8 траўня 2024, Серада, 20:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навадворская. Пасляслоўе

36
Навадворская. Пасляслоўе

Дзесяць цытат вядомай расейскай праваабаронцы.

Валерыя Навадворская нарадзілася 17 траўня 1950 года ў Баранавічах. Скончыла факультэт замежных моў Маскоўскага абласнога педагагічнага інстытута імя Крупскай. Ужо ў 19 гадоў арганізавала нелегальную студэнцкую групу, у якой абмяркоўвалася патрэба скасавання камуністычнага рэжыму, піша партал ЛIГАБiзнесIнформ. Была арыштаваная КДБ.

У СССР Навадворскую тройчы судзілі за дысідэнцкую дзейнасць, ужыўшы ўвесь спэктр рэпрэсій КДБ. У 1970 годзе была этапаваная ў Казань і паддадзеная прымусоваму псіхіятрычнаму «лячэнню» на працягу амаль двух гадоў. Зазнала 17 адміністрацыйных арыштаў.

Пасля краху СССР актыўна ўдзельнічала ў стварэнні і працы некалькіх правалібэральных партый. Апошнімі гадамі яна займалася публіцыстыкай і грамадскай дзейнасцю. 12 ліпеня Валерыя Навадворская памерла ў Маскоўскай клінічнай лякарні.

Ніжэй - дзесяць цытат самага шчырай еўрапейскай лібэральнай публіцысткі і палітыка.

Пра сябе. Я на Захад не працую. Калі б я працавала, то сядзела б дзе-небудзь на якой-небудзь прыгожай віле і на ўсім гатовым. Я старая дысідэнтка і досыць сядзела ў турмах падчас савецкай улады. Не слухайце вашых бацькоў, калі яны кажуць, што ў Савецкім Саюзе было добра. Яны не памятаюць. Яны забыліся. Гэта было занадта даўно. У Савецкім Саюзе было вельмі дрэнна. Горш проста не бывае. Хіба што ў гітлераўскай Нямеччыне і сталінскім Савецкім Саюзе. Думайце самі, думайце сваёй галавой.

Пра веру. Расея - не хрысціянская краіна наогул, а глыбока паганская. Нам патрэбныя місіянеры. Бо Расея верыць не ў Бога, а ў дзяржаву. У Расеі Храм Хрыста Збаўцы стаіць на аўтамыйцы. Я ведаю шмат людзей, хто заязджаў туды хрысціянінам, а выязджаў атэістам. РПЦ - гэта не царква, а ідэалагічны аддзел ЦК Адзінай Расеі. Я належу да Украінскай праваслаўнай аўтакефальнай царквы.

Пра традыцыі. Калі Маскву заваявалі манголы - мы сталі маскоўскай ардой, што ўспадкавала бессэнсоўнасць заваёўніка. Ардынская традыцыя можа быць выдаленая толькі ў тым выпадку, калі расейскі народ сам адмовіцца ад яе.

Пра Расею. Усё вельмі дрэнна. Я не ўпэўненая ў тым, што мы выберамся. Нас тут занадта мала. І занадта шмат тых, хто хоча ўзнавіць імпэрыю. Цяперашні рэжым чэкістаў - гэта птэрадактылі. Вы калі-небудзь чулі, каб птэрадактылі нешта пабудавалі? Яны могуць толькі раздзёўбваць. Захад спрабуе ўзняць Расею на калені, а яна ўсё ляжыць і ляжыць.

Пра Пуціна. Чэкісцкі гад, палітычны няздара і сталініст: помслівы і жорсткі.

Пра эміграцыю. Калі вяртаюся ў Расею - выяўнае адчуванне, што я вяртаюся ў клетку. На гэтую тэму Еўтушэнка напісаў добры верш - маналог блакітнага пясца на Аляскінскай звераферме. «Хто ў клетцы зачаты - аб клетцы той плача. І з жахам зразумеў, што я люблю - тую клетку, дзе хаваюць мяне за сетку. І звераферму - радзіму маю». Расея - тамагочы. Тут знікома мала дэмакратаў. Калі яны разбягуцца і здадуцца, гэты тамагочы - Расея - проста памрэ. Але пакуль што тут яшчэ ёсць 10% нармальных людзей, за якіх трэба змагацца.

Пра Украіну. Вы здолелі захаваць ідэалы Кіеўскай Русі, якая была першай у Еўропе ў эканамічным і палітычным патэнцыяле. Украіна пайшла на Захад. Вы не адразу пачняце жыць як у Еўразвязе. Але вы навучыліся працаваць, бо вас не кармілі ні нафта, ні газ. Вы развіваліся без спецслужбаў і ядзернай зброі.

Пра вайну. Украінскае войска змагаецца не за цэласнасць Украіны, а за тое, каб Украіна выжыла. Адарвалася ад нашай праклятай, нікчэмнай, рабскай, злоснай Расеі. Гэта я вам як ураджэнка Расеі кажу - я ведаю, што ў нас тут адбываецца. Каб Украіна трошкі што-небудзь з'ела, прыстроілася, пайшла ў Еўропу і жыла там лагодна, спакойна і шчасліва - як еўрапейцы. Як вы разумееце, фашызм там - у Еўропе - не плануецца.

Пра Крым. Дзе раздаюць расейскія пашпарты - там не аб незалежнасці гаворка, а аб анэксіі. Калі заўтра беспакараная Расея, якая цалкам адвязалася ад міжнароднага права – у нас цяпер верхаводзяць палітычныя маньякі, якім месца ў Гаажскім трыбунале - калі яны заўтра зробяць тое ж самае з Крымам, Усходняй Украінай, калі яны пачнуць раздаваць свае пашпарты... Што будзе далей? (У 2008 годзе пасля фактычнай анэксіі Паўднёвай Асеціі ўладамі РФ).

Пра смерць. Я чалавек абстраляны - і не такіх, як Пуцін, бачыла. Наліюць палонію або талію ў сподачак - вып'ю яго самохаць. Ці проста куля. Гэта значна лепш, чым арышт. Бо яны здольныя яшчэ і не да такога. Так што калі выбіраць - я выбіраю сподачак. Гэта хуткая смерць.

Фота: Grani.ru

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках