3 траўня 2024, Пятніца, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Капскі: Цудоўна, што хлопцы далі рады

4
Анатоль Капскі: Цудоўна, што хлопцы далі рады

Старшыня ўправы БАТЭ Анатоль Капскі пахваліў каманду за ўчорашні матч.

У выніку нічыёй (1:1) у матчы ў адказ 2-га кваліфікацыйнага кола Лігі чэмпіёнаў старшыня ўправы БАТЭ Анатоль Капскі пахваліў каманду, паведамляе афіцыйны сайт барысаўскага клуба.

- Галоўны вынік кожнага такога матчу - выкананне пастаўленай задачы. Яна выкананая. Бар'ер, які, як пракляты, сядзеў камяком у горле з мінулага года і не даваў дыхаць, мы пераадолелі. Увесь гэты час каманда знаходзілася пад вялікім ціскам, у тым ліку маім, а таксама пад прэсам з боку заўзятараў і грамадскасці. Цудоўна, што хлопцы далі рады.

- Пасля першага матчу з розных бакоў даносілася бурчанне: ну пройдзе БАТЭ "Скендэрбэу" сяк-так, а што далей з такой гульнёй?

- Адна рэч, калі кажуць "спецыялісты" ад футбола. Іншая рэч, калі прэтэнзіі выказваюць нашы заўзятары, якія ўважаюць сябе за адданых. Калі хтосьці аналізуе нашы матчы ў гэтым сэзоне, ён павінен улічваць кадравую сітуацыю ў клубе. Апошнім часам праз праблемы са здароўем гульні прапускалі па пяць-шэсць чалавек асноўнага складу. Для нас гэта вялікая праблема. Мы спрабавалі гэта аналізаваць, думалі, што змяніць у трэнінгавым працэсе, у працы медыцынскага штаба. Давялося нават раіцца з вядомымі трэнерамі, якія працуюць у наймацнейшых лігах, у той жа расейскай прэм'ер-лізе. Часцей за ўсё адказ на нашае пытанне быў адзін: нават нязначныя змены ў размінанні, дазаванні націску ды іншых аспэктах могуць уплываць на колькасць і чашчыню ўзнікнення траўмаў. Перад стартам Лігі чэмпіёнаў праблема здароўя вялікай групы нашых футбалістаў мела месца.

Другое: нашы заўзятары павінны памятаць, што нават у найлепшыя гады ў групу Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы мы прабіваліся потым і крывёй. Ніколі нам гэта не давалася лёгка. Цяжкасці ўзнікалі са стартавых колаў. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. У нас агаліліся праблемы ў гульнях з "Вэнтспілсам". Або возьмем спаборніцтва з "Экранасам". У матчы ў адказ, які праводзілі дома, больш за тайм мы вымушаныя былі гуляць удзесяцёх. Але мы пераадолелі літоўскі бар'ер. А матч з "Вардарам" у Барысаве? Тады мы на згоне адквіталіся і здабылі перамогу. Больш за тое, я ўжо і не памятаю, калі мы першы матч гулялі ў гасцях. Зазвычай пачыналі дома. У большасці выпадкаў у гэтых першых матчах мы альбо з цяжкасцю перамагалі, альбо сканчалі іх выніковымі нічыімі, а то й саступалі. Тыдзень таму ў родных сценах мы згулялі 0:0. У нас былі моманты, але мы іх не выкарыстоўвалі. Прызнацца, не бачу вялікай розніцы ў ліку для першага хатняга матчу - 1:0 або 0:0. І ўважаю нулявую нічыю за прымальны вынік у гэтай сітуацыі.

Што да гульні ў адказ са "Скендэрбэу", то яна ў нас не ручылася. Мы забілі гол, мелі яшчэ некалькі выдатных момантаў. Але недарэчны гол у нашу браму зрабіў шокавае ўздзеянне на некаторых нашых гульцоў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках