19 сакавiка 2024, aўторак, 5:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Серабранцы разбурылі стары стадыён, а на новы не знайшлі грошай

8
У Серабранцы разбурылі стары стадыён, а на новы не знайшлі грошай

На будаўніцтва новага стадыёна агулам патрабуецца 16 млрд рублёў, але пакуль такіх грошай няма.

Чаму ў Серабранцы спынілася рэканструкцыя міжшкольнага стадыёна і дзе ў новым навучальным годзе будуць займацца фізкультурай навучэнцы дзвюх бліжэйшых навучальных устаноў, высвятляла карэспандэнтка агенцтва «Минск-Новости».

У лістападзе мінулага года ў сталічным жылым раёне Серабранка пачалася мадэрнізацыя стадыёна, размешчанага паміж гімназіяй № 28 і школай № 123.

Паводле першапачатковага плану яна павінна была заняць роўна год. Жыхарам спальнага раёна абяцалі, што пасля рэканструкцыі яны ўбачаць стадыён цалкам абноўленым: паводле праекту тут павінны з'явіцца тры сэкцыі трыбун, футбольнае поле са штучным пакрыццём, тэнісны корт і бегавыя дарожкі. Праўда, сёння тут толькі купы пяску і бур'ян, а пра тое, што на гэтым месцы калісьці быў стадыён, нагадваюць хіба што ржавыя турнікі.

Цяпер гэтую тэрыторыю налюбавалі ўладальнікі сабак, а аматары бегу перасунуліся ўздоўж канала Сляпянскай воднай сістэмы.

Калісьці на гэтым стадыёне пачыналі займацца спортам такія зоркі беларускага футбола, як Андрэй Зыгмантовіч і Сяргей Алейнікаў.

Мясцовы дворнік распавёў, што часам косіць тут траву, інакш усё б зрасло.

- Працую тут даўно, раней гэта быў неблагі стадыён... Тут не толькі дзеткі займаліся, але і жыхары бліжэйшых дамоў бегалі, трэнаваліся, - кажа ён.

Яшчэ на пачатку вясны на гэтым месцы вяліся работы. За некалькі месяцаў паспелі зняць стары асфальт, дэмантаваць трыбуны, падрыхтаваць пляцоўку для будаўніцтва. Пачалі ўсталёўваць паркан, але работы спыніліся. Бетонныя каркасы ўсталявалі толькі з аднаго боку поля, з другога - пакінулі глыбокія яміны.

Яны маюць пэўную небяспеку: у прыцемках чалавек, што не ведае пра іх, можа папросту тут пакалечыцца. Таму ў некаторых месцах жыхары накрылі яміны дошкамі.

Будматэрыялы чакаюць сваёй часіны на заднім двары гімназіі № 28.

- Каля гэтай навучальнай установы будаўнікі знялі паркан, каб іхняму транспарту лягчэй было праехаць, а на месца не паставілі, хоць самі і з'ехалі кудысьці, - жаліцца мясцовы дворнік.

На месцы бытоўкі будаўнікоў ўбачылі толькі купу смецця, пашпарт аб'екта знялі, хаця яшчэ вясной ён тут быў.

На будаўніцтва новага стадыёна агулам патрабуецца 16 млрд рублёў, але пакуль такіх грошай няма.

- Мадэрнізацыя стадыёна фінансуецца з гарадскога бюджэту. Прычына прыпынення работ - адсутнасць сродкаў, - распавёў галоўны інжынер КУП «Управа капітальнага будаўніцтва адміністрацыі Ленінскага раёна» Уладзімір Урусаў. - Калі б мы ведалі, што ў 2014 годзе нам не дадуць грошы на правядзенне рэканструкцыі, у 2013-м не пачыналі б дзейнасць. На гэты момант падрыхтаванае верхняе пакрыццё, вырабленыя агароджы. Як толькі паступяць грошы, работы будуць адноўленыя.

Праўда, сярод жыхароў раёна ўжо ходзяць чуткі зусім іншага кшталту. Так, стрэчны нам мясцовы жыхар сказаў наступнае:

- З самага пачатку я назіраю за гэтай будоўляй, бо штораніцы выгульваю тут свайго гадаванца. Спачатку праца ішла вельмі жвава, але ўвесну ўсё сунялося. Сам працую ў будаўнічай сфэры і ведаю, што гэта вельмі добрае месца. Тут ёсць дарога, падведзеныя камунікацыі, ды і зямля ў сталіцы на вагу золата. Баюся, каб тут замест стадыёна не з'явілася яшчэ парачка жылых дамоў.

Што да школьнікаў і гімназістаў, то ў новым навучальным годзе фізкультурай яны будуць займацца ў спартзалах, на набярэжнай і адкрытых пляцоўках на тэрыторыі навучальных устаноў, якія паспрабавалі прыстасаваць для гэтых патрэб.

Тут нават абсталявалі невялікую пляцоўку для гульні ў баскетбол.

Як мяркуецца, рэканструкцыя стадыёна павінна закончыцца ў 2016 годзе.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках