28 красавiка 2024, Нядзеля, 22:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ФПБ баяцца паведаміць, хто ў іх старшыня

34
У ФПБ баяцца паведаміць, хто ў іх старшыня

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Леанід Козік звольніўся з пасады старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Аднак дзесяткі чыноўнікаў ФПБ, з якімі гутарылі карэспандэнты «Радыё Свабода», адмовіліся пацвердзіць або зняпраўдзіць гэтую інфармацыю.

Паводле інфармацыі лідара Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, Леанід Козік сышоў з пасады старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. 22 верасня ён нібыта растаўся з калектывам. Дакладная прычына сыходу невядомая.

На афіцыйным сайце Федэрацыі няма партрэта Леаніда Козіка і наогул не пазначана, хто з'яўляецца старшынёй ФПБ. Хоць усё кіраўніцтва абласных аб'яднанняў, галіновых прафсаюзаў ёсць.

Козік узначальваў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі з 2002 года. Яму 66 гадоў, так што пенсіённага ўзросту ён дасягнуў.

Старшыня Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў: «Паводле маіх звестак, Козік напісаў заяву. Хутчэй за ўсё, прымусілі, або, мякка кажучы, прапанавалі. Усё да гэтага ішло. Відавочна, што старшыня справу праваліў. Думаю, апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення ўлады, было тое, што ён замахнуўся на Генеральную пракуратуру - абвінаваціў у незаконных дзеяннях. Два тыдні таму кіраўніцтва ФПБ запатрабавала ад Генеральнай пракуратуры скасаваць пастанову пракуратуры Бабруйска і аднавіць дзеянне калектыўнай дамовы на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. Але падрабязнасцяў мы пакуль не ведаем».

Пацвердзіць або зняпраўдзіць інфармацыю аб звальненні прафсаюзнага лідара краіны ў самой Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі не ўдалося. Цягам другой паловы аўторка і з раніцы серады журналісты зрабілі некалькі дзесяткаў званкоў у Федэрацыю. У прыёмнай старшыні трубку не здымалі наогул. Прэс-сакратарка ФПБ сышла ў дэкрэтны адпачынак. Праз тэлефон аддзела кадраў, юрыдычнай кансультацыі, у прыёмных намеснікаў старшыні адказвалі «тэхнічныя супрацоўнікі», якія «не ў курсе спраў». Маўчалі тэлефоны ўсіх намеснікаў. І толькі пад вечар сакратарка намесніцы старшыні Алены Манкевіч паведаміла, што «ў сераду Алена Мікалаеўна выйдзе з адпачынку, і толькі яна ўпаўнаважаная даваць каментары». «У сераду з самай раніцы Алена Мікалаеўна пачала праводзіць пасяджэнне «ў рэжыме «нон-стоп» - пасля адпачынку трэба ўвайсці ў справы, у яе вельмі шмат аб'ектаў», - сказала сакратарка Манкевіч.

Фота: bymedia.net

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках