5 траўня 2024, Нядзеля, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Севярынец прэзентаваў сваю кнігу ў 4 гарадах Берасцейскай вобласці

1

Прэзентацыя «Беларускай глыбiнi» прайшла ў Івацэвічах, Жабінцы, Бярозе ды Кобрыне.

Блізу двух дзесяткаў чалавек прысутнічалі на сустрэчы з Паўлам Севярынцам ў Івацэвічах, перадае «Радыё Свабода».

Аўтар распавёў пра сваю кнігу «Беларуская глыбiня», якую пісаў падчас адбыцця пакарання на «хіміі» ў Пружанскім раёне.

«Гэтая кніга нарадзілася практычна ў зале суда. На судзе я не даваў паказанні, доўга думаў, маліўся... За мяне сведчылі мае сябры - даслалі шэраг рэкамендацый... І адна з такіх рэкамендацый, ад Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», была такая: «Калі ласка, не саджайце Севярынца ў турму, ён добры, мінулы раз, калі сядзеў паводле палітычнай справы, напісаў кнігу». Я бачыў у гэты момант, калі суддзя зачытваў рэкамендацыю, падымаецца пракурор і з такой усмешкай хоча сказаць, нават нахіляецца да залы, але пасля перадумвае і садзіцца на месца. Але сэрца ў мяне ў гэты момант «ёкнула», таму што я зразумеў, што хацеў сказаць пракурор: сядзеў Севярынец, напісаў кніжку, пасядзіш яшчэ, напішаш яшчэ адную», - распавёў аўтар.

Палітык распавёў пра абставіны напісання кнігі, пра яе герояў. Госці імпрэзы атрымалі кнігу з аўтографам аўтара, а таксама пагутарылі з Паўлам Севярынцам аб беларускай рэчаіснасці, ментальнасці беларусаў і перспектывах дэмакратычных пераменаў.

Такія прэзентацыі кнігі Паўла Севярынца адбудуцца яшчэ ў Берасці, Маларыце, Камянцы ды іншых гарадах Берасцейшчыны.

Пад час прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Павел Севярынец быў актывістам штаба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. Палітык быў асуджаны на 3 гады так званай «хіміі» - абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Трохгадовае пакаранне адбываў у спэцкамэндатуры Куплін каля Пружанаў.

На «хіміі» Севярынец і напісаў сваю кнігу «Беларуская глыбiня». Кніга складаецца з эсэ пра беларускую глыбінку, гісторыю, людзей Пружаншчыны і Берасцейшчыны.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках