29 красавiка 2024, панядзелак, 0:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейскія СМІ: Дональд Туск здольны даць адпор Пуціну

8
Еўрапейскія СМІ: Дональд Туск здольны даць адпор Пуціну

«Першы палітык з постсавецкай краіны», «чалавек «Салідарнасці» у вышэйшых эшалонах улады», «сігнал для Расеі», - так сусветныя СМІ пішуць аб абранні Дональда Туска кіраўніком Еўрарады.

Падаем агляд часопіса Newsweek Polska (пераклад - charter97.org).

«FT»: Туск - першы палітык з посткамуністычнай краіны на чале ЕЗ.

Выбар Дональда Туска на пасаду кіраўніка Еўрапейскай Рады пазначае, што краіна былога камуністычнага блока ўпершыню пасля падзення Бэрлінскай сцяны атрымлівае пасаду ў Еўропе, піша «Financial Times» у карэспандэнцыі з Брусэля.

«FT» піша пра тое, што значнай для выбару Туска была падтрымка прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмерана. Паводле выдання, супраць кандыдатуры Туска выступалі еўрапейскія сацыялісты, а таксама некаторыя лідэры, якія турбаваліся аб тым, што абмежаваныя веды замежных моў ускладняць польскаму прэм'еру перамовы з кіраўнікамі 28 краін ЕЗ, што з'яўляецца адным з галоўных абавязкаў старшыні Рады.

«Аднак калі Кэмеран дамовіўся з Тускам падчас тэлефоннай размовы на мінулым тыдні, супраціў стаў слабець і паляка хутка абралі кіраўніком на саміце ў Брусэлі», - піша выданне. Паводле яго ацэнкі, намінацыя Федэрыка Магерыні на пасаду кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі была «больш спрэчнай».

Туск, як адзначае «FT», «прадстаўляе краіну, якая з'яўляецца наймацнейшым прыхільнікам цвёрдай лініі» у ЕЗ у што да Расеі.

Італійскія СМІ: Чалавек «Салідарнасці» ў вышэйшых эшалонах улады ЕЗ

Чалавек «Салідарнасці» на чале Еўрапейскага Звязу - так будучага старшыню Еўрарады Дональда Туска падаюць італійскія СМІ. У каментарах словы прызнання для яго спалучаюцца з захапленнем Польшчай, як краінай эканамічнага цуду ў часы крызісу.

Пераемнік Гэрмана ван Рампея - гэта чалавек цэнтра і ліберал, прагматык, які шмат у чым згаджаецца з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, падкрэсліваецца ў першых каментарах.

СМІ звяртаюць увагу на факт, што Дональд Туск падчас суботняй прэс-канферэнцыі ў Брусэлі, кажучы аб будучай палітыцы ЕЗ, зрабіў акцэнт на палітыку росту і бюджэтную дысцыпліну, дадаючы, што гэты выклік цалкам магчыма прыняць, пра што сведчыць прыклад Польшчы.

Эканамічнае выданне «Il Sole-24 Ore» піша на сваім інтэрнэт-сайце, што прэм'ер Польшчы «моцна падтрымліваецца» Лонданам, пра што сведчаць, на думку аўтара каментара, словы Туска аб тым, што ён не ўяўляе Еўразвяз без Вялікабрытаніі.

Публіцыст звяртае ўвагу, што Туска абралі для таго, каб «супакоіць» асцярогі новых краін-чальцоў ЕЗ, якія з «нарастальнай трывогай глядзяць на расейскі нарастальны нацыяналізм» у кантэксце падзей ва Украіне.

Прэстыжная газета звяртае ўвагу, што будучы старшыня Еўрарады перад тварам крызісу ва Украіне хоча падтрымліваць стасункі з Расеяй «з рэалізмам і дыпламатыяй, але без саступак у пытанні бяспекі межаў і пры павазе тэрытарыяльнай цэласнасці суседніх дзяржаў».

Паводле выдання Дональд Туск прыбывае ў Брусэль, узмоцнены польскім «поспехам еўрапейскай інтэграцыі», з краіны, якая пазбегла рэцэсіі падчас вялікага крызісу.

«Варшава змагла добра кіраваць дзесяткамі мільярдаў еўра з еўрапейскіх структурных фондаў», - дадае эканамічная італійская газета.

Партугальскія СМІ: Выбар Туска зверне ўвагу ЕЗ на Усходнюю Еўропу

На думку партугальскіх СМІ, выбар Дональда Туска на пасаду кіраўніка Еўрапейскай рады засяродзіць палітыку Еўрапейскага Звязу на Усходняй Еўропе.

На думку тэлеканалу «RTP1», выбар Туска можна было прадбачыць, прымаючы пад увагу геапалітычнае месцазнаходжанне Польшчы, асабліва ў сітуацыі, якая паглыбляецца расейска-ўкраінскім крызісам на ўсходняй мяжы Еўразвязу.

Паводле ацэнцы радыёстанцыі «Antena1», выбар Туска вызначыць новы накірунак Еўрарады ў палітыцы Еўрапейскага Звязу. «З палякам на чале несумненна яна засяродзіцца на Усходняй Еўропе», - сцвярджаюць каментатары галоўнай дзяржаўнай радыёстанцыі Партугаліі.

«Выбар паляка разглядаецца, як перамога ўсходніх краін - чальцоў Еўразвязу, былых камуністычных дзяржаў, якія такім чынам атрымліваюць важнага прадстаўніка ва ўладзе ЕЗ праз дзесяць гадоў пасля інтэграцыі з ЕЗ», піша Лісабонскае выданне «Publico» na сваім інтэрнэт-сайце.

На думку «Publico», выбар Туска пацвярджае ўступленне Варшавы ў палітычны, а не толькі эканамічны цэнтр Еўропы. Газета сцвярджае, што гэтая пастанова ўзмоцніць пазіцыю краін Веймарскага трыкутніка - Польшчы, Нямеччыны і Францыі - унутры ЕЗ.

Французскія СМІ: Намінацыя Туска - зразумелы сігнал Еўразвязу для Расеі

Акрамя відавочнага сімвалічнага значэння выбару Дональда Туска на пасаду кіраўніка Еўрарады праз 25 гадоў пасля першых свабодных выбараў у Польшчы і 10 гадоў пасля ўступлення ягонай краіны ў ЕЗ, французскія СМІ бачаць у гэтай намінацыі зразумелы сігнал для Расеі Пуціна.

Для правай газеты «Le Figaro», Туск - гэта «прагматык, які падтрымаў эфектыўныя санкцыі ў дачыненні да Расеі пасля апошняга ўварвання войскаў ва Украіну».

«Масква, несумненна, не будзе радая, убачыўшы на чале еўрапейскіх інстытутаў краіну з былога камуністычнага блока, крытычна настроеную ў дачыненні да Расеі ва ўкраінскім пытанні», - каментуе дзяржаўная радыёстанцыя «France Info».

«Усе мы цудоўна ведаем, што ў палітыцы ніхто не кіруецца эмоцыямі. Галоўнае - інтарэсы. Што да Еўразвязу, справа ідзе аб дэманстрацыі сілы», - падкрэслівае ў размове з AP П'ер Верлюіз, спецыяліст у геапалітыцы Еўрапейскага Звязу.

«Толькі пасля рэакцыі Крамля на ўкраінскі палітычны крызіс, лідэры краін ЕЗ нарэшце зразумелі, што Расея Пуціна - гэта не краіна любові і выдатнай дэмакратыі, у якую яны хацелі верыць. Адкрылі вочы на ​​тое, кім напраўду з'яўляецца Пуцін і з кім яны маюць справу. Выбар паляка на пасаду кіраўніка ЕЗ - гэта чарговая перасцярога для Расеі і адначасова знак вялікага даверу для Польшч», - дадае ён.

Верлуіз звяртае таксама ўвагу на тое, што самае складанае для Туска і ўсёй польскай дыпламатыі толькі наперадзе: «Палякі самі для сябе самы страшны вораг. Вельмі часта падыходзяць да палітыкі эмацыйна, а зразумела, што добрая і эфектыўная дыпламатыя магчымая толькі тады, калі не кіруюцца эмоцыямі. Ці здолее Туск аб'ядноўваць вакол агульных мэтаў, ісці на саступкі? Я спадзяюся на гэта. Польшча ў гэтым зацікаўленая», - падсумоўвае экспэрт.

Італьянская прэса: Туска абралі, каб спыніць Пуціна

Дональд Туск як будучы старшыня Еўрарады - гэта ўвасабленне біяграфіі Еўропы пасля Другой сусветнай вайны, падкрэслівае ў нядзелю італійская прэса. Паводле газеты «Corriere della Sera» на Туска ўскладаюцца надзеі на тое, што ён «спыніць Уладзіміра Пуціна».

Міланская газета звяртае ўвагу, што адной з добрых якасцяў польскага прэм'ера з'яўляецца веданне Расеі. На думку выдання, такім чынам можна абгрунтаваць словы прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмерана, які, як піша «Corriere», спасылаючыся на крыніцы ў Лондане, сказаў Туску, што магчыма толькі ён здолее «ўсачыць за Пуціным».

«Дзяржавы Усходу ЕЗ атрымліваюць тое, пра што прасілі - функцыю прапаршчыка, здольнага супраціўляцца Уладзіміру Пуціну ў адзін з самых драматычных момантаў апошніх 60 гадоў», - мяркуе газета.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках