Але ад працы адрываецца, каб пагутарыць з заезджым: «Дачка мая хадзіла ў ягады, але яна не правярала. Ну, што ўжо баяцца. Мы ж ведаем, што радыяцыя ўсюды цяпер ёсць. Куды нам падзецца ад яе. Ямо ўсё. У нас ягады замарожаныя ляжаць у камеры - для сябе. Кажуць, што ў нас радыяцыі шмат, але мы не правяралі, не будзем лішняга казаць».

«А што нам радыяцыі баяцца - мы яе ўжо ўдосталь наеліся», - даводзіць сваю пазіцыю яшчэ адна жыхаркі вёскі. «У нас ужо ўнутры ўсё радыяцыйнае. І грыбы ў нас бяруць і ягады бяруць. У нас гады два таму жанчына хадзіла правяраць. Насіла ягады з аднаго лесу, толькі ў розных шклянках. Ёй сказалі: «Вось з гэтага лесу ежце, а з гэтага - не». Вось як ім можна верыць - скажыце мне?».

На заўвагу, што можа лепш наогул адмовіцца ад усяго ляснога, жанчына адказвае будзённа і чакана: «Ведаеце, нашы людзі наогул нічога не баяцца. І нават гэтай радыяцыі. Людзі сёння жывуць - і добра, а заўтра памерлі, ад чаго - не важна».

Лес паабапал дарогі ў вёску з боку бабруйскай шашы, як тлумачылі суразмоўцы, радыяцыйны. У ім ягады не збіраюць. Ягадныя плантацыі месцам усё ж абабраныя. Чарніц няшмат. Кажуць - сёлета не ўрадзілі.

Адна з агародніц, жанчына сталага веку, на пытанне аб радыяцыі адказала пытаннем: «А дазімэтры, скажыце мне, дзе прадаюцца? Іх жа ў продажу няма. Я ж ведаю, што чарніцы радыяцыю ўбіраюць, то ў іх не ходзім. Мясцовыя жыхары майго веку, яны ні на што не звяртаюць увагі. Калі мы едзем на самаходзе па дарозе на бабруйскае шашы, там дзе знак «радыяцыйная небяспека», то мы бачым, што там людзі ходзяць і збіраюць лясное. Знак ж там з'явіўся надоечы».

Знакаў аб радыяцыйнай небяспецы ў гэтым лесе адшукаць не выпала. Малады хвойнік і ельнік забруджаны не толькі нябачнай радыяцыяй, але і бытавым смеццем. Нямала ў ім несанкцыянаваных сметнікаў.

Маладыя вяскоўцы, як і шмат якія агароднікі, размаўляць пра радыяцыю наогул адмаўляліся. Пачуўшы, што ягады з фонам, пыталіся: «А ці ёсць радыяцыя ў грыбах?». Не даведаўшыся - адказвалі: «Праверым» і сыходзілі.

Вяскоўцаў значна больш за радыяцыю турбуе надзённы клопат. У вёсцы абжыліся лісы, якія загрызлі ў дварах амаль усіх курэй. Што засталіся - за агароджай. Упільнаваць ліс не выпадае. А яшчэ, пажаліліся вяскоўцы, бабры загачваюць рачулку, якая вось-вось падтопіць сялянскія хаты.

Радыецэзій, калі трапляе ў арганізм, назапашваецца ў цягліцах, сэрцы і пячонцы. Пагражае унутраным апрамяненнем. Найперш церпяць людзі са слабым імунітэтам і тыя, што маюць хранічныя хваробы.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках