29 красавiка 2024, панядзелак, 21:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даля Грыбаўскайтэ: Расея - тэрарыстычная дзяржава

63
Даля Грыбаўскайтэ: Расея - тэрарыстычная дзяржава

Прэзідэнт Літвы апублікавала планы пуцінскай Расеі і абвінаваціла Захад у няздольнасці дзейнічаць.

«Сёння на Захадзе няма лідэра, які ў стане спыніць Пуціна», - выносіць прысуд літоўская прэзідэнтка ў інтэрв'ю амерыканскаму выданню The Washington Post (журналістка Lally Weymouth). У той жа час Грыбаўскайтэ сцвярджае: «Вайну ва Усходняй Украіне можна хутка спыніць. Гэта можа зрабіць Захад, які павінен прадэманстраваць Пуціну, што таксама гатовы змагацца за свае каштоўнасці - свабоду і дэмакратыю», перадае i-dela.com.

На думку прэзідэнта Літвы, сітуацыя ва Украіне з кожным днём пагаршаецца. «Расейскія войскі ўсё яшчэ на тэрыторыі Украіны. Гэта азначае, што Еўропа і свет дазваляе Расеі не толькі запалохваць сваіх суседзяў, але і ўжываць вайсковую сілу супраць іх. Гэта тое ж самае, што міжнародны тэрарызм, тое, што мы бачым у Іраку і Сірыі.

Ва Украіне адбываецца сапраўдная вайна. Еўрапейскі Звяз і большасць з сусветных лідэраў спрабуюць казаць пра гэта, не як пра вайну, а як аб нейкай падтрымцы тэрарыстычных груп. Мы бачылі выпадак з Крымам. З самага пачатку там былі нейкія «зялёныя чалавечкі», але неўзабаве яны з’явіліся ў расейскім войску. Цяпер гэта адбываецца ва Усходняй Украіне. І я ўпэўненая, што гэта не апошняя тэрыторыя, на якой Пуцін мае намер прадэманстраваць сваю сілу», - заявіла Грыбаўскайтэ.

Яна ўпэўненая, што калі санкцыі ў дачыненні да Расеі будуць мяккімі або яны не будуць цалкам ужытыя, Пуцін будзе спрабаваць злучыць Усходнюю Украіну з Паўднёвай Украінай і Крымам. Узгадала палітык нядаўнія словы расейскага прэзідэнта аб тым, што, калі б ён захацеў, то ягоныя жаўнеры за два дні занялі б Варшаву, краіны Балтыі і Бухарэст, а гэта - адкрытая пагроза ў дачыненні да суседзяў.

«Калі мы дазволім яму ўвайсці ў Прыднястроўе, ён будзе ісці куды захоча. Праблема ў тым, што пуцінская Расея гатовая да вайны і хоча ваяваць. А вось Еўропа і Захад не гатовыя да вайны. Цяпер у Еўропе і ў свеце няма такога лідэра, які мог бы спыніць Пуціна. Нарэшце, мы ўсё дзівімся, як так атрымалася, што ўсе новыя тэрыторыі і краіны захопліваюцца. Прамаруджванне ў рашучых дзеяннях для прыпынку агрэсара на гэтым шляху будзе занадта дарагім для ўсіх, калі наогул не стане занадта позна. Калі яго ніхто не спыніць ва Украіне, ён, безумоўна, пойдзе далей», - адзначыла Даля Грыбаўскайтэ.

На яе думку, пятага артыкула Дамовы NATO недастаткова, каб краіны Балтыі адчувалі сябе ў бяспецы.

«Усе заяўляюць, што пяты артыкул Дамовы NATO застаецца ў дзеянні. Тым не менш, гэта не спыніць Пуціна ў яго падступных планах, калі ён не ўбачыць рэальныя дзеянні лідэраў Еўропы і свету. Калі ён не ўбачыць, што яны не проста гавораць. Мы павінны яго спыніць ва Украіне. Дагэтуль некаторыя гэта цалкам не разумеюць. Вось чаму я кажу, што лідэрства Еўропы цяпер знаходзіцца ў руках Пуціна, а не Захаду», - падкрэсліла прэзідэнтка Літвы.

Яна заявіла, што пагроза Пуціна цяпер не меншая, чым «Ісламскай дзяржавы» ў Іраку і Сірыі, і што «Ісламская дзяржава» і Расея з'яўляюцца аднолькава тэрарыстамі.

«Я думаю, што Расея тэрарызуе сваіх суседзяў з дапамогай тэрарыстычных метадаў. Праўда, свет сёння больш заклапочаны «Ісламскай дзяржавай». Гэта асноўная мэта. На жаль, адначасова гэта дзіўная магчымасць для Пуціна рабіць усё, што яму заманецца. Пуцін стварае пагрозу. Хоць бы і так званыя мірныя перамовы ў Менску, якія адбыліся пасля ўльтыматуму Пуціна. У іх Захад і Еўрапейскі Звяз паддаліся на ягоныя ўмовы, на практыцы гэта азначае падзел Украіны», - заявіла Грыбаўскайтэ.

Палітык задаецца пытаннем: чаму ЕЗ і ЗША клапоціцца аб тым, каб не раззлаваць Пуціна, які сам адпраўляе сваіх жаўнераў забіваць і акупаваць Украіну? Чаму сусветная супольнасць не звяртае ўвагі на пачуцці ўкраінцаў? Рана ці позна, але Пуціна ўсё роўна назавуць тэрарыстам і злачынцам.

Цяперашняя сітуацыя нагадвае прэзідэнту Літвы Судэты - сітуацыю напярэдадні Другой сусветнай вайны, таму што сусветныя лідэры з расплюшчанымі вачыма дазваляюць дзяліць Украіну.

«Пасля саміту ў Валіі Альянс прачнуўся. Мы атрымалі сродкі для павышэння бяспекі. Мы павінны больш інвеставаць у абарону. Але колькі ў нас часу? Санкцый супраць Расеі недастаткова. Можа быць, калі Пуцін пойдзе далей, санкцыі будуць больш жорсткімі», - сказала Даля Грыбаўскайтэ.

Кіраўнік службы бяспекі Украіны пацвердзіў амерыканскім чыноўнікам, што аб замірэнні дамоўлена.

«Еўрапейцы ды іншыя краіны запатрабавалі, каб прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пагадзіўся з усімі ўмовамі, нават з тымі, якія для яго былі непрымальнымі, бо Украіна стала падзеленай дзяржавай. І гэта зроблена з бласлаўлення еўрапейскіх ды іншых лідэраў, бо яны зусім ня дапамаглі Украіне», - заявіла прэзідэнтка Літвы.

Паводле яе слоў, усе суседзі Расеі цяпер пад пагрозай. У гэты час прэзідэнт РФ пагражае і нават жартуе, што гэтыя суседнія краіны не з'яўляюцца сапраўднымі дзяржавамі. У той жа час свет можа пазбегнуць вайны.

«Калі абодва бакі настроены на вайну, вайны ніколі не будзе. Калі Расея поўная рашучасці ісці на вайну, а Захад будзе спрабаваць усяляк пазбегнуць вайсковага канфлікту, тады Расея будзе ісці так далёка, як мы ёй дазволім.

Умовы замірэння ва Украіне былі прапанаваныя Расеяй. Захад не падтрымлівае Украіну вайсковымі сродкамі. Расеі дазволена рабіць ва Украіне ўсё, што яна захоча. Гэта ганьба, што ў ХХІ стагоддзі заходнія лідэры дазваляюць агрэсару дзейнічаць у незалежнай дзяржаве, як яму прыйдзе ў галаву.

Я радая, што Абама нарэшце прадэманстраваў лідэрства ў Іраку і Сірыі. Спадзяюся, што гэта дазволіць яму паказаць тое ж самае і ў дачыненні да Украіны. Лідэрства прыходзіць праз навучанне. Ніхто не нараджаецца лідэрам, але ім можна стаць», - сказала Грыбаўскайтэ.

Яна адзначыла таксама, што Літва была акупаваная цягам пяцідзесяці гадоў і яны ведаюць, як змагацца з суседам-агрэсарам. «Я здзіўленая тым, што сутыкнуцца з Расеяй баяцца нават тыя краіны, якія ніколі не адчувалі расейскую агрэсію.

Апошнім часам гучна выказваюцца тыя дзяржавы, якія маюць мяжу з Расеяй, асабліва Літва і Польшча. Публічныя заявы і мужнасць прысарамаціць заходніх лідэраў за іх безадказнасць у абароне свабоды, дэмакратыі і незалежнасці з'яўляецца адным з тыпаў нашай зброі ў барацьбе супраць Расеі», - рэзюмавала палітык.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках