29 красавiка 2024, панядзелак, 14:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм'ер-міністрам Літвы зноў стаў Альгірдас Буткявічус

Прэм'ер-міністрам Літвы зноў стаў Альгірдас Буткявічус

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ з улікам адабрэння парламента падпісала дэкрэт аб прызначэнні Альгірдаса Буткявічуса прэм'ер-міністрам.

Прэзідэнт распарадзіўся, каб прэм'ер цягам 15 дзён сфармаваў урад і падаў ягоны склад на зацвярджэнне прэзідэнту, паведамляе ru.Delfi.lt.

Парламент зацвердзіў ягоную кандыдатуру 88 галасамі, яшчэ 36 дэпутатаў галасавалі супраць, а 7 устрымаліся. Кандыдатуру не адобрылі кансерватары і лібералы.

Паводле Канстытуцыі, урад складае свае паўнамоцтвы пасля парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў.

Сёння ж у парламенце на пасяджэнні фракцыі кансерватараў прэм'ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус назваў кандыдатаў на пасады міністраў свайго ўрада.

Са слоў прэм'ера, на пасаду міністра сельскай гаспадаркі пададуць кандыдатуру прадстаўніка Партыі працы Віргініі Балтрайтэнэ, а на пасаду міністра аховы навакольнага асяроддзя - прадстаўніка «Парадку і справядлівасці» Кястуціса Трачэкаса.

Пытанне кандыдата на пост міністра аховы здароўя будзе абмяркоўвацца ў аўторак на пасяджэнні прэзідыума сацыял-дэмакратаў. Як вядома, на гэты пост прапаноўвалі кандыдатуру Альгірдаса Сісаса, але ён пакуль не сказаў ні «так», ні «не», паколькі нібыта не атрымліваў афіцыйнай прапановы.

Паводле неафіцыйных дадзеных, калі Сісас не пагодзіцца стаць міністрам, то на гэты пост прапануюць кандыдатуры былых віцэ-міністраў Гедыміна Чарняўскаса або Эрыкаса Мачюнаса.

Былы міністр аховы навакольнага асяроддзя Валянцінас Мазуроніс стаў Еўрапарламентарыем, міністр сельскай гаспадаркі Вігіліюс Юкна сам сышоў у адстаўку, міністра аховы здароўя Вітаніса Андрукайціса прапануюць на пасаду еўракамісара.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках