3 траўня 2024, Пятніца, 7:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З рэчыцкага клуба звольніліся ўсе футбалісты

9
З рэчыцкага клуба звольніліся ўсе футбалісты

Галоўны трэнер «Рэчыцы-2014» Аляксандр Бразевіч у звароце да заўзятараў распавядае аб сітуацыі, у якой знаходзіцца футбольны клуб.

Тэкст звароту падае сайт «Трыбуна»:

«Футбольны клуб «Рэчыца-2014 »знаходзіцца ў вельмі цяжкай сітуацыі. Каманда не мае права атрымліваць дзяржаўную падтрымку, бо Міністэрства спорту адмаўляецца падпісваць наш план развіцця. Такім чынам, усё першае кола клуб жыў толькі на ўласна заробленыя сродкі.

Міністэрства спорту аднойчы даслала нам ліст з адмовай. На іх думку, прычынай для адмовы з'яўлялася тое, што «Рэчыца 2014» - гэта не новы клуб. Там было сказана, што гульцы і ўвесь пэрсанал «Ведрыча-97» проста заявіліся пад новай назвай. А паколькі «Ведрыч-97» летась не зарабіў 20% ад уласнага бюджэту, г.зн. не выканаў Указ Прэзідэнта № 191, у дзяржаўнай падтрымцы на наступны сэзон яму адмоўлена.

Я ж заяўляю, што футбольны клуб «Рэчыца 2014» - новая юрыдычная асоба, зарэгістраваная ў пачатку гэтага года. Усе гульцы, увесь пэрсанал перад стартам сэзона падпісвалі кантракты менавіта з КСУП «Рэчыца-2014».

У тым, што «Рэчыца 2014» цяпер выступае ў першай лізе чэмпіянату Беларусі ў футболе, няма нічога супрацьзаконнага. Проста клуб знайшоў выйсце з сітуацыі там, дзе не знайшлі іншыя.

На гэты момант сітуацыя такая, што на стале ў дырэктара ляжаць заявы на звальненне ад усіх футбалістаў каманды. Гульцы адмовіліся трэнавацца. Цалкам імаверна, што хлопцы адмовяцца ехаць на матч 1/16 Кубка Беларусі супраць «Граніту».

На гэтым тыдні Міністэрства спорту павінна прызначыць дату пасяджэння, на якім будуць выслуханыя прадстаўнікі нашага клуба. Я вельмі спадзяюся, што здаровы сэнс пераможа, і план будзе падпісаны. Бо, па-першае: задача Міністэрства спорту - развіваць спорт, і будзе незразумела, калі яны зробяць насуперак сваім мэтам.

Па-другое: прычын для адмовы ў Міністэрства няма. Наш клуб абсалютна сумленны перад законам.

Па-трэцяе: «Рэчыца 2014» магла пайсці на прынцып, удзельнічаць у чэмпіянаце без дзяржаўнай падтрымкі, але не заяўляць моладзевыя каманды розных узростаў на ліцэнзаванне. Але мы на гэта не пайшлі, бо клапоцімся аб нашай моладзі. Верым, што з гэтых хлопцаў вырастуць вельмі моцныя футбалісты, якія дапамогуць не толькі рэчыцкай камандзе, але і беларускаму футболу. І мы не проста заявілі юнацкія каманды. На далёкія выезды яны адпраўляюцца з начлегам, а не ў дзень гульні. Клуб даў юніёрам гульнявую форму. Чаму Міністэрства спорту не ўлічвае гэта?

Па-чацвёртае: ужо за першую палову гэтага сэзона наш клуб зарабіў блізу двух мільярдаў рублёў. Гэтыя сродкі былі здабытыя за кошт рэкламы і гаспадарчай дзейнасці. Хочацца адзначыць, што менавіта гаспадарчай дзейнасцю клуб ужо зарабіў больш, чым «Ведрыч-97» за ўвесь мінулы год. У тым лісце ад Міністэрства была прыкладна такая цытата: «Паколькі ў «Рэчыцу 2014» перайшоў увесь пэрсанал з «Ведрыча-97», горад застаўся ранейшым, то наўрад яны навучацца зарабляць». Сутнасць указа ў тым, каб навучыць клубы зарабляць, а не пакiнуць у Беларусі 10 футбольных камандаў. Дык няўжо мы не навучыліся? Думаю, цяпер нас можна нават паставіць у прыклад.

Грунтуючыся на вышэйпералічаных пунктаў, спадзяюся, што план развіцця ўсё-такі будзе падпісаны. Але калі Міністэрства зноў адмовіць, то павінен быць план «Б». Гэтым планам я бачу дапамогу з боку мясцовых улад. Падам прыклад: «Смаргонь» трымаецца збольшага за кошт дапамогі мясцовых прадпрыемстваў. Гэта пры тым, што горад і насельніцтвам, і колькасцю прамысловых прадпрыемстваў саступае Рэчыцы. Няўжо мы горшыя? Няўжо ў Рэчыцы не знойдуцца грошы для выратавання адзінага спартыўнага клуба ў месце?

Калі да канца тыдня не будзе ніякіх зрухаў, усе футбалісты сыдуць. Я проста не здолею іх утрымаць. Бо калі я цяпер паабяцаю, што ўсё будзе добра, а праз два тыдні і Міністэрства, і гарадскія ўлады адмовяць у дапамозе, як мне глядзець у вочы дзецям?» - заявіў Бразевіч.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках