8 траўня 2024, Серада, 22:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Die Zeit: Нельга скасоўваць санкцыі супраць Расеі

Die Zeit: Нельга скасоўваць санкцыі супраць Расеі

ЕЗ не мае права адмаўляцца ад адзінага інструмента супраць дзеянняў Расеі.

Таму што ў гэтай вайне словы значэння не маюць.

Аб гэтым піша Эліс Бота у сваім артыкуле «Нельга скасоўваць санкцыі», апублікаванай на сайце нямецкай газеты Die Zeit (пераклад — УНИАН).

Не зроблена нічога, што дазволіла б чалавеку на ўсходзе Украіны ўпэўнена пачаць гэты год: перамір'е, падпісанае ў пачатку верасня, нічога не вартае; па-ранейшаму паміраюць людзі ў Луганску, пад Данецкам або ў кантраляваным украінцамі мястэчку Валнаваха, дзе ў аўторак граната разарвала аўтобус на ўкраінскім прапускным пункце. Зноў загінулі мірныя жыхары, у чарговы раз, абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў трагедыі, якая стала амаль звычайнай з'явай. Таксама амаль нічога не вартыя клятвы палітыкаў, што ў перамовах паміж украінцамі і расейцамі бліжэйшым часам будзе прагрэс, павінен быць, таму што гэтая вайна бясконца дорага абыходзіцца абодвум краінам.

Вядома, можна разлічваць на больш зручны час, трэба весці перамовы ў больш мірны час. Але пакуль няма паляпшэння, пакуль абодва бакі ўцягнутыя ў канфлікт, было б катастрофай, калі б ЕЗ адмовіўся ад свайго адзінага інструмента супраць дзеянняў Расеі: санкцыяў. Але цяпер усё паказвае на гэта.

Неўзабаве санкцыі павінны быць абноўленыя, 28 дзяржаў-сябраў ЕЗ павінны зноў прыйсці да адзінай пастановы, што ўжо даволі цяжка ім давалася некалькі месяцаў таму: Італія, здавалася, не вельмі гэтага хоча, Венгрыя спачатку таксама сумнявалася, Балгарыя марудзіла, Чэшская Рэспубліка таксама – кошт падаваўся занадта высокім, асабліва для малых краін. Тым не менш, эканамічная інтэграцыя і энэргетычная залежнасць ад Расеі не заўсёды былі вызначальнымі: Польшча і краіны Балтыі, нягледзячы на іх залежнасць і сувязі з Расеяй, з самага пачатку выступалі за жорсткія санкцыі, праз страх, які цалкам апраўданы гістарычна. Часам нацыянальныя ўспаміны значаць больш, чым проста нацыянальныя інтарэсы.

У канцы каштоўнасці адолелі эканамічнае мысленне, 28 краін дамовіліся, ЕЗ, які часта высмейваюць за марудлівасць, прадэманстраваў рашучасць - якую цяпер паставілі пад сумнеў, напрыклад прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. Ён не самотны ў гэтым, неўзабаве Пуцін наведаў Венгрыю і свайго прыхільніка Віктара Орбана, які ніколі не падтрымліваў санкцыі. Аланд заклікае да скасавання санкцый, калі Уладзімір Пуцін перастане падтрымліваць сепаратыстаў на Данбасе - што ён, па логіцы Аланда, і так хутка павінен быў бы зрабіць праз высокі палітычны і эканамічны кошт. Таму што Расея не хоча анэксаваць Усходнюю Украіну, сказаў Аланд пасля размовы з Пуціным: «Я ўпэўнены, ён сказаў мне пра гэта».

Уладзімір Пуцін таксама заявіў, што не адпраўляў ніякіх вайскоўцаў у Крым і ніякай зброі ва Усходнюю Украіну, абодва сцвярджэнні зняпраўджаныя. Словы нічога не значаць у гэтай вайне, відаць, ні на паперы, ні нават тады, калі іх шэпчуць ў дзелавой гутарцы непасрэдна ў вуха Аланда, які, нарэшце, хоча ажыццявіць сваю ўгоду з Расеяй у продажы «Містраль».

Санкцыі ўвялі, таму што Расея анэксавала частку Украіны - Крым – і падтрымлівала вайну на ўсходзе краіны. Санкцыі, разам з фірмамі і банкамі, закранулі перш за ўсё тых людзей, якія падтрымліваюць вайну ва Украіне. Нічога ў гэтым не змянілася, вайна на ўсходзе краіны ўжо не настолькі жорсткая, як улетку, але ўсё яшчэ досыць сур'ёзная, каб штодня забіваць людзей і дэстабілізаваць Украіну. Дык калі няма ніякіх саступак, ніякага прагрэсу, тады навошта цяпер адмаўляцца ад санкцый?

Калі былі ўведзеныя санкцыі, крытыкі буркаталі, што яны не эфектыўныя. Ці зробяць уплыў толькі ў доўгатэрміновай перспектыве. Затым былі заявы, што яны руйнуюць расейскую эканоміку. Наколькі, разам з высокімі коштамі нафты, на самай справе санкцыі спрыялі рэцэсіі ў Расеі наўрад ці можна дакладна вызначыць - але ў любым выпадку яны не былі беспаспяховымі, еўрапейскія інвестыцыі вяртаюцца.

Ніхто не можа сур'ёзна быць зацікаўлены ў тым, каб ізаляваць ці нават дэстабілізаваць Расею, і санкцыі таксама не накіраваныя на гэта. Яны караюць не краіну або народ, а пэўную палітыку, якая ставіць пад сумнеў увесь еўрапейскі парадак. Гэтая палітыка не з'яўляецца бясспрэчнай, і тут павінны падзейнічаць санкцыі, зрабіць уплыў. Яны павінны неверагодна павысіць кошт такой палітыкі. Слабасць санкцый заключаецца ў тым, што яны не могуць быць сродкам эфектыўнага кіравання. Яны не канструктыўныя, яны нічога не развязваюць - у лепшым выпадку яны прадухіляюць або стрымліваюць. У большасці выпадкаў, іх ужываюць ад палітычнай бездапаможнасці: яны - апошні выхад, таму што вайна не з'яўляецца варыянтам, як і прыняцце агрэсіўнай палітыкі. Хоць у палітыцы цяпер няма ніякага прагрэсу, але адмова ад гэтага інструмента будзе азначаць маўклівую згоду з новаствораным хаосам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках