29 красавiка 2024, панядзелак, 11:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Археолагі» ад Мінабароны знайшлі «чырвонаармейцаў» у пахаванні ХV стагоддзя

12
«Археолагі» ад Мінабароны знайшлі «чырвонаармейцаў» у пахаванні ХV стагоддзя

У Ваўкавыску на тэрыторыі сярэднявечнага места ідуць раскопкі.

Да археолагаў там пабываў батальён Мінабароны, які знайшоў на могілках ХІІІ-ХV стагоддзяў і перапахаваў парэшткі «невядомых чырвонаармейцаў», перадае «Радыё Свабода».

Раскопкі праводзіць супольная экспэдыцыя гарадзенскіх навукоўцаў з універсітэта імя Янкі Купалы і гістарычна-археалагічнага музэя. Кіруюць раскопкамі загадчыца аддзела археалогіі музэя Наталля Кізюкевіч і дацэнт універсітэцкай кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Генадзь Семянчук. Раскопкі скончацца 20 ліпеня.

«Памылка» вайскоўцаў выявілася выпадкова. Археолаг Генадзь Семянчук быў у родным Ваўкавыску і заўважыў на схіле аднаго з двух пагоркаў каля замчышча невялікія ямкі, зробленыя ў шахматным парадку. Раскапаўшы, знайшлі сярэднявечны хрысціянскі могільнік, які датуецца ХІІІ-ХV стагоддзямі. Навуковец паведаміў пра гэта ў райвыканкам, а ў ідэалагічным аддзеле яму кажуць: а мы там выкапалі салдацкія парэшткі... Ён папрасіў дакумэнт, а там было напісана пра 56 шкілетаў, «перапахаваных ля падножжа Швэдскай гары».

Генадзь Семянчук адразу зразумеў, што сутыкнуўся з «дзейнасцю» згаданага раней батальёна Мінабароны.

«Рэч у тым, што замчышча і Швэдская гара ўнесеныя ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў. І ў кожным выпадку, нават калі б гэта былі ахвяры вайны, мусіў прысутнічаць прафэсійны археолаг. Пры гэтым яны вярталіся, раскопвалі два разы. Справаздачы мне ніхто, вядома, не паказаў - ні райвыканкам, ні батальён. Але ямін было блізу васьмідзесяці. Магчыма, не ў кожнай быў шкілет. Пры гэтым тутэйшыя дзівіліся: чаму няма ботаў? Або спражак? Або валасоў? Бо вядома, што за семдзесят гадоў на шкілеце застаецца нейкая арганіка. А мы маем справу з чыстымі, высахлымі косткамі, якім па пяцьсот-васямсот гадоў», - тлумачыць навуковец.

«Дзейнасць гэтага батальёна ў шмат каго выклікае пытанні, бо вядомая наша маніякальная тэндэнцыя ўсё шукаць і перазахоўваць», прычым «гэта манапалізавана, падведзена пад ідэалогію», таму час ад часу чыніцца шкода. Каб унікнуць гэтага, павінна быць шчыльнае супрацоўніцтва гэтага батальёна з прафэсійнымі археолагамі», - працягвае Генадзь Семянчук.

Тое ж, што было зроблена, навуковец называе «варварствам і цынізмам».

У выніку навуковых раскопак у Ваўкавыску знайшлі трыццаць адно пахаванне на першых могілках і яшчэ дзевяць на другіх (на суседнім узгорку). Са слоў Генадзя Семянчука, сёлета будзе зроблены антрапалагічны аналіз знойдзеных шкілетаў, каб дакладна вызначыць узрост, пол пахаванага, хваробы, на якія ён хварэў або ад якіх памёр.

Фота: volkovysk.by

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках