3 траўня 2024, Пятніца, 14:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Работнікі «Ружаны-Агра»: Дырэктар паводзіў сябе, як баярын

24
Работнікі «Ружаны-Агра»: Дырэктар паводзіў сябе, як баярын

Васіля Харуту затрымалі пры атрыманні 25 тысяч даляраў адкату, а дома ў яго знайшлі яшчэ 232 тысячы.

Аб затрыманні дырэктара ААТ «Ружаны-Агра» прэс-служба КДБ Беларусі паведаміла ў сераду. 54-гадовага Васіля Харуту ўзялі з доказамі злачынства, калі ён атрымліваў першую частку адкату. Грошы яму заплаціла адна з гарадзенскіх фірмаў за тое, каб прадпрыемства купіла нерухомасць па завышаным кошце. Усяго за ўгоду Васіль Харута павінен быў атрымаць 50 тысяч даляраў. Акрамя таго, падчас ператрусу ў яго дома выявілі 232.000 даляраў і 10 тысяч еўра наяўнымі. Акрамя дырэктара затрымалі і адвялі пад варту пасярэдніка і хабарадавальніка, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Дырэктарам самай буйной гаспадаркі Пружанскага раёна Васіль Харута стаў літаральна ў студзені 2012 года. Дарэчы, ААТ «Ружаны-Агра» разглядаецца, як паспяховае ў Берасцейскай вобласці.

Мясцовыя жыхары і працаўнікі прадпрыемства «Ружаны-Агра» хоць і шакаваныя навіной аб сумах хабараў дырэктара, але не здзіўленыя.

- Ды не дзіўна гэта. Калі шчыра, ён паводзіў сябе, як баярын. Да людзей у нас ставіўся вельмі дрэнна, - кажуць мясцовыя. - Да прыкладу, людзі працавалі на ўборцы месяц з раніцы да ночы. Ім абяцалі зарплаты па 8 - 9 мільёнаў. Потым ён прыходзіў, бачыў, што алей, да прыкладу, у камбайне капае, і за гэта зразаў усе прэміі і надбаўкі. Людзі ва ўборачную маглі атрымліваць па 2,5 - 3 мільёны.

Са слоў аднавяскоўцаў дырэктара, жыў ён у добрым, паводле мерак Ружан, доме, ездзіў на дарагім аўтамабілі. Але моцнай раскошы за ім не вадзілася.

Зусім па-іншаму адгукаюцца пра свайго былога начальніка работнікі СВК «Сынкавічы» Зэльвенскага раёна, дзе ён працаваў з 2003 да 2011 года.

- Мы не верым у тое, што гэта ён зрабіў, думаем, што яго падставілі, - кажуць у СВК «Сынкавічы». - У нас да гэтага часу пра яго толькі добрыя ўспаміны. Ён дысцыпліну трымаў, так. Дрэнным работнікам у яго было дрэнна, а так ён вельмі добра ставіўся да людзей. Жыў у прыватызаваным доме. Ніякіх такіх празмернасцяў у яго жыцці мы не заўважалі.

У дачыненні да Васіля Харуты, а таксама пасярэдніка і хабарадавальніка распачалі крымінальную справу паводле часткі 4 артыкула 210 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Крадзеж шляхам выкарыстання службовых паўнамоцтваў» і часткі 3 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Атрыманне хабару службовай асобай, якая займае адказнае становішча, у асабліва буйным памеры». Максімальнае пакаранне паводле гэтых артыкулаў - 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках