26 красавiка 2024, Пятніца, 23:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск ідзе ў абыход санкцый Масквы

24
Менск ідзе ў абыход санкцый Масквы

Беларусь актыўна скупляе сыравіну ў краінах ЕЗ, каб «пракарміць» Расею.

Афіцыйны Менск развіў вірлівую замежнаэканамічную дзейнасць у святле перспектыў павелічэння паставак харчавання на расейскі рынак. Ужо ёсць дамоўленасці аб пастаўках сыравіны для перапрацоўкі з Польшчы, вядуцца перамовы з краінамі Балтыі, Сербіі. На чарзе Малдова. Улады запэўніваюць, што да кантрабанды справа не дойдзе, экспэрты ў гэтым сумняваюцца, хоць таксама бачаць мноства законных метадаў рээкспарту, піша «Незалежная газета».

Беларускія ўлады не саромеюцца прызнацца, што разлічваюць зарабіць на праблемах расейцаў. Першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Марыніч у сваім першым каментары параўнаў сітуацыю з кландайкам. «Трэба варушыцца, выкарыстаць гэты момант і зарабіць грошы», - даваў устаноўку Лукашэнка ў гутарцы з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Леанідам Зайцам. Са слоў апошняга, да канца года на пастаўках у Расею харчавання можна дадаткова зарабіць 2,1 млрд даляраў. Як паведамлялася, віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы пасля сустрэчы ў Маскве сцвярджаў, што Беларусь можа павялічыць пастаўкі прадуктаў харчавання ў Расею на 40-50% у залежнасці ад тыпаў прадукцыі, а бульбы і зусім удвая больш за леташні аб'ём.

Першапачаткова беларускія чыноўнікі сцвярджалі, што абыдуцца сваёй сыравінай, перапрацоўку якой павялічаць. Аднак затым Лукашэнка кіўнуў, што можна і дакупіць сыравіны, калі яе не стае, а затым і расейскія партнёры пацвердзілі, што гэта не з'яўляецца супрацьзаконным. «Калі гэтая прадукцыя перапрацоўваецца, пасля перапрацоўкі яна можа пастаўляцца ў Расейскую Федэрацыю. Калі яна не перапрацоўваецца, то яна павінна быць ужытая на тэрыторыі Беларусі», - растлумачыў сітуацыю кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт.

Адразу ж пасля гэтага афіцыйныя крыніцы паведамілі, што Леанід Заяц ужо сустрэўся са сваім польскім калегам Марэкам Савіцкім. Польскі міністр пад'ехаў да беларускага на сустрэчу, калі той быў у рабочай паездцы ў памежным Гарадзенскім раёне. Бакі дамовіліся аб тым, што ў Беларусі будзе перапрацоўвацца польская садавінна-гароднінная прадукцыя. Марэк Савіцкі запэўніў, што ў выпадку нястачы магутнасцяў для гэтага бізнэс суседняй краіны з задавальненнем інвестуе ў іх стварэнне. Бліжэйшым часам у Беларусь павінна прыехаць дэлегацыя з Польшчы, якая дэталёва абмяркуе перспектывы супрацоўніцтва ў новых умовах. Зразумела, афіцыйныя асобы не кажуць аб тым, што польскія яблыкі пасля пастаўкі ў Беларусь быццам бы на перапрацоўку ў мясцовых скрынях адправяцца ў Расею. Аднак тое, з якім энтузіязмам раптам афіцыйная прапаганда пачала раскручваць тэму поспехаў Беларусі ў пладаводстве, дало падставы экспэртам падазраваць, што так яно і будзе. Практычна немагчыма адрозніць польскі яблык ад беларускага, асабліва калі саджанцы ў свой час сапраўды былі набытыя ў польскіх садаводаў. Абывацелі жартуюць, што нават пра поспехі беларускіх аграрыяў у вырошчванні кавуноў і дынь сталі распавядаць не выпадкова. За імі рушаць услед апельсіны і мандарыны, з'едліва гавораць мясцовыя назіральнікі. У Інтэрнэце ўжо з’явіліся фота беларускіх крэветак.

Як вынікае са слоў беларускіх аграрных чыноўнікаў, больш за ўсё яны маюць намер павялічыць пастаўкі ў Расею сыру і каўбасных вырабаў. Экспэрты, аднак, аналізуючы нізкія аб'ёмы вытворчасці мяса і малака ў Беларусі, а таксама сур'ёзныя праблемы з забеспячэннем унутранага рынку свінінай праз афрыканскую чумы свіней, сцвярджаюць, што ўласнай сыравіны не выстарчыць нават у тым выпадку, калі будзе прынесены ў ахвяру ўнутраны рынак. Пацерпяць і простыя беларусы, для якіх вырастуць кошты ў сувязі з ростам попыту. «У нас няма велізарных лішкаў. У нас саміх не стае свініны, таму так выраслі кошты! І я баюся, што нашыя ўлады захочуць зарабіць і павялічыць экспарт, тым самым створаць дэфіцыт на ўнутраным рынку. Гэта можа пацягнуць за сабой рост коштаў», - кажа з гэтай нагоды экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Выхад з гэтай сітуацыі - закупка імпартнай сыравіны. Паводле інфармацыі крыніц, вядуцца перамовы аб пастаўках у Беларусь свініны з Сербіі. «Сербская гэта будзе свініна ці не, ніхто гарантаваць не можа», - разважаюць экспэрты. Беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў звяртае таксама ўвагу на тое, што Беларусь можа зарабляць на гэтым абсалютна шчыра, нават без пераклейванні этыкетак. «Мы можам прывезці свініну з-за мяжы, самі яе з'есці, а вырабленую ў Беларусі - адправіць у Расею», - кажа ён. Сумленна ці несумленна гэта, павінна вызначыць Расея, мяркуе ён і нагадвае, што аналагічная сітуацыя з трысняговым цукрам, які беларусы елі самі, а свой прадавалі ў Расею, экспартны апетыт беларусаў абмежавалі.

Літва ўжо апублікавала свае «сумныя» разлікі страт ад расейскіх санкцый. Гаворка ідзе пра суму, якая перасягае 70 млн еўра. Значная яе частка прыпадае на малочную прадукцыю. У сувязі з гэтым у экспэртным асяроддзі пагаворваюць аб тым, што Беларусь можа перакупіць ў суседкі «лішняе» малако і зрабіць з яго сыр для расейскага спажыўца. Такая ж схема, на думку экспэртаў, можа быць выкарыстаная і ў гандлі з іншай суседкай - Польшчай. СМІ паведамляюць аб падрыхтоўцы візіту Лукашэнкі ў Малдову. Гэта азначае, што праз нейкі час на расейскіх прылаўках з'явіцца прадукцыя і гэтай краіны.

«Тут неяк усё каламутна, цёмна і непразрыста», - разважае Леанід Злотнікаў. Асабліва напярэдадні стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, на тэрыторыі якога прадукцыя можа перамяшчацца без абмежаванняў. «Атрымліваецца нейкая блытаніна - хто і як з яе будзе выблытвацца, хто наловіць рыбкі ў мутнай вадзе, яшчэ невядома. Але магчымасці ствараюцца каласальныя!» - рэзюмуе Злотнікаў.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках