28 красавiка 2024, Нядзеля, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінцы, палякі і беларусы выйшлі на «парад вышыванак» у Варшаве

13

Акцыя салідарнасці з Украінай прайшла ў цэнтры польскай сталіцы.

Яна пачалася а 13:00 на Замкавай плошчы. Пасля гэтага шэсце прайшло па вуліцах Варшавы» і скончылася ля помніка Тарасу Шаўчэнку.

На пачатку акцыі арганізатары звярнуліся да прысутных. «У гэтым годзе Дзень Незалежнасці Украіны назаўжды ўвойдзе ў гісторыю, як незвычайнае свята. Гэта Дзень Незалежнасці, пасля якога вельмі хутка надыдзе перамога. Таму што па-іншаму і быць не можа. Таму што тыя, хто на небе, а там ужо не адна «нябесная сотня», не загінулі проста так. Яны загінулі за нашую свабоду. І мы, тыя, хто сёння жывыя, і тыя у каго б'ецца ўкраінскае сэрца, не маем іншага выбару. У нас ёсць толькі адная магчымасць - выбраць гэтую незалежнасць для сябе, для сваіх дзяцей і для тых, хто чакае яе на нябёсах. Таму ў гэтым годзе святкаванне Дня Незалежнасці мы хацелі б пачаць з хвіліны маўчання», - заявілі яны.

Арганізатары выказалі словы падзякі за падтрымку акцыі прадстаўнікам Беларусі, Грузіі, Літвы, Польшчы. Іх можна было пазнаць праз сцягі.

Перад удзельнікамі акцыі выступіў Віктар Рэка - герой Майдана, які быў паранены падчас баёў у цэнтры Кіева, і часова павераны ў справах Украіны ў Польшчы Уладзіслаў Канерскі.

«Дазвольце мне ад імя амбасады Украіны ў рэспубліцы Польшча павіншаваць вас з вялікім дзяржаўным святам - Днём Незалежнасці Украіны. Сёння Украіна перажывае вельмі складаны час. Час пераменаў. Для цывілізацыі - гэта імгненне. Для чалавечага вымярэння - гэта нараджэнне новага жыцця. Для Украіны - гэта каласальныя змены свядомасці і ментальнасці мільёнаў і мільёнаў грамадзян. Нас вельмі змянілі падзеі, якія адбыліся на Майдане ў Кіеве. Студэнцкая моладзь, якая выйшла з акцыямі пратэсту змяніла будучыню Украіны. Гэтая моладзь цяпер раскіданая ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Польшчы. Усе складанасці, якія за намі і якія перад намі мы прайшлі годна. Рэвалюцыя годнасці прайшла пад знакам праўды. Праўда і сёння з намі. А таму мы пераможам. Сёння мы моцныя духам, моцныя маральна.

Карыстаючыся магчымасцю, што мы знаходзімся ў цэнтры горада я хацеў бы звярнуцца не толькі да польскага ўраду, але да звычайных палякаў. Падчас «аранжавай рэвалюцыі», падчас падзей гэтага года мы бачылі ў Кіеве польскія сцягі і ведаем, што Польшча і ўвесь цывілізаваны свет нас падтрымлівае. Праўда з намі і значыць мы пераможам! Слава Украіне! Героям Слава!» - сказаў Уладзіслаў Канерскі.

Ад імя польскага Сэйма выступіў дэпутат Марцін Свянціцкі. «У Дзень Незалежнасці хачу зычыць Украіне, каб яна магла жыць так, як хоча, паводле свайго еўрапейскага выбару. Украінцы сваёй барацьбой, сваёй крывёю давялі, што яны вартыя быць еўрапейскай дзяржавай. Зычу, каб з Украіны сышла «імперыя зла». Слава Украіне! Слава будучыні Украіны!» - сказаў ён.

Мартин Свентицкий

Далей калона прайшла па вуліцах Варшавы. Падчас руху ўдзельнікі акцыі выконвалі ўкраінскія песні і выкрыквалі лозунгі. Не абышлося і без папулярнага гіта, прысвечанага Уладзіміру Пуціну. Людзі з вокнаў дамоў, з рухомых аўтамабіляў і аўтобусаў падтрымлівалі гукавымі сігналамі і маханнем рукамі.

Калона прайшла каля Міністэрства замежных спраў Польшчы, дзе арганізатары выказалі словы падзякі. Далей, каля будынку дыпмісіі Украіны, прысутныя прачыталі малітву і запалілі свечкі, тым самым ушанаваўшы памяць загінулых за незалежнасць краіны. Скончыўся шлях каля помніка Тарасу Шаўчэнку, дзе ўдзельнікі акцыі ўсклалі кветкі і выпусцілі ў неба 23 белыя галубы.

Карэспандэнт сайта charter97.org звярнуўся да аднаго з арганізатараў акцыі Наталлі Панчанкі, кіраўніцы «Еўрамайдану ў Варшаве».

- Якая была асноўная мэта акцыі?

- Сёння ў Дзень Незалежнасці Украіны, украінцы з усяго свету аб'ядноўваюцца. Украінцы ва ўсіх гарадах свету збіраюцца разам. У Варшаве мы наважылі не проста прайсціся, а зрабіць «парад вышыванак», каб, па-першае, паказаць усім нашую культуру, зрабіць яе бліжэйшай іншым людзям, а, па-другое, заклікаць увесь свет да міру.

- Сёння дрэннае надвор'е, але, нягледзячы на гэта, прыйшло вельмі шмат людзей. Ці апраўдаліся вашыя чаканні што да колькасці ўдзельнікаў?

- Чаканні перасягнулі сябе. Мы, калі шчыра, чакалі, што будзе некалькі сотняў людзей, але прыйшло некалькі тысяч. Мы такога не чакалі і самі, шчыра кажучы ў шоку. Я не ўяўляю, колькі дакладна - вы самі можаце ўбачыць. Мы вельмі радыя, што ўкраінцы сёння разам, што ўкраінцы ўсяго свету ў такі важны дзень аб'ядноўваюцца.

- Што б вы зычылі Украіне ў Дзень Незалежнасці?

- Маёй краіне я б зычыла міру. Бо калі будзе мір, то шчасце мы здабудзем самі.

Таксама карэспандэнт charter97.org звярнуўся па каментары да ўдзельнікаў акцыі.

«Сёння мы знаходзімся тут, каб узяць удзел у сусветным праекце «парадзе вышыванак», які скаардынаваны з іншымі краінамі і гарадамі. Мы хочам паказаць салідарнасць і тое што ў гэты дзень усе ўкраінцы разам. Мы падтрымліваем тых, хто ваюе на ўсходзе Украіны. У гэты важны для нас дзень, у гэты цяжкі час мы разам і мы не здамося. У гэты дзень у першую чаргу я б зычыў Украіне міру. Бо гэта менавіта тое, чаго нам цяпер не стае. Міру і спакою, для таго каб Украіна пачала сваё адраджэнне і каб стабілізавалася сітуацыя пасля таго, як змянілася ўлада. На жаль, наш усходні сусед не дае магчымасці нам аднавіцца пасля гэтых цяжкіх падзей Еўрамайдану. Я б хацеў, каб у нас была поўная незалежнасць, свабода і мір у нашым доме», - распавёў Андрэй Падгурскі з самаабароны Майдана, заснавальнік «Музея Майдану ў Варшаве».

«Я сам з Грузіі, Тбілісі, трэнер у боксе. А Грузія і Украіна стагоддзямі былі разам. Таму сёння я тут. Сённяшняя сітуацыя ва Украіне цалкам паўтарае сітуацыю ў Грузіі ў 2008 годзе. Расея паўтарае аналагічны сцэнар. І сёння хачу зычыць Украіне міру і спакою», - пракаментаваў свой удзел у акцыі мужчына пад грузінскім сцягам.

Фота: Іван Мяжуй|charter97.org

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках