26 красавiка 2024, Пятніца, 11:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць фактаў пра звольненага міністра фінансаў

4
Пяць фактаў пра звольненага міністра фінансаў

Міністр фінансаў Андрэй Харкавец адпраўлены ў адстаўку. Чым ён не дагадзіў Лукашэнку?

Размовы пра адстаўку Харкаўца актыўна цыркулявалі апошнія пару месяцаў, піша «Наша Нiва».

На лячэнні

І прычынай размоў быў не кепскі стан нашай эканомікі і фінансаў, а стан здароўя міністра. Апошнія паўгода Харкавец не з'яўляўся ў стужках навінаў, не ўдзельнічаў ён у калегіі міністэрства. Не ўключылі яго і ў склад Рады бяспекі, хоць міністр фінансаў там заўсёды прысутнічаў. З непацверджанай інфармацыі, Харкавец цяпер знаходзіцца на лячэнні ў адной з краін Еўразвязу. Характэрна, што і папярэднік Харкаўца Мікалай Корбут сышоў з пасады з прычыны стану здароўя, яго разбіў інсульт.

30 гадоў у міністэрстве фінансаў

Біяграфія Андрэя Харкаўца не надта багатая фактамі. Нарадзіўся ў 1963-м у Менску. Скончыў наргас у 1985-м. З гэтага ж года прыняты на працу ў Міністэрства фінансаў. Так нязменна і прапрацаваў дагэтуль. Таксама ў 2006-м атрымаў дадатковы дыплом з Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. У той год таксама выпускаліся міністр падаткаў і збораў Уладзімір Палуян і былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Іваноў.

Шлях замежных запазычанняў

Часцей навіны пра Харкаўца з'яўляліся наступныя: «Увайшоў у склад беларускай дэлегацыі, якая адправілася...» А горад можна было падбіраць - Маскву, Лондан, Вашынгтон або Токіо. Крэдыты Беларусь атрымлівала, але наўрад ці гэта прыносіла абсалютна жаданыя вынікі. За час працы Харкаўца на пасадзе міністра фінансаў замежная дзяржаўная запазычанасць краіны павялічылася ў 3,3 разы. На пачатак 2009 года яна складала 3,7 мільярда даляраў, на пачатак 2014 - ужо 12,4 мільярда даляраў.

Надзел у Веснінцы

Міністр фінансаў Харкавец збіраецца або збіраўся пабудаваць жыллё ў «новых Драздах» - менскім раёне Веснінка. Надзел зямлі каштуе там 300-400 тысяч даляраў, але чыноўнікі атрымалі зямлю ў падарунак ад Менгарвыканкама. Праўда, маёнтак Харкавец пакуль не пабудаваў.

Падзяка і няміласць Лукашэнкі

У мінулым годзе Лукашэнка выказаў Харкаўцу падзяку за «плённую працу і асабісты ўнёсак у правядзенне эфектыўнай бюджэтна-падатковай палітыкі». Цікава, што ў той жа год у сакавіку Лукашэнка палохаў Харкаўца турмой. У час сустрэчы са старшынём КДК Аляксандрам Якабсонам гаворка зайшла аб праблеме «Беларуськалія». Якабсон праінфармаваў, што дырэктарка «Беларускага народнага страхавога пенсійнага фонду», якая атрымлівала вялікія сродкі з «Беларуськалія» на добраахвотнае страхаванне дадатковай пенсіі, разам з мужам мела за год 3 мільярды прыбытку. Лукашэнка запатрабаваў, каб страхаваннем займаліся дзяржаўныя ўстановы. «Тры мільярды! Адкуль гэтыя грошы? Яны што, калійныя ўгнаенні вырабляюць і прадаюць? Не. І бездапаможны Мінфін!» - абураўся Лукашэнка. «Да канца сакавіка ўсе пытанні развязаць. Не развяжаце, Кірыенку ў турму. А наўздагон - міністра», - даручыў Лукашэнка старшыні КДК. Але ў турму ніхто не сеў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках