28 красавiка 2024, Нядзеля, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошты на ягады на «Камароўцы»: чарніцы - 50 тысяч, буякі - 100 тысяч

10
Кошты на ягады на «Камароўцы»: чарніцы - 50 тысяч, буякі - 100 тысяч

Што і пачым зараз прадаюць на фруктовым рынку?

Журналісты «Камсамольскай праўды ў Беларусі» адправіліся на галоўны «склад» гародніны, садавіны і ягад - на Камароўку. Цяпер павінны прадаваць чарніцы, буякі, вішню, маліну. Але выбар на рынку захаплення не выклікае: ці то дзень няўдалы, ці то ягад мала?

Вось вішня па 25 - 33 тысячы за кіло, прама з лісцем і галінкамі. За 32 - 35 тысяч прадаюць вычышчаную. Мяркуючы з подпісаў, яе прывезлі з Малдовы і Крыма, а яшчэ - з Магілёўскай, Менскай і Гарадзенскай абласцей Беларусі. Праўда, выглядае вішня аднолькава, так што адрозніць малдаўскую ад беларускай складана. Нямала і чарэшні з Малдовы, Узбекістана і Крыма.

Роднай чарніцы на рынку хапае. За кілаграм просяць 46 - 50 тысяч рублёў. Ягады, як запэўніваюць, з Менскай і Берасцейскай абласцей.

- Наша чарніца з-пад Іванава. Ураджай у гэтым годзе такі ж, як у мінулым. Кошты цяпер вагаюцца ад 40 да 50 тысяч рублёў, - паціскае плячыма прадавец.

- Мала ў гэтым годзе чарніцы, ды і буякоў, маліны і вішні - таксама. Усё праз травеньскія замаразкі, калі мінус пяць было. Цяпер ягада хутка спее і адыходзіць. А раней тая ж маліна не менш трох тыдняў на рынку была! - распавядае Валянціна з Асіповіч.

Паўлітровая шклянка буякоў каштуе 40 тысяч рублёў. У іншых месцах яна па 100 - 140 тысяч рублёў, але за кілаграм. Танней за ўсё чорная парэчка - 25 тысяч рублёў за кіло.

Выснова: ягад і праўда мала. Маліны практычна няма, вось і просяць 30 тысяч рублёў за шклянку. Праўда, са жніўня пойдуць іншыя гатункі - рэмантантныя, якія даюць плады і на першы, і на другі год. Можа, яе будзе пабольш...

А што ж цяпер нарыхтоўваюць?

- У нас дома дрэнны ўраджай чорнай парэчкі праз непагадзь, да гэтага часу спее, таму і прыйшла сюды. І маліна не вельмі, з чарнатой, гэта праз холад, і занадта шмат вільгаці для ягад, - скардзіцца хатняя гаспадыня Галіна. - Мы закупляемся чарніцамі. Замарозім цэлыя, і перацёртыя з цукрам. Але адчуваю, што прыйдзецца мне яшчэ і маразільнік купляць - ужо ўсё не залазіць! У лядоўні ўсяго тры скрыні для замарозкі, а трэба было б яшчэ штукі чатыры, не менш. Парэчку, напэўна, праз сокавыціскалку і закатаем, ды і замарозім таксама. Вішня не вырасла праз халады, таксама купілі, будзем варэнне варыць.

Праз травеньскія замаразкі ўраджай ягад сёлета невялікі, таму і выбар на рынку захаплення не выклікае, і кошты да гэтага часу высокія.

Чаму ягад мала?

- Пакуль складана казаць аб тым, які ўраджай ягад. Парэчка добра ўрадзіла, а вось маліны менш чым звычайна. Паўплывала засуха, якая супала з часам завязі. Маліне патрэбны добры паліў у гэты час. Ажыны таксама будзе мала праз травеньскія замаразкі, - кажа Людміла Лёгкая, загадчыца лабараторыі генетычных рэсурсаў аддзела ягадных культур Інстытута пладаводства, кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Колькі ў гэтым годзе будзе садавіны?

- У асноўным у садоўнікаў-аматараў сустракаюцца гатункі 50 - 80-х, якія адрозніваюцца перыядычнасцю плоданашэння. Год расліна збірае рэчывы і аднаўляецца, а на іншы дае вялікі ўраджай. Зараз ёсць гатункі, якія штогод даюць шмат садавіны. Дрэва трэба кожны год абрэзаць, каб пладоў вырасла больш. Але іх не будзе так шмат, як у багаты год.

Прагназаваць ўраджай пакуль складана. У Менскім раёне ўраджай яблыкаў і груш чакаецца на сярэднім узроўні. Слівы і алычы шмат не вырасце праз замаразкі. Праз холад мала вішань, чарэшня пладаносіць на ўзроўні ніжэй сярэдняга, - распавёў Віталь Васеха, намеснік загадчыка аддзела селекцыі пладовых культур Інстытута пладаводства, кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Што? Дзе? Пачым?

Вішня - 28 - 30 тысяч рублёў.

Чарніца - 48 - 50 тысяч рублёў.

Буякі - 100 тысяч рублёў.

Парэчка - 25 - 28 тысяч рублёў.

Чарэшня - 45 тысяч рублёў.

Нектарыны - 25 - 35 тысяч рублёў.

Персікі - 20 - 30 тысяч рублёў.

Абрыкосы - 18 - 25 тысяч рублёў.

Агуркі - 15 тысяч рублёў.

Памідоры - 15 - 25 тысяч.

Цукар - 8400 рублёў.

Маразільнік «Атлант» - 3,7 - 4,2 млн. рублёў.

Накрыўка пад машынку для закаткі - 700 рублёў, для закручвання - 1300 рублёў.

Банка шкляная 1 літр - 4500 рублёў, 3 літры -7500 рублёў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках