4 траўня 2024, Субота, 16:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя санкцыі ЕЗ могуць закрануць ядзерны сектар РФ

8
Новыя санкцыі ЕЗ могуць закрануць ядзерны сектар РФ

Еўрапарламент прыняў 15 студзеня рэзалюцыю аб Украіне.

У ёй гаворыцца пра тое, якія новыя санкцыі могуць пагражаць Расеі ў выпадку невыканання ёю умоў Еўразвяза, піша РБК.

У дакуменце адзначаецца, што «ў выпадку любых далейшых дзеянняў Расеі, накіраваных на дэстабілізацыю Украіны», Еўрарадзе варта прыняць новыя абмежавальныя меры і пашырыць іх спектр, «ахапіўшы ядзерны сектар і абмежаваўшы магчымасць расейскіх арганізацый праводзіць міжнародныя фінансавыя транзакцыі.

У рэзалюцыі таксама гаворыцца аб неабходнасці падаўжэння дзеючых санкцый, калі Расея не будзе выконваць Менскія пагадненні. Дэпутаты наважылі абавязаць Еўракамісію знайсці спосаб павысіць эфектыўнасць узаемадзеяння паміж чальцамі ЕЗ на выпадак працягу крызісу ў дачыненнях з Расеяй.

Дэпутаты адзначылі, што неабходна выпрацаваць дакладны набор патрабаванняў, ад выканання якіх залежыць увядзенне новых санкцый супраць Расеі ці скасаванне ўжо існых. Прынамсі, гаворка ідзе аб захаванні замірэння, аб безумоўным вывадзе з Украіны ўсіх расейскіх войскаў або незаконных узброеных груповак і наймітаў, якія дзейнічаюць пры падтрымцы Расеі, аб абмене ўсімі палоннымі, уключаючы афіцэра ўкраінскіх ВПС Надзею Саўчанку, і аднаўленні кантролю Украіны за ўсёй сваёй тэрыторыяй, уключаючы Крым.

Санкцыі супраць Расеі былі ўведзеныя ЕЗ і ЗША ў 2014 годзе пасля далучэння да Расеі Крыма і пачатку канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны. Акрамя персанальных санкцый супраць шэрагу расейскіх чыноўнікаў і палітыкаў, ЕЗ і ЗША абмежавалі доступ да замежных рынкаў капіталу для некалькіх буйных расейскіх банкаў і дзяржкампаній. Акрамя таго, была ўведзеная забарона на перадачу расейскім кампаніям тэхналогій у глыбіннай здабычы нафты і асваенню арктычнага шэльфа. У адказ Расея ў пачатку жніўня 2014 на год забараніла ўвозіць з заходніх краін шэраг прадуктаў харчавання.

Паводле ацэнак экспэртаў Інстытута стратэгічнага аналізу ФБК Grant Thornton, у 2014 годзе ВУП Расеі знізіўся праз санкцыі на 0,2%, або 121,4 млрд руб. У выпадку, калі яны будуць дзейнічаць на працягу года, то падзенне ВУП складзе 1,2%, або 949,4 млрд руб.

Дзеянне санкцый пагоршыла падзенне курсу расейскага рубля і паскарэнне інфляцыі, выкліканых імклівым зніжэннем коштаў нафты. На думку аналітыкаў Польскага інстытута міжнародных спраў, санкцыі супраць Расеі параўнальныя з апрамяненнем радыеактыўнымі рэчывамі, «чым даўжэй Расея знаходзіцца пад іх уздзеяннем, тым мацнейшым будзе эфект».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках