27 красавiка 2024, Субота, 10:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейскія СМІ: Трыванне Захаду вычэрпваецца

7
Еўрапейскія СМІ: Трыванне Захаду вычэрпваецца

Еўрапейскія аналітыкі мяркуюць, што Захад адкажа на дзеянні Расеі на ўсходзе Украіны.

Заходнія газеты інфармуюць аб новай тэлефоннай размове позна ў чацвер паміж канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам, у якім два лідэры абмеркавалі далейшае ўзмацненне ціску на эканоміку Расеі для дээскалацыі крызісу ва Украіне.

Удзельнікі перамоваў канстатавалі, што ўкраінская ўлада адчувае моцны супраціў прарасейскіх сепаратыстаў пасля адноўленага 10-дзённага замірэння антытэрарыстычнай аперацыі, бо «баевікі ўвесь час атрымліваюць зброю і ўзмацняюцца людзьмі з боку Расеі».

Трыванне Захаду вычэрпваецца, рэзюмуюць у прэсе наступствы перамоваў Абамы з Мэркель. Аглядальнікі таксама канстатуюць, што «Расея ўжо фактычна ўварвалася ва ўсходнюю Украіну і цяпер адказ за Захадам», але некаторыя краіны накшталт Францыі, Італіі і бізнэсоўцаў Нямеччыны катэгарычна супраць санкцый у дачыненні да Расеі, аналізуе еўрапейскую прэсу «Українська правда».

Еўрапейскае выданне The Wall Street Journal паведамляе аб тэлефонных перамовах у чацвер паміж канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам, у якой абодва лідэры дамовіліся, што «правядуць супольныя ўзважаныя захады, каб накласці новыя санкцыі на Расею, калі тая не зробіць крокаў да дээскалацыі на ўсходзе Украіны бліжэйшымі днямі».

Тут таксама адзначана, што трыванне Захаду што да пазіцыі Расеі ва Украіне сканчаецца, бо прарасейскія сепаратысты Данбаса супрацьстаяць украінскім сілам, выкарыстоўваючы пры гэтым «падтрымку зброяй і чалавечымі рэсурсамі з Расеі».

Лонданскі Economist канстатуе, што «Расея ўжо фактычна ўварвалася на ўсход Украіны і цяпер справа за адказам з боку Захаду». Выданне падае пункт гледжання ўплывовых вайсковых экспэртаў накшталт Натана Дубавіцкага, якія адзначаюць, што на Данбасе Расея працягнула, распачатую яшчэ ў Крыме, так званую «нелінейную вайну» (ускосную вайну), калі асобныя гарады і рэгіёны фармуюць часовыя ўзброеныя кааліцыі, якія расколваюцца, перафармоўваюцца і далей вядуць барацьбу з Кіевам пры падтрымцы зброяй і людзьмі з Расеі.

Кожная групоўка сепаратыстаў мае свае мэты, якія могуць мяняцца з перадыслакацыяй гэтых груповак. Гэта элементы новай вайны, паводле такіх сцэнароў, на думку вайсковых экспэртаў, дзяржавы будуць ваяваць паміж сабой у найбліжэйшай будучыні, калі ўжо не ваююць. Цяпер украінскае войска, якое не было гатовае да такога, вымушанае перабудоўвацца падчас баёў, а сепаратысты Данбаса ажыццяўляюць сцэнар, які распрацавалі людзі накшталт Уладзіслава Суркова, які доўгі час быў асабістым дарадцам Пуціна.

Экспэрты таксама мяркуюць, што з цягам часу ўкраінскае войска ўсё ж зможа паралізаваць супраціў сепаратыстаў на ўсходзе дзяржавы і таму многае залежыць ад таго, як далёка можа пайсці Пуцін у сваіх дзеяннях супраць незалежнай Украіны.

Некаторыя аналітыкі думаюць, што Расея павінна ўзмацніць падтрымку сепаратыстаў Данбаса пасля прэцэдэнту падтрымкі з боку ЗША паўстанцаў у Сірыі. Негатоўнасць Захаду да ўвядзення салідарных санкцый супраць Расеі служыць для Украіны дрэнным сігналам.

Лонданская Financial Times інфармуе, што нямецкі бізнэс вельмі трывожаць намеры Ангелы Мэркель падтрымаць пазіцыю ЗША што да трэцяга этапу санкцый супраць Расеі. Лідэры шэрагу нямецкіх кампаній заклікаюць сваю ўладу дасягаць дээскалацыі ва Украіне палітычнымі метадамі, паказваючы пры гэтым на тое, што, напрыклад, Францыя ды Італія катэгарычна супраць такіх дзеянняў у дачыненні да Расеі.

Польская Rzeczpospolita думае, што ўзгадненне ў Бэрліне ў пачатку тыдня дэкларацыі паміж Украінай, Нямеччынай, Францыяй і Расеяй што да магчымага замірэння і працягу перамоваў у Данецку выгаднае Расеі, якая спрабуе пазбегнуць санкцый Захаду, і сепаратыстам, якія тым часам умацоўваюць свае пазіцыі ў Данбасе. Газета адзначае, што нездарма Сяргей Лаўроў так доўга дзякаваў Франку-Вальтэру Штайнмаеру за ягоныя старанні падпісаць гэтую «агульную і расплывістую дэкларацыю».

Штайнмаер, на думку польскіх дыпламатаў, блакуе ўсялякія санкцыі супраць Расеі, тады як канцлерка Ангела Мэркель мае з гэтай нагоды крыху іншую пазіцыю.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках