У берасцейскага «Дынама» няма грошай на замежныя зборы
7- 15.01.2015, 18:40
- 6,197
Берасцейскае «Дынама» пры падрыхтоўцы да новага сезону будзе вымушанае праз складаную эканамічную сітуацыю ў клубе абысціся без замежных збораў.
У снежні змяніўся старшыня клуба: Мікалая Харашуна, які пайшоў у БГК імя Мяшкова, змяніў Уладзімір Матусевіч, які вярнуўся ў берасцейскае «Дынама» праз дзесяць гадоў, паведамляе БелаПАН.
Першы ў гэтым сезоне трэніравальны збор дынамаўцы правядуць на базе пінскай Акадэміі футбола з 26 студзеня па 7 лютага. А 10-12 лютага ў Берасці пройдзе традыцыйны міжсезонны турнір Winter Cup. Другі этап падрыхтоўкі да сезону «Дынама» плануе правесці таксама не пакідаючы тэрыторыю Берасцейскай вобласці - у Пінску альбо Тамашоўцы.
Каманда рассталася з усімі легіянерамі. Балгарскі абаронца Любен Ніколаў пасля двух гадоў, праведзеных у Берасці, вырашыў перабраўся ў Тайланд, падпісаўшы кантракт з клубам «Сісакет». Украінец Сяргей Семянюк вярнуўся на радзіму. Галкіпер Канстанцін Рудзянок падпісаў кантракт са «Слуцкім». Замяніць асноўнага ў мінулым галкіпера «Дынама» закліканы арандаваны ў БАТЭ 23-гадовы Андрэй Шчарбакоў. Таксама пакінуў Берасце хаўбек Аляксандр Пярэпечка. Пасля заканчэння тэрміну арэнды вярнуўся ў салігорскі «Шахцёр» форвард Кірыл Вяргейчык.
Спадабацца трэнерскаму штабу «Дынама» спрабуюць выхаванцы берасцейскага футбола - паўабаронцы Андрэй Цэван і Аляксандр Дзямешка. Абодва раней ўжо гулялі ў «Дынама». З камандай таксама трэніруецца былая зорка маладзёжнай зборнай Беларусі Уладзімір Юрчанка. Заўважым, што да прыезду ў Берасце нападнік адседзеў чатыры месяцы ў жодзінскай турме. Наладзіць сваю кар'еру ў «Дынама», акрамя Юрчанкі, паспрабуе і атакавальны хаўбек Арцём Салавей. За берасцейскі клуб ужо выступае ягоны родны брат Андрэй Салавей.