2 траўня 2024, Чацвер, 9:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

5 цікавых фактаў пра Уладзіміра Крыкунова

5 цікавых фактаў пра Уладзіміра Крыкунова

Пяць цікавых фактаў з гульнёвай і трэнерскай кар'еры галоўнага трэнера хакейнай каманды Беларусі.

Уладзімір Крыкуноў стаў новым-старым галоўным трэнерам хакейнай каманды Беларусі. І ўжо цяпер можна смела канстатаваць: ягонае вяртанне ў Беларусь было ўспрынятае неадназначна. Мы ж ад радыкальных ацэнак - "плюс" ці "мінус" - устрымаемся да першых матчаў нацыянальнай дружыны, піша "Прессбол".

А пакуль дабралі пяць цікавых фактаў з гульнёвай і трэнерскай кар'еры Крыкунова, якая зусім не замыкаецца на легендарным выхадзе ў алімпійскі паўфінал ў Солт-Лэйк-Сіці.

1. Дапамог маскоўскім "Крыльям Саветаў" здабыць Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў

Юныя прыхільнікі хакея, цалкам магчыма, нават не ведаюць такой каманды. Цяпер клуб існуе толькі на дзіцяча-юнацкім узроўні. А ў савецкія ж часы гэта быў легендарны калектыў, адзін з найлепшых у Саюзе! Ды што казаць, калі з часоў СССР у каманды з раёна "Сетунь" быў свой сталы фанацкі сэктар.

"Крылцы" ў 1977 годзе здабылі Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў, у фінале адолеўшы "Дуклу" з Чэхаславакіі. Але паколькі турнір быў не самы хуткаплынны, у спаборнікаў з вызначальнага этапу паспелі нават памяняцца склады. Так, абаронца Уладзімір Крыкуноў здабываў квіток у фінал у гульнях з "Дынамам" з Вайсвасэра (ГДР) у сакавіку 1976-га, а вызначальныя сустрэчы прэстыжнага турніру адбыліся амаль праз год - у лютым 77-га! На той час у складзе "крылцаў" Крыкунова ўжо не было. Але гэта не адбярэ ў яго дачыненне да грандыёзнага поспеху. Упершыню з усіх савецкіх камандаў гэта зрабіў хтосьці, акрамя ЦСКА. І больш ніводнаму клубу з СССР не выпадзе паўтарыць гэта дасягненне ў будучыні.

На жаль, цяпер знакаміты ромбік "КС" мы бачым толькі на архіўных здымках легендарнай каманды

2. У Славеніі ў Крыкунова была шчаслівая кватэра

Як вядома, Уладзімір Васільевіч нямала часу правёў у Славеніі. Там ён займеў кватэру, названую пасля ім самім "шчаслівай". Рэч у тым, што, жывучы ў ёй, яму двойчы выпадала перамагчы з "Акроні" з Есеніцэ ў чэмпіянаце Славеніі - у 1992 і 1993 гадах. Калі ж надышоў час перабірацца на новае месца, Крыкуноў наважыў перадаць апартамэнты ў надзейныя рукі. А менавіта - Ільдара Рахматуліна, з якім трэнер гуляў у менскім "Дынама" і якога прывёз у Славенію.

3. Паказаў свету Паўла Дацюка

З 1996 да 1999 года Крыкуноў працаваў настаўнікам "Дынама-Энэргіі" з Екацярынбурга, што тады яшчэ называўся "Спартаком". Менавіта там у вялікім хакеі дэбютаваў неабстраляны Павел Дацюк. Будучай суперзорцы сусветнага хакея ў той сэзон было толькі 16. З тых часоў Крыкуноў і Дацюк непарыўна звязаныя і выдатна калягуюць.

4. У розныя гады - супрацьлеглыя погляды на ліміт легіянераў

Погляды трэнера на разнастайныя ліміты на легіянераў кардынальна памяняліся за некалькі гадоў. Вось словы Крыкунова на пачатку 2000-х:

Я абедзвюма рукамі за захаванне ранейшага ліміту. Тры і не болей, і не павінна быць брамнікаў-легіянераў. У нас брамніцкая праблема вельмі актуальная. Адзінае, каму варта зрабіць вынятак, дык гэта беларускім хакеістам, бо ў нас з Беларуссю палітычны хаўрус.

Але праз некалькі гадоў Крыкуноў суздром змяніў погляды на "варагаў". Вось словы спецыяліста ўзору-2013:

Мяркую, што не варта змяншаць колькасць легіянераў. Я б увогуле скасаваў усе абмежаванні на іх. Калі ўжо мы зрабілі нашу лігу на вобраз і падабенства НХЛ, ідзем шляхам амэрыканцаў, то трэба цалкам скасаваць усе абмежаванні. Хай на пляцоўках КХЛ гуляюць тыя, хто лепшы. А тыя, хто гуляе горш, няхай ідуць у вышэйшую лігу. Будзе добрая ліга з ВХЛ, як саюзная першая ліга, якая ўвесь час дэлегавала найлепшых гульцоў у вышэйшы эшалон. Цяпер жа выходзіць наадварот - з КХЛ люд ідзе ва ВХЛ!

5. Балоны

У шмат каго з хакеістаў першая асацыяцыя з Крыкуновым - балоны. Гэта кодавая назва, за якім хаваюцца знакамітыя сілавыя трэнінгі, калі адзін гулец сядае на камеру ад колы грузавіка, а другі яго на рэмені цягне па лёдзе за сабой. Сам трэнер ніколі не хаваў, што верыць у моц гэтага метаду і нават актыўна падаваў довады "у сваю абарону".

"Не хвалюйцеся! Усе жывыя-здаровыя. Гэта практыкаванне я яшчэ ў менскім "Дынама" прызначаў. Аднойчы ўзяў 12 хакеістаў 1967 і 1968 гадоў нараджэння. Трэба было іх пільна падцягнуць да асноўнага складу. Таму працавалі сур'ёзна. Хлопцы прайшлі балоны. Дарэчы, тады колы былі большыя і цяжэйшыя... А неўзабаве мы выйшлі ў вышэйшую лігу Савецкага Саюза! Мне яшчэ тады далі заслужанага трэнера рэспублікі", - казаў ён.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках