4 траўня 2024, Субота, 17:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Васіль Парфянкоў адмовіўся працаваць на турэмнікаў

2
Васіль Парфянкоў адмовіўся працаваць на турэмнікаў

Палітвязня пакаралі карцэрам на 5 дзён за адмову выйсці на «добраахвотныя працы».

Зняволены турмы ў Горках Васіль Парфянкоў адбыў чарговыя 5 дзён арышту ў следчым ізалятары. Пра гэта палітвязень паведаміў актывістцы Вользе Нікалайчык, з якой рэгулярна лістуецца, і растлумачыў прычыну пакарання.

«Выклікалі да начальства, і начальнік кажа, каб падпісваў паперы на «добраахвотную працу», хопіць, маўляў, не падпарадкоўвацца. На што Васіль адказаў, што сядзіць ні за што, не падпісваў і не падпіша ніякія паперы, і «можаце да мяне не звяртацца, працаваць на вас не буду». Тады начальнік турмы спытаў: «Ці доўга вытрымаеш?» На гэта Васіль адказаў: «На ваш век хопіць» і атрымаў яшчэ 5 дзён карцэра», - распавяла Нікалайчык «Радыё Свабода».

Парфянкоў таксама напісаў, што шмат чытае, слухае радыё, а вось тэлевізара ў яго камеры няма. Палітвязню забаронена атрымліваць газеты праз падпіску, але яму дасылаюць свае выданні рэдакцыі незалежных газет. Надоечы Васіль Парфянкоў атрымаў лісты салідарнасці з Літвы і Швецыі, чаму быў вельмі рады, паведамляе Вольга Нікалайчык. Пры гэтым актывістка расчараваная тым, што Васілю мала пішуць з Беларусі:

«Будзем пачынаць кампанію салідарнасці «Напішы Парфянкову». Гэта недапушчальна, што нават сябры забыліся пра Васіля і мала яго падтрымліваюць. Мы не павінны кідаць у бядзе такіх людзей, як Васіль Парфянкоў».

Са слоў Вольгі Нікалайчык, палітвязню ў горацкую турму можна таксама высылаць кнігі: «Ён цікавіцца кнігамі аб падарожжах, аўтамабілях, сучаснымі дэтэктывамі».

Васіль Парфянкоў адбывае год зняволення ў турме за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду, які быў усталяваны за ім пасля асуджэння за падзеі 19 снежня 2010 года. Праваабаронцы ў Беларусі мяркуюць, што Парфянкова пераследуюць за ягоную палітычную актыўнасць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках