29 красавiка 2024, панядзелак, 11:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскае «Дынама» - стадыён-прывід

6

Пакуль на менскім стадыёне «Дынама» адбываецца млявая рэканструкцыя, футбольны клуб БАТЭ правядзе першы еўракубкавы матч на сучасным стадыёне «Барысаў Арэна».

Сёння футбольны клуб БАТЭ правядзе першы еўракубкавы матч на сучасным стадыёне «Барысаў Арэна». Спаборнікамі барысаўчан стала албанская «Скендэрбеў». «Барысаў Арэна» фігуруе ў якасці базавай пляцоўкі і для беларускіх каманд, якія бяруць удзел у адборачных сустрэчах Лігі Еўропы, а таксама для нацыянальнай зборнай Беларусі. А вось у Менску сучаснага стадыёна пакуль няма, хоць улады абяцалі аднавіць арэну «Дынама» яшчэ некалькі гадоў таму, паведамляе «Радыё Свабода».

За два апошнія гады, калі на менскім стадыёне «Дынама» пачалі дэмантаж трыбун і абсталявання, з прылеглай тэрыторыі і памяшканняў выселілі прадпрымальнікаў-гандляроў і іншых арандатараў. Аднак будаўнічага ажыўлення на апусцелым аб'екце не відаць. Напрыклад, з боку вуліцы Ульянаўскай ніякай рэканструкцыі не адчуваецца наогул. На скрыжаванні са Свярдлова, дзе знеслі спартыўную паліклініку, прыгналі некалькі экскаватараў, якія выкапалі пару катлаванаў. Ад вуліцы Кірава, дзе яшчэ летась панеслі «казырок», на тэрыторыі стаіць некалькі адзінак спецтэхнікі, ідзе дэмантаж пліткі.

На чыгуннай агароджы з'явілася некалькі плакатаў з выявамі будучага стадыёна. Падобна на тое, што фрагментарна вырашана пакінуць арачную сцяну, якую прызналі «помнікам архітэктуры», канцэптуальна захаваюцца асвятляльныя вежы. Прынцыповая навінка - над трыбунамі з'явіцца дах. З малюнкаў вынікае і асноўная прычына тармажэння з рэалізацыяй праекта - стадыён захавае лёгкаатлетычную спецыялізацыю. Пасля таго як на спецыяльным нарадзе Аляксандр Лукашэнка загадаў захаваць бегавыя дарожкі (а з такой задачай, маўляў, справяцца і мясцовыя спецыялісты), быў скасаваны кантракт з венгерскай фірмай «Graboplan», якая спецыялізуецца на ўзвядзенні футбольных стадыёнаў. Тым жа скончылася і супрацоўніцтва з нямецкай кампаніяй GMP International GmbH.

Пасля таго, як дынамаўскую спецыялізацыю пастанавілі не ламаць, галоўны футбольны стадыён меркавалася ўзвесці на месцы «Трактара». Але за мінулы час нічога не зроблена і там - нягледзячы на тое, што неіснуючы «трыдцацітысячнік» нават трапіў у заяўку на правядзенне некалькіх матчаў еўрапейскага першынства 2020 года. Наадварот, цяпер ужо ідзе гаворка, што «Трактар» чапаць не трэба, а лепш будаваць побач новы. Пра стадыён «шараханні» кажа спартовы аглядальнік Яўген Валошын:

«Вядома, рана ці позна рух будзе, нешта пабудуюць. Калі - прадказаць складана, бо дэтэктыў прадаўжаецца. Але не здзіўлюся, што з такімі тэмпамі гэта можа быць і 7, і 10 гадоў, хай нават і без асаблівых прэтэнзій на арыгінальнасць. А што тычыцца нацыянальнага стадыёна, які нібыта з'явіцца побач са стадыёнам «Трактар», - думаю, справу да канца давядуць, але, зноў жа, нейкай моднай, ультрасучаснай арэны мы не атрымаем. Па-першае, праз паводзіны чыноўнікаў, проста непрафесійных. Заяўляецца адно, потым па 25 разоў перакручваецца, і, мяркуючы па ўсім, наўрад ці мы дачакаемся выдатнай, выбітнай арэны, як гэта планавалася першапачаткова. Нешта будавацца, вядома, будзе. Зноў жа, праект зробяць беларусы і гэта будзе стадыён з беларускім каларытам. «Амстэрдам Арэны» або «Уэмблі» мы там адназначна не атрымаем. Як ні круці, на сучасным стадыёне кошт пасадкавага месца не можа быць менш за 3 тысяч еўра. Інакш, калі менш, гэта ўжо халтура. Пра гэта сведчыць вопыт будаўніцтва сусветных стадыёнаў. Я быў на «Маракане» у Рыа-дэ-Жанейра, быў у Кіеве, бачыў іх галоўны стадыён - там укладваліся вялікія грошы, больш за 400 мільёнаў еўра. Нам, улічваючы сённяшнія эканамічныя праблемы, такое не пацягнуць».

Калі арэна на месцы стадыёна «Трактар» ці побач з ім існуе выключна ў свядомасці чыноўнікаў, то на «Дынама» як мінімум складзены «акт». Не так даўно Лукашэнка нарэшце падпісаў указ «Аб рэканструкцыі комплексу аб'ектаў стадыёна «Дынама». Дакументам прадугледжана перапрафіляванне стадыёна ў лёгкаатлетычны з захаваннем магчымасці правядзення футбольных матчаў. Заказчык праекта - упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама, праектная арганізацыя - «Менскпраект». Фінансавацца работа за сродкі сталічнага бюджэту, прыблізны кошт - 150 мільёнаў еўра. Канчатковыя працы на «Дынама» будзе ацэньваць не UEFA, як планавалася раней, а Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF). Г.зн. менскім заўзятарам яшчэ доўга прыйдзецца чакаць паўнавартаснай футбольнай арэны.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках