2 траўня 2024, Чацвер, 13:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перамовы наконт газу паміж Украінай, ЕЗ і Расеяй праходзяць у Бэрліне

3
Перамовы наконт газу паміж Украінай, ЕЗ і Расеяй праходзяць у Бэрліне

У Бэрліне праходзяць газавыя перамовы паміж Украінай, Расеяй і Еўрапейскай камісіяй з мэтай развязання спрэчных пытанняў.

Як паведаміла ў пятніцу ў Брусэлі прадстаўніца Еўрапейскай камісіі Пія Арэнкільдэ Хансэн, перамовы пачаліся а 10.00 з удзелам віцэ-прэзідэнта Еўрапейскай камісіі ў газавых пытаннях Гюнтэра Этынгера, міністраў энэргетыкі Украіны Юрыя Прадана і Расеі Аляксандра Новака. Паводле вынікаў перамоў адбудзецца прэс-канферэнцыя, піша УНІАН.

Як паведамляе Deutsche Welle, чакаецца і ўдзел кіраўніка «Газпрома» Аляксея Мілера. Інфармагенцтва dpa нагадвае, што галоўным каменем спатыкнення застаюцца патрабаванні расейскага боку што да выплаты Кіевам шматмільярднай запазычанасці перад «Газпромам».

Нявызначаным застаецца і будучы кошт газу, бо Расея адмаўляе Кіеву ў пераглядзе коштаў паводле старых кантрактаў. Украіна фактычна не атрымлівае расейскага газу яшчэ з чэрвеня, калі «Газпром» увёў для Кіева схему папярэдняй аплаты. З тых часоў бакі ўжо некалькі месяцаў беспаспяхова вядуць перамовы аб развязанні газавага канфлікту. У апошнія тыдні ў Брусэлі выказвалі надзею дасягнуць хаця б часовага кампрамісу паміж бакамі з улікам набліжэння зімовага перыяду. Хутчэй дамовіцца паміж сабой бакі заклікала канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. "Час ужо не чакае", - адзначыла Мэркель на фоне набліжэння зімы.

Гюнтэр Этынгер, у сваю чаргу, знаходзячыся на гэтым тыдні з візітам у Кіеве, заявіў, што Еўракамісія падрыхтавала ўласныя прапановы для бакоў, якія і павінны быць абмеркаваныя на сустрэчы ў Бэрліне. Ён не стаў удакладняць падрабязнасці прапаноў, але адзначыў, што ў ЕЗ хацелі б, каб бакі "прыйшлі да прамежкавага развязання, атрымаўшы пастаўкі газу ад Расеі паводле справядлівага рынкавага кошту" і прамежкавага ўнутры ЕЗ і за яго межамі".

Раней паведамлялася, што ЕЗ рыхтуецца да магчымага пагаршэння сітуацыі ў газавым канфлікце паміж Расеяй ды Украінай. У канцы жніўня еўракамісар у пытаннях энэргетыкі паведаміў, што "Брусэль прадумае стратэгію дзеянняў на горшы выпадак".

Мяркуючы з папярэдніх раўндаў, перамовы ў Бэрліне лёгкімі быць не абяцаюць, а перад іх пачаткам ніводзін з бакоў не выказваў нават асцярожнага аптымізму што да магчымых вынікаў. Нават больш: прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк абвінаваціў Расею ў спробах "замарозіць Украіну" зімой, выкарыстоўваючы газ як зброю. "Яны хочуць, каб мы змерзлі. Акрамя вайсковага нападу, акрамя вайсковай аперацыі, яны маюць яшчэ адзін козыр - гэта энэргетыка", - цытуе ягоныя словы інфармагенцтва Reuters.

Між тым, газавая спрэчка Расеі - важнага пастаўніка ды Украіны - важнага транзіцёра - пагражае і стабільнасці паставак газу ў краіны ЕЗ. Нямецкі ўрад запэўнівае, што запасаў газу ў газасховішчах павінна выстарчыць на некалькі месяцаў наперад, нават у выпадку перабояў з пастаўкамі. Цяпер газасховішчы ў ФРГ запоўненыя на 93 адсоткі, паведамляе dpa.

Зрэшты, у іншых еўрапейскіх краінах сітуацыя неадназначная, бо ў шэрагу дзяржаў ЕЗ залежнасць ад расейскага газу дасягае ста адсоткаў, а рэзэрвовыя запасы не гэткія вялікія. Суседнія ж з Украінай Славакія, Польшча і Вугоршчына раней пачалі рэверсныя пастаўкі газу ва Украіну. Масква неаднаразова выказвала сваю незадаволенасць гэтым, а міністр энэргетыкі Расеі Аляксандр Новак прыстрашыў спыніць пастаўкі газу ў Еўропу ў выпадку прадаўжэння рэверсных паставак ва Украіну. На скарачэнне паставак з Расеі раней ужо скардзілася Славакія, Аўстрыя, Нямеччына ды іншыя краіны. Напярэдадні стала вядома аб тым, што Вугоршчына спыніла рэверсныя пастаўкі газу ва Украіну.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках