3 траўня 2024, Пятніца, 21:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы стварылі настольную гульню, прысвечаную бітве пад Воршай

5

Да 500-годдзя бітвы пад Оршай арт-студыя «PRAS» стварыла эпічную настольную гульню, якая называецца «1514».

Гэта ўжо трэцяя настольная гульня, створаная беларусамі. Раней былі створаны гульня «Разам!», накіраваная на папулярызацыю беларускай мовы і гульня «Паўстанцы», якая расказвае пра паўстанне 1863 года, нагадвае «Радыё Свабода».

Гульня «1514» складаецца з гульнявога поля, шасці фігурак пяхоты, артылерыі і кавалерыі, 60 дапаможных картак з вайсковымі задачамі, кубіка для вызначэння руху. Прыкладаюцца правілы гульні.

Кожны элемент дызайну зроблены паводле гістарычных дакументаў: на гульнявым полі размешчаны старажытны аршанскі замак, тагачасныя паселішчы, млыны і вайсковыя палаткі.

«Нашы дызайнеры ўзялі Google-карту Крапівенскага поля і перамалявалі яе. А іншыя артэфакты - млыны, хаціны, вайсковыя палаткі - малявалі згодна з гістарычнымі крыніцамі», - кажа дырэктар арт-студыі Мікалай Тамашэвіч.

Карткі з заданнямі, якія трэба выконваць падчас гульні, дзеляцца на чорныя і чырвоныя. На чырвоных пазначаныя заданні, якія дапамагаюць гульцу, а на чорных - якія адсоўваюць яго ад перамогі. Усе заданні ўтрымліваюць у сабе інфармацыю, якая грунтуецца на рэальных падзеях, прадказаннях і асаблівасцях вайсковай справы сярэднявечча Усходняй Еўропы.

«Мы выкарыстоўвалі некаторыя тагачасныя прадказанні. Напрыклад, ёсць чорная картка з каметай, якая цягне за сабой падзенне баявога духу ў арміі. Або картка са статкам зуброў, які значыць, што войска спыняе бой і ідзе на паляванне», - кажа Мікалай Тамашэвіч.

Арт-студыя «PRAS» займаецца распрацоўкай сайтаў і мабільных прыкладанняў. Гульня «1514» была выпушчаная не ў камерцыйных мэтах:

«Гэта не бізнэс. Гульню мы зрабілі для сябе і для людзей, каб яны памяталі гісторыю Беларусі і, у прыватнасці, такую слаўную яе старонку, як бітва пад Воршай», - адзначыў дырэктар.

Настольная гульня прызначаная для людзей ад 6 гадоў, сярэдні час гульні - 45 хвілін, колькасць гульцоў - два, чатыры ці шэсць.

Прадаваць гульню пачнуць у пачатку верасня, а прэзентацыя пройдзе 8 верасня 2014 года ў кнігарні «Логвінаў», дзе настольную гульню можна будзе набыць і пасля.

8 верасня 1514 адбылася адна з найбольш важных ваенных перамог беларускім войскам: пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага армія ВКЛ разграміла ўтрая большае войска маскавітаў на рэчцы Крапіўне, што пад Воршай.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках