4 траўня 2024, Субота, 13:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары вуліцы Васняцова пратэстуюць супраць «ушчыльнення»

5
Жыхары вуліцы Васняцова пратэстуюць супраць «ушчыльнення»

Жыхары вуліцы Васняцова Заводскага раёна Менска выступаюць супраць пабудовы 19-павярховага дома.

Пра гэта паведаміў БелаПАН чалец аргкамітэта для стварэння грамадзянскай ініцыятывы «Еўраперспектвва» Дзяніс Кобрусеў.

Паводле ягоных слоў, 27 жніўня адбылася прэзентацыя праекта ў рамках грамадскага абмеркавання «Горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вуліц Васняцова – Тухачэўскага - канал Сляпянскай воднай сістэмы». На сход у адміністрацыю Заводскага раёна прыйшло больш за 170 жыхароў раёна.

«Сам сход прайшоў вельмі вірліва. Жыхары былі негатыўна настроеныя да планаў забудоўніка «Атлант-М Буд» зацвердзіць будаўніцтва двух 19-павярховых жылых дамоў, будаўніцтва аднаго з якіх ужо знаходзіцца ў заканчальнай стадыі. Рэч у тым, што праект дэталёвага планавання на гэтую тэрыторыю ўжо распрацоўваўся ў 2007 годзе і прайшоў працэдуру грамадскага абмеркавання. Згодна з ім павінны былі быць пабудаваны два дзевяціпавярховыя жылыя дамы. Аднак ужо пры будаўніцтве першага будынка паверхавасць вырасла да 19 паверхаў, і новае грамадскае абмеркаванне на мэце толькі зацвердзіць змены, якія былі праведзеныя без належнай працэдуры карэктавання ПДП і грамадскага абмеркавання. З гэтым катэгарычна не згодныя мясцовыя жыхары», - сказаў Кобрусеў.

Паводле ягоных слоў, жыхары выступаюць таксама супраць праектаванай чатырохпалоснай аўтамабільнай дарогі, якая павінна прайсці па тэрыторыі ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны Сляпянскай воднай сістэмы, супраць канфіскацыі тэрыторыі з ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны Сляпянскай воднай сістэмы ў мэтах будаўніцтва парковачных месцаў для праектаванага 19-павярховага дома.

Жыхары прынцыпова супраць будаўніцтва высокапавярховага жылля ў экалагічным калідоры 1-га парадку, які дапускае для гэтай тэрыторыі толькі малапавярховую забудову, адзначыў Кобрусеў. Яны таксама, паводле ягоных слоў, супраць размяшчэння новых парковачных месцаў, калі праект прадугледжвае ліквідацыю ўжо існай стаянкі.

«І жыхары цалкам супраць зацвярджэння гэтага дэталёвага плана, бо ў аснову яго легла раней зацверджаная з парушэннямі праектная дакументацыя забудоўніка», - адзначыў актывіст.

На прэзентацыі праекта больш за 70 чалавек запісалі свае заўвагі супраць такога будаўніцтва ў часопіс рэгістрацыі заўваг. Ініцыятыўная група мясцовых жыхароў прадоўжыць збор подпісаў сярод грамадзян і будзе рыхтаваць калектыўны зварот супраць рэалізацыі праекта. Мясцовыя жыхары хочуць бачыць на месцы, якое хочуць аддаць пад будаўніцтва чарговага гмаху, аб'екты інфраструктуры: дзіцячую пляцоўку, спартыўныя збудаванні альбо краму і аб'екты сацыяльнага абслугоўвання.

«Нязгода людзей з прапанаваным праектам дэталёвага планавання абгрунтаваная. Іх ужо падманулі з рэалізацыяй папярэдняга праекта, і цяпер людзі хочуць бачыць грамадскае абмеркаванне не проста галачкай, якую трэба паставіць, каб закончыць рэалізацыю праекта забудоўніка, а рэальна выказаць сваё меркаванне і сваё бачанне развіцця тэрыторыі, на якой яны жывуць. Масавасць прэзентацыі праекта і знойдзеныя парушэнні ў распрацоўцы плана дэталёвага планавання дазваляюць спадзявацца, што іх інтарэсы будуць улічаныя», - мяркуе Кобрусеў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках