3 траўня 2024, Пятніца, 14:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўніка Менаблвыканкама аштрафавалі за лаянку на пасяджэнні

8
Чыноўніка Менаблвыканкама аштрафавалі за лаянку на пасяджэнні

Намеснік старшыні камітэта сельскай гаспадаркі аблаяў былога дырэктара ААТ «Мінскабллён».

На лаўцы перад канцылярыяй суда мужчына ў гарнітуры ціха перагаворваўся з бялявай стройнай дзяўчынай, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Вось гэта намеснік старшыні Камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Іванавіч Пляшэвіч, а гэта юрыст нашага прадпрыемства, - прадставіў суразмоўцаў ужо былы дырэктар ААТ «Мінскабллён» Міхаіл Піліпчук. Менавіта яго чыноўнік і аблаяў на рабочай плянёрцы. Намеснік старшыні ўвагі на нас не звярнуў і далей размаўляў.

- Гэта ўжо другое паседжанне. Паўторна выклікаюць сведкаў, - распавядае і адначасна піша пазоў аб аднаўленні на працу Міхаіл Піліпчук.

Як высветлілася, пасварыліся намеснік старшыні і дырэктар 4 жніўня. У гэты дзень Міхаіл Міхайлавіч як раз адправіўся на нараду ў Камітэт сельскай гаспадаркі і харчавання.

- Перад пачаткам мы размаўлялі ў калідоры з былым дырэктарам «Мінскаблаграсэрвіс» Пятром Мікалаевічам Волкавым, - распавядае Міхаіл Міхайлавіч. - Тут прыйшоў Аляксандр Іванавіч і сказаў, што сур'ёзная нарада, маўляў, давай хуценька. Я і паспяшаўся. Ужо ў кабінеце ў начальніка ён вылаяўся наконт мяне проста перад супрацоўнікамі. Там чалавек сем было. Я ўзлаваўся і выйшаў з кабінета. Дачакаўся Аляксандра Іванавіча. І мы прайшлі ў кабінет пагаварыць. Там ужо яго было не спыніць. Мацюкі былі такія, што мне ажно няёмка было. Лаяўся ні за што, проста, груба кажучы, абклаў мацюкамі і ўсё. Калі б ад таго, што мне даручылі заданне, а я не выканаў. У гэтым выпадку было б не крыўдна. Я разумею ўсё, сам з трактарыстамі працую, бывае ўсякае. Прычым, дзверы былі адкрытыя, усё было чуваць. Лаянку чулі і супрацоўнікі, і Марыя Іванаўна, галоўная спецыялістка ААТ «Мінскабллён», якая факс адпраўляла. І Пётр Мікалаевіч Волкаў, ён падыходзіў узгадняць адпачынак.

Са слоў дырэктара ААТ «Мінскабллён», ён не вытрымаў лаянкі, выклікаў міліцыю і напісаў заяву. І вось цяпер прыйшоў на суд.

- Ведаеце, непрыемна, што вось за гэтыя практычна два месяцы Аляксандр Іванавіч ні разу не падышоў і не папрасіў прабачэння, - па дарозе ў залу суда кажа Міхаіл Міхайлавіч. - Я ад яго на 10 год старэйшы. А ён нават на судзе ні разу не сказаў, што, маўляў, Міхаіл Міхайлавіч, прабачце.

- Апісаных дзеянняў не ўчыняў і віну сваю не прызнаю, - заявіў на першым пасяджэнні суда Аляксандр Іванавіч. А на другім чыноўнік проста маўчаў.

Адная са сведак - юрыстка «Мінскабллён» свае паказанні сведак змяніла. Яна сказала, што не чула ніякай лаянкі.

- Як жа вы падпісалі пратакол допыту? - здзівіўся суддзя.

- Мяне прыспешвалі, каб хутчэй падпісвала. А там было неразборліва напісана, - апраўдвалася дзяўчына.

Але і гэта не дапамагло чыноўніку з аблвыканкама. Суд прызнаў Аляксандра Іванавіча Пляшэвіча вінаватым паводле артыкула 17.1 «Дробнае хуліганства» Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Ён павінен будзе выплаціць 300 тысяч рублёў штрафу. Прысуд пакуль не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

- Я збіраюся падаваць яшчэ адзін пазоў у суд аб кампенсацыі маральнай шкоды і шкоды здароўю, - адзначыў Міхаіл Піліпчук. – Рэч у тым, што я так перажываў праз гэтага ўсё, што нават трапіў у лякарню.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках