Раскосмас дазволіў зноў запусціць «Пратон-М»
9- 27.09.2014, 18:11
- 7,805
Федэральнае касмічнае агенцтва пасля вынікаў чатырохдзённых выпрабаванняў дало дазвол на запуск ракеты-носьбіта «Пратон-М» з разгонным блокам «Брыз-М».
«Заслухаўшы даклады кіраўнікоў работ аб выніках выпрабаванняў, Дзяржаўная камісія прыняла пастанову аб гатоўнасці ракеты-носьбіта «Пратон-М» да запраўкі кампанентамі паліва і пуску», - гаворыцца ў паведамленні Раскосмаса.
Пуск «Пратон-М» запланаваны на 00:23 паводле маскоўскага часу 28 верасня са стартавага комплексу пляцоўкі 81 касмадрома Байканур. Запуск прызначаны для вывядзення на арбіту касмічнага апарата «Прамень», піша Lenta.ru.
Гэта будзе пяты ў гэтым годзе запуск з выкарыстаннем ракеты «Пратон» і першы пасля майскай аварыі гэтага носьбіта.
16 траўня «Пратон-М», які стартаваў з Байканура са спадарожнікам сувязі «Экспрэс-АМ4Р» на борце, згарэў у шчыльных пластах атмасферы. Галаўная частка ў складзе разгоннага блока «Брыз-М» са спадарожнікам не паспела аддзяліцца ад ракеты, апарат не быў выведзены на арбіту. Прычынай аварыі стала разбурэнне падшыпніка ў турбапампавальным агрэгаце рулявога рухавіка трэцяй ступені ракеты.
Праз некалькі дзён пасля аварыі было абвешчана, што Расея працягне выкарыстоўваць «Пратоны-М» да 2025 года.