28 красавiка 2024, Нядзеля, 23:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: Ціск на беларускіх студэнтаў ўзмацніўся

2
Праваабаронцы: Ціск на беларускіх студэнтаў ўзмацніўся

У Беларусі ўзмацніўся ціск на студэнтаў за ўдзел у дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Да такой высновы прыйшлі каардынатары маніторынгу парушэння правоў і акадэмічных свабодаў студэнтаў, які праводзіўся Моладзевай прафзвязнай групай «Студэнцкая рада» ў рамках дзейнасці Грамадскага Балонскага камітэта, піша «Радыё Свабода».

Як распавяла каардынатарка юрыдычнай кансультацыі «Студэнцкай рады» Марына Штрахова, падчас маніторынгу фіксаваліся выпадкі, калі дэканы або іншыя прадстаўнікі адміністрацыі ВНУ праводзілі са студэнтамі індывідуальныя гутаркі аб тым, што дзейнічаць у арганізацыях грамадзянскай супольнасці непажаданая. Раілі адмовіцца ад такой дзейнасці, заклікалі задумацца аб магчымых нядобрых наступствах.

«Прычым такія паведамленні паступаюць не ад актывістаў, а ад простых студэнтаў, якія некалькі разоў бралі ўдзел у мерапрыемствах якой-небудзь арганізацыі ці хаця б уступілі ў групу арганізацыі «Вконтакте». Раней такога намі не фіксавалася. Раней быў толькі ціск на актывістаў, якія публічна і адкрыта вядуць сваю дзейнасць, але звычайных людзей, тым больш проста за ўдзел у мерапрыемствах, ніколі не чапалі. Гэты маніторынг зафіксаваў іншую сітуацыю. Атрымліваецца, што цяпер людзей чапаюць за ўсялякую сувязь з грамадскімі арганізацыямі», - кажа Марына Штрахова.

Напрыклад, падчас апошніх выбараў у мясцовыя «саветы дэпутатаў» масава фіксаваўся прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, у першую чаргу сярод студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнатах.

А вось падчас чэмпіянату свету ў хакеі менскіх студэнтаў прымушалі да бясплатнай працы: «Студэнтаў проста здымалі з заняткаў, або ў вольны час ім казалі, што яны павінны прыйсці ў рабочым адзенні і, напрыклад, паехаць прыбіраць «Чыжоўка-Арэну».

Застаецца праблема студэнцкага самакіравання, якога ў ВНУ Беларусі практычна няма. Таксама захоўваецца дазвольны парадак выезду навучэнцаў за мяжу, што парушае акадэмічныя правы і свабоды студэнтаў.

«Пры далейшым захаванні такіх парушэнняў правоў і акадэмічных свабодаў студэнтаў, адмове ад карэннага рэфармавання нарматыўнай базы вышэйшай адукацыі беларуская сістэма адукацыі яшчэ доўгі час застанецца ў баку ад еўрапейскіх акадэмічных каштоўнасцяў, што прычыніцца да чарговага адхілення заяўкі на прыняцце Беларусі ў Балонскі працэс у 2015 годзе», - падкрэсліваецца ў высновах дакладу «Студэнцкай рады».

Між тым Штрахова адзначае, што ў час такіх індывідуальных гутарак прадстаўнікі адміністрацыі ВНУ наўпрост не пагражаюць студэнтам ні адлічэннем, ні нейкімі дысцыплінарнае спагнанне.

«Але сам факт таго, што са студэнтамі размаўляюць праз іх грамадскую дзейнасць, - на наш погляд, гэта ўжо парушэнне права на свабоду асацыяцый», - падкрэслівае каардынатарка.

Гаворачы агулам аб сітуацыі з парушэннем правоў і акадэмічных свабодаў студэнтаў, яна адзначае, што за апошні час сітуацыя істотна не змянілася.

«Сітуацыя прыблізна аднолькавая. Можна казаць пра нейкія перагіны ў асобна ўзятых універсітэтах. Але агулам сітуацыя, якую паказаў маніторынг, - назіралася і ў папярэднія гады», - кажа Штрахова.

У дакладзе аб выніках маніторынгу адзначаецца, што ціск на студэнтаў з боку адміністрацыі ВНУ традыцыйна павялічваецца падчас значных грамадскіх падзей.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках