Жыхароў другіх паверхаў абавязалі плаціць за ліфт
31- 26.08.2014, 14:53
- 23,794
Плата за карыстанне ліфтам спаганяецца ў тым ліку і з жыхароў, якія пражываюць на другім паверсе.
Такое новаўвядзенне выявіла ў сваёй жыроўцы за ліпень менчанка Марыя, якая жыве на другім паверсе шматпавярховіка, але ніколі ў жыцці не карысталася ліфтам, піша onliner.by.
«Не ведаю чаму, але ў адзін з вечароў наважыла перагледзець квіткі на аплату за кватэру, што назбіраліся апошнім часам. І ў квітку за ліпень знайшла радок, якога ніколі не было раней, ды і ў прынцыпе быць не павінна - «карыстанне ліфтам», - распавяла дзяўчына. - Не паверыўшы сваім вачам, пайшла да суседкі на пляцоўцы - у яе тая ж самая гісторыя. Патэлефанавала ў ЖЭС - там адказалі, што ўсё паводле закону: новыя правілы абавязваюць збіраць «даніну» з жыхароў другога паверха. Прабачце, але хто, жывучы даслоўна над зямлёй, карыстаецца ліфтам?»
Высветлілася, што, сапраўды, у частцы 11 пастановы Саўміна №571 ад 12 чэрвеня 2014 года ўзаконеная «плата за паветра»:
«Плата за карыстанне ліфтам паводле субсідаваных тарыфаў для насельніцтва ўносіцца платнікамі жыллёва-камунальных паслуг, якія пражываюць на паверсе, на якім размешчаная другая прыпыначная пляцоўка ліфта, і вышэй зыходзячы з колькасці зарэгістраваных на месцы жыхарства грамадзян, за выняткам дзяцей да аднаго года», - гаворыцца ў пастанове.