26 красавiка 2024, Пятніца, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БАЖ: Спыніце пераслед журналістаў у Беларусі

3
БАЖ: Спыніце пераслед журналістаў у Беларусі

«Беларуская асацыяцыя журналістаў» заяўляе аб неправамернасці пераследу рэпарцёраў, чые імёны і матэрыялы з'яўляюцца ў замежных СМІ.

Ціск на такіх журналістаў мае адкрыты характар запалохвання і шантажу і супярэчыць нормам нацыянальнага заканадаўства і міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь, паведамілі сайту charter97.org у прэс-службе «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

25 верасня суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска аштрафаваў на 32 базавыя адзінкі (4800000 рублёў) журналістку недзяржаўнай газеты «Бабруйскі кур'ер». Яе абвінавацілі ў «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КаАП РБ). Паводле пратаколу, складзенага падпалкоўнікам міліцыі Сяргеем Рудзько, журналістка «зрабіла інтэв’ю з грамадзянкай...», «не маючы адпаведнай акрэдытацыі на выкананне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ». Падстава для распачынання справы - матэрыял за подпісам Марыны Малчанавай на сайце спадарожнікавага тэлеканала «Белсат».

Асаблівую занепакоенасць выклікае інфармацыя, якую Марына Малчанава паведаміла суду на слуханнях 23 верасня: пры азнаямленні з матэрыяламі сваёй справы яна выявіла ў іх матэрыялы іншай адміністрацыйнай справы, аналагічнай зместам і пастанову не на карысць журналіста. (Фотакопія ў журналісткі ёсць.) Гаворка ідзе пра справу Алеся Залеўскага, з якога ў траўні Карэліцкі раённы суд пастанавіў спагнаць 4,5 млн рублёў (30 базавых адзінак) за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». Журналістка небеспадстаўна мяркуе, што гэтыя дакументы маглі ціснуць на суд, пра што яна і праінфармавала Міністэрства юстыцыі. Аднак адкласці слуханні да атрымання адказу ад гэтай установы суд адмовіўся.

На некалькі дзён раней, 16 верасня, у Магілёве супрацоўнікі Ленінскага РАУС правялі агляды кватэр журналіста Аляксандра Буракова і ягоных бацькоў. Некалькі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў раніцай фактычна ўварваліся ў кватэру Буракова на падставе пастановы, падпісанай часовым выканаўцам абавязкаў начальніка ААПП Ленінскага РАУС г. Магілёва Пугачова У.С. і санкцыянаванай пракурорам г. Магілёва Вульвач М.Б. Пасля канфіскацыі кампутарнай тэхнікі ў журналіста супрацоўнікі правялі агляд у кватэры ягоных бацькоў (на іншым адрасе), дзе таксама канфіскавалі сістэмныя блокі кампутараў.

Падставай для правядзення міліцэйскай аперацыі стала размяшчэнне некалькіх артыкулаў Буракова на сайце www.dw.de. Супрацоўнікі міліцыі запэўнілі журналіста, што прэтэнзій да зместу артыкулаў няма, але сам факт размяшчэння матэрыялаў на сайце «Нямецкай хвалі» (расейская рэдакцыя якой існуе толькі ў інтэрнэт-варыянце) дае падставы для адміністратыўнага пераследу. Падаўшы свой матэрыял для публікацыі на замежным сайце, журналіст нібыта парушыў заканадаўства аб СМІ, паколькі не атрымаў акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Кропка ў гэтай справе пакуль не пастаўленая: 30 верасня журналіста чарговым разам выклікаюць у міліцыю, дзе будзе вызначацца лёс гэтага адміністрацыйнай справы.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звяртае ўвагу, што палажэнні артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі» не ўпершыню выкарыстоўваюцца неправамерна ў дачыненні да журналістаў, якія накіроўваюць свае матэрыялы ў замежныя медыя. Такая практыка парушае як ўнутранае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, так і міжнародныя абавязанні нашай дзяржавы ў сферы свабоды выказвання меркавання.

Арт. 22.9 КаАП, на якую спасылаюцца супрацоўнікі сілавых структур, не прадугледжвае адказнасці за дзейнасць без акрэдытацыі. Прыраўноўванне «працы без акрэдытацыі» да незаконнага вырабу і распаўсюджвання прадукцыі СМІ неправамерна хоць бы таму, што прадукцыю масавай інфармацыі вырабляе не журналіст, а рэдакцыя СМІ, і яе распаўсюдам займаецца, зноў жа, рэдакцыя СМІ, а не аўтар. Гэта адназначна вынікае з арт. 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» (пункты 6, 7, 12).

Больш за тое, патрабаванне акрэдытацыі беларускіх грамадзян у МЗС Беларусі для атрымання і распаўсюду інфармацыі парушае Канстытуцыю і міжнародна-прававыя абавязкі Рэспублікі Беларусь.

Арт. 34 Асноўнага закона гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскiх аб'яднанняў, палітычнай, эканамічнай, культурнай і аб мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя.

Пра гэтае ж права гаворыцца і ў арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь. У адпаведнасці з часткай 2 гэтага артыкула кожны чалавек мае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі незалежна ад дзяржаўных межаў вусна, пісьмова альбо сродкамі друку альбо мастацкіх формаў выказвання, альбо іншымі спосабамі на свой выбар.

У адпаведнасці з Асноўным законам, карыстанне інфармацыяй можа быць абмежаванае толькі для абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага выкарысання імі сваіх правоў.

Дзеянні журналістаў-фрылансераў (г.зн. тых, якія не знаходзяцца ў штаце СМІ і якія прапануюць свае матэрыялы розным медыя, як беларускім, так і замежным), не падпадаюць ні пад адную з дапушчальных падстаў для абмежавання права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі . Больш за тое, пераслед журналістаў за прафесійную дзейнасць і грамадзян за рэалізацыю правоў, гарантаваных Канстытуцыяй, парушае палажэнні Асноўнага закона краіны, узятыя ёй на сябе міжнародныя абавязанні, падрываюць імідж Рэспублікі Беларусь.

Звяртае на сябе ўвагу факт, што правядзенне аглядаў у кватэрах Буракова і ягоных бацькоў і канфіскацыя аргтэхнікі (роўна як і праведзеныя ў гэты ж дзень затрыманні трох журналістаў у Менску) адбыліся падчас візіту ў краіну прадстаўніка АБСЕ ў пытаннях свабоды СМІ Дуні Міятавіч. Пытанні акрэдытацыі журналістаў і ўзаемадзеяння прадстаўнікоў прэсы і супрацоўнікаў праваахоўных органаў былі ў цэнтры ўвагі ў час сустрэч Міятавіч з беларускімі службовымі асобамі, аднак, на жаль, гэта не прадухіліла парушэння правоў журналістаў.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» пратэстуе супраць пераследу ў адміністрацыйным парадку журналістаў, якія размяшчаюць свае матэрыялы ў замежных медыя:

«Мы патрабуем:

- Каб супрацоўнікі органаў унутраных спраў, іншых дзяржаўных органаў і іх службовыя асобы спынілі адміністрацыйны пераслед журналістаў-фрылансераў і ціск на іх у сувязі з размяшчэннем імі матэрыялаў у замежных СМІ;

- Каб упаўнаважаныя службовыя асобы прынеслі пратэсты на судовыя пастановы, вынесеныя ў дачыненні да журналістаў паводле ч.2 арт.22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях;

- Каб суб'екты нарматворчасці Рэспублікі Беларусь прывялі акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы свабоды выказвання меркавання ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і МПГПП.

Прынята Праўленнем ГА «БАЖ», 29.09.2014»

Тэкст заявы ГА «БАЖ» накіраваны 26 верасня Генэральнаму пракурору, міністру ўнутраных спраў, старшыні Камісіі ў правах чалавека, нацыянальных дачыненняў і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а таксама старшыні Вярхоўнага Суда. Да заявы прыкладзеныя вытрымкі з матэрыялаў маніторынгу ГА «БАЖ» датычна выпадкаў пераследу журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках