Мінабароны Украіны: Войска РФ - у Данецку ды іншых гарадах Данбаса
44- 1.09.2014, 9:51
- 55,538
Пацверджаная інфармацыя пра ўваходжанне расейскіх войскаў у Данецк.
Міністр абароны Украіны Валерый Гелетэй сказаў у эфіры аднаго з тэлеканалаў, піша «Украинская правда».
«Інфармацыя аб тым, што рухаюцца расейскія войскі - сапраўды пацверджаная як выведкай, так і адпаведнымі іншымі службамі, і відавочцы іх бачаць цяпер у горадзе Данецку», - сказаў Гелетэй.
Ён дадаў, што расейскія войскі цяпер не толькі ў Данецку, але ў іншых гарадах. Таксама, са слоў міністра, у гэтыя хвіліны ідуць вайсковыя дзеянні ў раёне Луганскага аэрапорта.
Гелетэй адзначыў, што сітуацыя ў Данецкай і Луганскай абласцях цяпер вельмі няпростая, але разам з тым запэўніў, што кантралюемая.
Як паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» галоўны рэдактар выдання Цензор.нет Юрый Бутусаў, байцоў АТА пад Ілавайскам у сектары «Б» забівалі часткі 106-й паветрана-дэсантнай (Разань) і 98-й паветрана-дэсантнай (Іванава, Кастрама) дывізій, 9-й мотастралковай (Ніжні Ноўгарад), 18-й мотастралковай (Чачня) брыгады. «Частка нашых палонных вывезеная на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі», - напісаў ён.
Са слоў Бутусава групоўка расейскіх войскаў узмоцненая часткамі спецназа ГРУ і артылерыйскімі часткамі Паўночнакаўказкай вайсковай акругі. Расейская групоўка займае пазіцыі ў раёне Данецка, Старабешэва, Куцейнікава, Новага Свету.
«Агульная колькасць групоўкі ў гэтым раёне складае не менш за 6 батальёна-тактычных груп плюс часткі ўзмацнення - не менш за 7-8 тысяч чалавек. Агрэсар падцягвае тылы і забеспячэнне», - паведамляе журналіст.
Раней Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны паведамляла пра тое, што ва Узброеных сілах Расеі працягваюць назапашваць бронетэхніку і артылерыю ў раёне Новаазоўска (Данецкая вобласць) і ягоным прыгарадзе.
Фота з архіву РІА «Новости»