27 красавiка 2024, Субота, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Не верце Лукашэнку

28
Андрэй Саннікаў: Не верце Лукашэнку

Дэмаркацыя мяжы з Украінай пачнецца праз 17 гадоў пасля ўкладання дамовы пра яе.

Цягам усяго гэтага часу Лукашэнка спрабаваў атрымаць ад уладаў суседняй дзяржавы максімальную выгаду. Пра гэта сайту charter97.org заявіў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў.

- Дамова аб дэмаркацыі мяжы паміж Беларуссю і Украінай была падпісаная яшчэ 12 траўня 1997 года. Чаму пытанне аб яе ратыфікацыі беларускім "парламентам" зацягнулася на такі доўгі тэрмін?

- Гэтую гісторыю можна было б назваць дэтэктыўнай, калі б мы не ведалі, як паводзіць сябе беларускі рэжым. Дамова аб дэмаркацыі мяжы сапраўды была падпісаная яшчэ ў 1997 годзе, яе тут жа ратыфікаваў парламент Украіны. Але паколькі важнасць гэтай дамовы для Украіны, якая ўжо праводзіла палітыку бліжэйшага супрацоўніцтва з Еўрапейскім Звязам і NATO, была відавочная, Лукашэнка адчуў, што тут можна пажывіцца. Таму ўся гісторыя з ратыфікацыяй гэтага дакумента Беларуссю расцягнулася на 16 гадоў.

Я размаўляў з некалькімі міністрамі замежных спраў Украіны з гэтай нагоды, спрачаўся пра тое, што Лукашэнка вельмі доўгі час не будзе дазваляць кішэннаму «парламенту» ратыфікаваць гэтую дамову, паколькі будзе таргавацца з Украінай, выбіваючы ўсё большыя саступкі ад яе. Так і адбылося. Спачатку былі нейкія пазыкі, якія нібыта налічыла Беларусь і да развязання гэтага пытання адмаўлялася прасоўваць гэты дакумент. Потым з'явіліся іншыя праблемы.

Нарэшце, у мінулым годзе афіцыйныя дэлегацыі Беларусі і Украіны абмяняліся граматамі аб ратыфікацыі дамовы аб дзяржаўнай мяжы. Лукашэнка, як выгнанец, стала спрабуе паказаць сваю значнасць і тое, што яго прымаюць іншыя дзяржавы. Таму гэты крок - абмен ратыфікацыйнымі граматамі - ён увязаў са сваім візітам у Кіеў. І нават пасля гэтага практычныя крокі для дэмаркацыі мяжы з Украінай не рабіліся.

Яшчэ раз падкрэслю важнасць гэтай дамовы для Украіны. Калі яна хоча мець стасункі з Еўрапейскім Звязам, то ў яе не павінна быць памежных спрэчак. Нават без уліку якіх-небудзь стратэгічных мэтаў, дзяржаве прасцей прымаць пастановы ў замежнай палітыцы, калі ў яе аформленыя межы.

- Пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі ў чэрвені мінулага года таксама прайшло даволі шмат часу. Чаму Лукашэнка падпісаў указ аб дэмаркацыі мяжы менавіта цяпер?

- Гэта чарговы спектакль для таго, каб паказаць, што ён нібыта спрабуе дапамагчы Украіне. Напраўду, тая ж сустрэча кантактнай групы ў Менску выкарыстоўваецца Лукашэнкам для прасоўвання сваіх уласных і расейскіх інтарэсаў - аніяк не ўкраінскіх. У прыватнасці, на гэтай сустрэчы ён спрыяе Расеі ў прызнанні тэрарыстаў, якія ваююць супраць украінскай дзяржавы на ўсходзе краіны.

На месцы ўкраінскага кіраўніцтва я б не стаў расцэньваць жэсты на публіку, а ўлічваў бы дыктатарскую сутнасць рэжыму і абслугоўванне ім расейскіх інтарэсаў.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках