19 сакавiка 2024, aўторак, 11:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто жыве ў загадкавай рэзідэнцыі на беразе Мінскага мора?

89

Афшорныя фонды валодаюць загадкавай рэзідэнцыяй на беразе Заслаўскага вадасховішча.

Беларускія высокія чыноўнікі не хочуць жыць побач з простымі грамадзянамі. Яны з задавальненнем будуюць дамы ў вылучаных ім кварталах у Драздах і Веснінцы. Аднак кожны ахвотны можа паглядзець на дамы, напрыклад, прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча ці міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Ніякай таямніцы няма - ні высачэзных парканаў, ні аховы, піша «Наша Нiва».

Ад выпадковых мінакоў спецслужбы хаваюць толькі афіцыйныя рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Іх статус прадугледжвае закрытасць ад чужых вачэй - кантрольна-прапускныя пункты, калючы дрот, відэаназіранне... Закрытымі ад грамадскасці застаюцца таксама звесткі аб тым, дзе і як жывуць сыны дыктатара.

Напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў Аляксандр Лукашэнка павінен перадаваць у Цэнтрвыбаркам дэкларацыю аб сваіх даходах, а таксама аб даходах тых, хто разам з ім жыве. У 2006-м у дакумент былі ўпісаныя сыны Віктар і Дзмітрый. Згодна з дэкларацыяй, ніякай нерухомасці ў іх не было.

У аналагічным дакуменце за 2010 год быў згаданы малодшы сын Мікалай (дарэчы, ён нарадзіўся ў 2004 годзе), але зніклі Віктар і Дзмітрый. Значыць, старэйшы і сярэдні сыны сталі жыць асобна. Дзе? Невядома.

Абодва яны шматдзетныя бацькі, таму маглі б прэтэндаваць як мінімум на льготныя кватэры ў спальных раёнах Менска. Аднак у Каменнай Горцы, дзе цяпер часцей за ўсё выдаюць такое жыллё, іх ніхто не бачыў.

Сярод уплывовых прадстаўнікоў улады і іншых персон, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі, магчымасць пабудаваць жыллё ў Драздах і Веснінцы атрымалі амаль усе. Але і там прозвішчаў «Лукашэнка» сярод уладальнікаў зямельных надзелаў таксама няма.

У сапраўды прававой дзяржаве выключэнняў не павінна быць ні для каго, нават для кіраўніка і ягонай сям'і.

Вядома, меры бяспекі патрабуюць закрытасці падрабязнай інфармацыі аб некаторых персонах і некаторых аб'ектах уласнасці. Але без перабору.

Між тым у Беларусі ёсць зоны выключэння, зоны сакрэтнасці, ахутаныя таямніцай. Адная з такіх - жылы комплекс «Усход», размешчаны на беразе Заслаўскага вадасховішча, усутыч да дзяржрэзідэнцыі «Заслаўе-1».

Хто будаваў?

«Усход» раскінуўся на больш чым 17 гектарах зямлі. У савецкі час тут знаходзіўся піянерскі лагер, які з часам прыйшоў у заняпад.

Як жа гэтая зямля дасталася цяперашнім уладальнікам?

15 лютага 2008 года была ўкладзеная дамова куплі-продажу сямі гектараў зямлі паміж РУП «Белспецкантракт» і СТАА «УсходБуд».

Што такое «Белспецкантракт»?

Гэта арганізацыя, якая распрадае матэрыяльныя рэсурсы Узброеных сіл, якія сталі непатрэбнымі. Напрыклад, на сайце арганізацыі апублікаваныя «прапановы дня»: жаўнерская плашч-палатка 1980 або нацельныя жаўнерскія кальсоны 1984 выпуску.

Пакупнік, кампанія «Усход Буд», была створаная ўсяго за два месяцы да выканання ўгоды.

Акрамя жылога комплексу «Усход», яна не рэалізоўвала больш ніводнага праекта. Наконт яе заснавальнікаў нічога не паведамлялася, але кампанія была зарэгістраваная на тым жа юрыдычным адрасе, што і «ІтэраБелБуд».

А гэта даччыная кампанія расейскай газавай імперыі «Ітэра».

Яе заснавальнік, мільярдэр Ігар Макараў, з пачатку 1990-х займаўся продажам газу, а пасля і яго здабычай. «Ітэра» шчыльна супрацоўнічала з Беларуссю, нават пабудавала ў Магілёве завод для выпуску пластыкавага посуду. А самога Макарава, які называе Беларусь другой радзімай, Лукашэнка ўзнагародзіў медалём Францішка Скарыны.

Газ прыносіў мільярдэру велізарныя даходы, і гэтыя грошы ён укладваў у будаўніцтва. Самым амбіцыйным праектам «Ітэры» у Беларусі павінен быў стаць «Мінск-Сіці». Расейцы абяцалі ўкласці ў будаўніцтва дзелавога цэнтра да $30 мільярдаў! Праект быў ухвалены Лукашэнкам у сярэдзіне 2007 года. Праўда, праз некалькі гадоў праект быў «занядбаны», і з інвестарам развіталіся. Прыкладна ў той жа перыяд часу ў Расеі «Ітэры» абрэзалі доступ да газу.

Яшчэ 10 гектараў зямлі для будаўніцтва жыллёвага комплексу «УсходБуд» атрымаў пастановай Менаблвыканкама №559 ад 10 чэрвеня 2009 года.

«УсходБуд» быў супольным таварыствам з абмежаванай адказнасцю - значыць, сярод яго ўласнікаў былі і беларускія, і замежныя рэзідэнты. Гэта давала права на атрыманне зямлі ў сталае карыстанне. Розніца ў тым, што цалкам замежная кампанія магла толькі арандаваць надзел.

Хто валодае?

Інфармацыя аб першапачатковых заснавальніках «УсходБуду», на жаль, адсутнічае. Аднак дакладна вядома, што з цягам часу іх склад мяняўся. Як паведамілі «Нашай Ніве» ў Міністэрстве юстыцыі, у жніўні 2009 года ў лік заснавальнікаў увайшла кампанія з абмежаванай адказнасцю «Дэмілюкс ЛТД». Назва «Дэмілюкс» сустракаецца ў базах звестак кампаній Уругвая і Ганконга, аднак такой арганізацыі сярод беларускіх юрыдычных асоб няма. Фактычна гэта замежны афшорны фонд - кампанія, створаная, каб схаваць імёны сапраўдных уладальнікаў.

У лютым 2014 года ў спісе ўласнікаў «УсходБуду» з'явіўся новы афшор. Кампанія з абмежаванай адказнасцю «Вінсаймер Холдынгс Лімітэд» унёс у статутны фонд за ўсё... $ 2,2 і атрымала 0,01% дзелі. Арганізацыі з такой назвай сярод беларускіх юрыдычных асоб таксама няма. Навошта было ствараць новую кампанію і атрымліваць ад яе такі мізэр? Мы пакуль не знайшлі адказу на гэтае пытанне.

Тады ж «УсходБуд» змяніў назву. Цяпер гэта таварыства з абмежаванай адказнасцю «Усход Пропэртыз Мэнэджмэнт», што ў перакладзе можа азначаць «Кіраўніцтва нерухомасцю Усход».

Змянілася і форма ўласнасці - таварыства пакінула быць супольным.

Такім чынам, на сёння зямельны надзел эксплуатуецца таварыствам з абмежаванай адказнасцю, заснавальнікамі якога з'яўляецца невядомыя замежныя кампаніі.

Што пабудавалі?

Трапіць на тэрыторыю «Усходу» немагчыма. Высачэзны паркан за калючым дротам раскінуўся па ўсім перыметры 17-ці гектараў зямлі, на ім устаноўленыя камеры відэаназірання. Прысутнічаюць і спосабы псіхалагічнага ціску. Напрыклад, на паркане развешаныя шыльды «Забароненая зона. Праход закрыты». Іх бессэнсоўнасць відавочная: праз чатырохметровы плот, прычым без брамак і дзвярэй, прайсці і так немагчыма, а шпацыраваць па лесе побач з парканам не можа забараніць ніякая папераджальная шыльда.

На слупах вісіць яшчэ адно незаконнае «абмежаванне»: у лесе побач з прыватным валоданнем нібыта забароненая фота-і відэаздымка.

Праехаць вакол «Усходу» на аўтамабілі магчыма толькі ў тым выпадку, калі праігнараваць некалькі знакаў «Праезд забаронены» і «Уезд забаронены». Уезд на тэрыторыю жылога комплексу перацяты шлагбаўмам.

Убачыць, што знаходзіцца ўнутры, можна толькі дзякуючы спадарожнікавым фотаздымках (глядзі мапу).

А ў рэспубліканскі рэестр нерухомасці ўнесена прызначэнне кожнага з будынкаў - ад жылых катэджаў да сховішчаў для гародніны. Акрамя таго, на фота можна адрозніць некалькі спартыўных палёў (злева направа - тэніснае, баскетбольнае і валейбольнае), а таксама прыстань.

Афшорныя фонды валодаюць загадкавай рэзідэнцыяй на беразе Заслаўскага вадасховішча

1) Трохпавярховы драўляны палац з сутарэннем, трыма тэрасамі і чатырма навесамі. Плошча - 1144 м2

2) Трохпавярховы блочны дом з сутарэннем, трыма тэрасамі і двума навесамі. Плошча - 967 м2

3) Двухпавярховы блочны дом з сутарэннем, тэрасай і дзвюма навесамі. Плошча - 885 м2

4) Двухпавярховы блочны дом са склепам і двума тэрасамі. Плошча - 458 м2

5) Двухпавярховы блочны дом са склепам і чатырма навесамі. Плошча - 642 м2

6) Аднапавярховы драўляны дом з прыбудовай, тэрасай і навесам. Плошча - 145 м2

7) Двухпавярховы гаспадарчы будынак са склепам і двума навесамі. Плошча - 528 м2

8) Лазня дома №1 з сутарэннем, двума тэрасамі і двума навесамі. Плошча - 303 м2

9) Лазня дома №2 з двума тэрасамі. Плошча - 71 м2

10) Лазня дома №3 з тэрасай і навесам. Плошча - 49 м2

11) Блочны лазневы комплекс са склепам і двума навесамі. Плошча - 1875 м2

12) Двухпавярховы блочны фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Плошча - 1717 м2

13) Гараж. Плошча - 157 м2

14) Двухпавярховы блокавы будынак аховы. Плошча - 134 м2

15) Блокавы будынак барбекю на 15 чалавек. Плошча - 85 м2

16) Сховішча для гародніны.

17) Помпавая станцыя над артэзіянскімі свідравінамі

На тэрыторыі «Усходу» пабудаваны таксама гараж для спецтэхнікі, будынак барбекю на 6 чалавек, кацельня, супрацьпажарная помпавая станцыя, станцыя ачысткі сцёкавых вод.

Хто жыве?

Дакументальна пацверджанага адказу на гэтае пытанне няма. Ёсць толькі здагадкі работнікаў суседніх санаторыяў, якія асцерагаюцца нават падысці да сваіх новых суседзяў. Ёсць і запісы на інтэрнэт-форумах ад людзей, якія кантактуюць з тымі, хто працуе ў абслузе жылога комплексу.

Напісаць каментар 89

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках