27 красавiка 2024, Субота, 9:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Парыжы Алеся Бяляцкага прымалі ў мэрыі і МЗС Францыі

6
У Парыжы Алеся Бяляцкага прымалі ў мэрыі і МЗС Францыі

У Парыжы віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, які нядаўна вызваліўся з калоніі паводле амністыі, прымалі ў мэрыі і МЗС Францыі.

«Роўна тры гады прайшло з таго часу, як за месяц да затрымання Бяляцкі прыязджаў у Парыж. Усе наступныя гады сябры FIDH ва ўсіх краінах свету праводзілі акцыі і прыкладалі ўсе намаганні, каб дамагчыся ягонага вызвалення. На доўгачаканую сустрэчу сабраліся супрацоўнікі офіса FIDH, сябры праўлення , маладыя актывісты, перакладчыкі арганізацыі, усе тыя, хто браў актыўны ўдзел у лёсе нядаўняга палітвязня», - гаворыцца ў паведамленні ПЦ «Вясна».

5 ліпеня Алесь Бяляцкі атрымаў у мэрыі Парыжа дыплом ганаровага грамадзяніна горада. Гэта званне мэр Парыжа Бэртран Дэланоэ прысвоіў беларускаму праваабаронцу ў кастрычніку 2012 года і перад сваім сыходам з пасады ўручыў яго сыну Бяляцкага Адаму ў снежні 2013 года.

На цырымоніі ўручэння саветнік мэра Парыжа ў міжнародных адносінах Патрык Клюгман адзначыў ролю Бяляцкага і як кіраўніка незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Беларусі, і як віцэ-прэзідэнта FIDH. Ён нагадаў, што папярэдні мэр Парыжа Бэртран Дэланоэ напісаў ліст палітвязню ў калонію, а мэр 11-й акругі паводле пастановы Савета горада устанавіў партрэт праваабаронцы перад мэрыяй акругі, у якой знаходзіцца парыжскі офіс FIDH.

Бяляцкі падзякаваў мэрыі Парыжа, адзначыўшы, што падтрымка не толькі грэла яго, але і ўплывала на адміністрацыю калоніі, служыла яму збольшага ахоўнай граматай. Таксама ён нагадаў, што першым беларусам, які атрымаў званне Ганаровага грамадзяніна Парыжа, быў ураджэнец Гомеля Васіль Сярогін, які змагаўся разам з французскімі лётчыкамі ў дывізіі «Нармандыя-Нёман» на савецка-нямецкім фронце ў 1943-1945 гадах.

«Таксама як нашы бацькі разам змагаліся з фашызмам, мы разам будзем змагацца за захаванне правоў чалавека і пабудову дэмакратычнага грамадства», - сказаў Бяляцкі. Ён папрасіў мэрыю Парыжа і надалей падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі, якае прадаўжае актыўна абараняць правы чалавека.

Пасля цырымоніі ў мэрыі Бяляцкі быў прыняты паслом па правах чалавека МЗС Францыі Патрыцыанай Спарачіна-Тылей і прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў. На гэтай сустрэчы праваабаронца адзначыў, што ў Беларусі прадаўжаюць заставацца ў зняволенні сем палітычных вязняў, і заклікаў французскі МЗС да далейшых намаганняў дзеля іх хутчэйшага вызвалення.

У Парыжы Бяляцкі таксама пагутарыў з французскімі журналістамі, у прыватнасці з прадстаўнікамі штодзённых выданняў Le Monde, La Croix, Міжнароднага французскага радыё (RFI).

Архіўнае фота belapan.by

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках