27 красавiка 2024, Субота, 7:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Навумчык: Лукашэнка ўжо не менш як 15 гадоў не прэзідэнт

17
Сяргей Навумчык: Лукашэнка ўжо не менш як 15 гадоў не прэзідэнт

Перамовы паміж Украінай і Расеяй у Менску - бессэнсоўная задума.

Пра гэта заявіў рэдактар беларускай службы «Радыё Свабода», былы дэпутат Вярхоўнай Рады Беларусі Сяргей Навумчык, каментуючы сайту charter97.org ідэю прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі зрабіць Беларусь перамоўнай пляцоўкай дзеля развязвання крызісу.

- Як вы ацэньваеце гэтую «міратворчую» місію беларускага дыктатара?

- Лукашэнка вось ужо 20 гадоў выконвае тое, што яму кажа Масква. Тут не павінна быць ніякіх ілюзій: ён ніколі не з'яўляўся і сёння не з'яўляецца самастойнай фігурай. Крэмль трымае Беларусь у якасці плацдарма для гандлю, напрыклад, зброяй.

Я абсалютна выключаю магчымасць таго, што Лукашэнка згуляе нейкую станоўчую ролю ў нечым, у тым ліку і ў геапалітычнай сферы. Гэта чалавек, які не менш як 15 гадоў не можа ўважацца за прэзідэнта. Ён ужо праз год свайго кіравання ўчыніў дзяржаўны пераварот, і яму няма месца за сталом перамоваў у якасці гаспадара перамоўнай пляцоўкі.

- Якая ягоная канкрэтная выгада ў гэтай сітуацыі?

- Лукашэнка яшчэ больш умацуе сваю ўладу і знойдзе дадатковыя дывідэнды ў Еўразвязе ці ў Расеі. На жаль, зараз мы назіраем палітыку прымірэння з боку ЕЗ. Раскручваецца сітуацыя, вельмі падобная на 2010 год - так званая лібералізацыя. Усе мы памятаем, чым гэта скончылася: разгонам Плошчы і арыштам сотняў людзей. Што б Лукашэнка не меў, народу Беларусі нічога добрага не дастанецца.

Мы часта чуем, што Расея эканамічна ўтрымлівае Беларусь. З аднаго боку, гэта так. Але з іншага, Беларусь - гэта вельмі важная вайсковая пляцоўка для Расеі. І гэта яшчэ вялікае пытанне, колькі б каштавала Расеі размяшчэнне вайсковых баз і сістэм СПА. Гэта смела можа перакрываць суму так званай нафтавай і газавай дапамогі.

Усё тое, што Лукашэнка атрымлівае ад Расеі, ідзе толькі на ўмацаванне ягонай ўлады. Ён непакоіцца толькі за сябе. Яго наяўнасць у гэтым крэсле, права на якое ён ужо даўным-даўно страціў, цалкам супярэчыць інтарэсам беларускага народа як народа еўрапейскага.

- Ці не можа гэта азначаць, што Лукашэнка спрабуе знайсці грошы на рэпрэсіўны апарат для наступных «выбараў»?

- Так, вы маеце рацыю. У гэтым сэнсе Беларусь з'яўляецца terra incognita. Ніхто не ведае, які ў нас рэальны бюджэт, у тым ліку, бюджэт спецслужбаў, асабістай аховы Лукашэнкі і нават які бюджэт Міністэрства абароны, не кажучы ўжо пра тое, што такое прэзідэнцкі фонд і гэтак далей.

І дапамогу з боку Расеі, і дапамогу з боку Захаду ён выкарыстоўвае на ўмацаванне спецслужбаў. Гэта ягоны прыярытэт.

У Шушкевіча было пяць целаахоўнікаў, а ў Лукашэнкі - блізу 3 тыс. Ён укладвае сродкі ва ўсё, што звязана з ягонай фізічнай аховай: у целаахоўнікаў, рэзідэнцыі, самалёты, гелікоптэры і гэтак далей. Нешта перападае ягонаму бліжэйшаму атачэнню, і толькі потым - народу.

- Ці прынясуць гэтыя перамовы ў Менску які-небудзь вынік?

- Я цалкам выключаю верагоднасць таго, што Пуцін можа спыніцца. Часам ствараецца ўражанне, што ён проста не аддае сабе справаздачы ў тым, што робіць. Усе дыпламатычныя спосабы ўрэгулявання канфлікту вычарпаныя. Застаецца толькі мова санкцый і вайсковых дзеянняў.

У дадзеным выпадку Менск - проста пляцоўка для працэсаў, на якія ён не мае ніякага ўплыву. А гэтая яго міратворчая функцыя - проста каб пацешыць уласнае самалюбства і не больш.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках