29 красавiка 2024, панядзелак, 5:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абама: Тэрарысты не маглі б збіць ні адзін самалёт без дазволу Пуціна

41
Абама: Тэрарысты не маглі б збіць ні адзін самалёт без дазволу Пуціна

(абноўлена - 19.55) У ЗША ўважаюць, што тэхнічна дапамагаць баявікам маглі расейскія спецыялісты.

У Вашынгтоне ёсць звесткі, паводле якіх «Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines быў збіты ракетай, выпушчанай з кантраляванага баявікамі раёна Украіны, заявіў прэзідэнт ЗША Барак Абама.

«Мы дакладна ведаем, што самалёт быў збіты ракетай «зямля-паветра», выпушчанай з кантраляванай сепаратыстамі тэрыторыі», - сказаў ён на прэс-канферэнцыі, паведамляе Інтэрфакс.

Са слоў прэзідэнта, яшчэ заўчасна казаць аб тым, ці была ракета выпушчаная наўмысна ці выпадкова.

Абама адзначыў, што не хацеў бы спяшацца з высновамі адносна малайзійскага самалёта, пакуль не будзе праведзена расследаванне, аднак, згодна з ягонымі словамі, «тэрарысты не маглі б збіць не толькі пасажырскі самалёт, але і ўкраінскі вайсковы самалёт, калі б яны не атрымлівалі ўзбраення з Расеі», - сказаў прэзідэнт ЗША.

На думку Абамы, тое, што адбываецца на Данбасе, не адбывалася б без падтрымкі Расеі.

«Калі б спадар Пуцін не дазваляў сепаратыстам свабодна перасякаць расейска-ўкраінскую мяжу, сепаратысты пачалі б перамовы», - сказаў Абама. На думку амерыканскага прэзідэнта, Уладзімір Пуцін павінен прыняць стратэгічную пастанову, ці будзе ён падтрымліваць тэрарыстаў надалей.

Таксама Абама заявіў, што ЗША ўзмоцняць санкцыі супраць Расейскай Федэрацыі, калі яна не перастане падтрымліваць сепаратыстаў на ўсходзе Украіны. «Калі Расея будзе падтрымліваць сепаратыстаў, то ў нас ёсць магчымасць узмацніць санкцыі і іншыя рычагі ўплыву. Не для таго, каб нанесці шкоду Расеі, а каб падтрымліваць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны», - сказаў Абама.

У сваім выступе прэзідэнт ЗША адзначыў, што спецыялісты Федэральнага бюро расследаванняў ЗША ўжо на шляху да месца падзення малайзійскага лайнера ў Данбасе.

Пра тое, што лайнер быў збіты ракетай, заявіла і сталая прадстаўніца ЗША пры ААН Саманта Паўэр.

Падчас экстраннага пасяджэння Рады бяспекі ААН, дзе абмяркоўваецца сітуацыя ў сувязі з падзеннем малайзійскага лайнера, яна сказала:

«Згодна з сабранымі доказам, якія маюцца на гэты момант, самалёт быў збіты ракетай «зямля-паветра» з тэрыторыі ўсходняй Украіны», - заявіла яна.

Прадстаўніца ЗША ў ААН таксама распавяла, што, паводле наяўных звестак, лайнер ішоў паводле ўсталяваных калідорах для камерцыйных перавозак і пацярпеў катастрофу на вышыні блізу 33 тыс футаў (пад 10 тыс м), паведамляе РБК.

Яна ўсклала адказнасць за збіты лайнер на баявікоў. Яна распавяла, што, паводле яе звестак, незадоўга да авіякатастрофы недалёка ад яе месца былі заўважаныя апалчэнцы з сістэмай SA-11. Пауэр таксама нагадала, як баевікі «хваліліся ў сацмедыа, што збілі самалёт, але потым гэтыя запісы зніклі».

«Праз тэхнічныя складанасці SA-11 малаверагодна, што сепаратысты маглі эфектыўна кіраваць сістэмай без дапамогі добра дасведчанага персаналу. Такім чынам, мы не можам выключыць, што тэхнічная дапамога была з боку расейскіх спецыялістаў», - заявіла Пауэр.

Пастаянны прадстаўнік ЗША ў ААН заклікала да «неадкладнага спынення баявых дзеянняў, каб даць доступ следчым да месца трагедыі». Яна таксама заявіла, што Расея павінна спыніць дээскалацыю канфлікту на Украіне і падтрымаць мірныя перамовы.

«Расея павінна пакласці канец гэтай вайне. І яна можа гэта зрабіць», - сказала Пауэр.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках