28 красавiка 2024, Нядзеля, 11:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Глыбокага выкупілі для музея ўнікальную паштоўку з выглядам горада

5

Гісторыка-этнаграфічны музей Глыбокага атрымаў унікальны падарунак - паштоўку, якую купілі на інтэрнэт-аўкцыёне жыхары горада.

Першым звярнуў увагу на лот, які мае дачыненне да Глыбокага, мясцовы журналіст Кастусь Шыталь. Разам з краязнаўцам Юрыем Калбасічам яны вырашылі «пусціць шапку па крузе» і выкупіць паштоўку стогадовай даўнасці. Кінулі кліч у сацыяльнай сетцы і сярод знаёмых, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Ахвяраванні ўнеслі блізу дзесяці жыхароў і мецэнат Павел Блышко,Гэта ураджэнец Глыбокага, прадпрымальнік, цяпер ён жыве ў Санкт-Пецярбургу, але часта бывае ў родным горадзе і дапамагае яму. Ён аплаціў палову кошту лота. Мы баяліся, што да канца таргоў кошт можа вырасці, гэта ж аўкцыён. Але атрымалася наадварот, гаспадар паштоўкі пагадзіўся нават трохі знізіць першапачатковы кошт.

У выніку гістарычная каштоўнасць абышлася жыхарам у 50 у.а.

- Наогул я з гэтай паштоўкай растаўся неахвотна, - распавёў менскі калекцыянер і краязнаўца Генадзь Сухоцкі. - Купіў яе даўнютка, у клубе калекцыянераў. Калі для жыхароў Глыбокага паштоўка ўяўляе каштоўнасць у асноўным праз тое, што на ёй намаляваны выгляд горада, то для мяне галоўнае - тэкст. Чытаеш, пра што пісаў чалавек сваёй знаёмай, і нібы зазіраеш адным вокам ў жыццё таго часу. Хіба не дзіўна, што сто гадоў таму адпраўнік паштоўкі наракае на тое, што не знайшоў аўтамабіль для паездкі і цяпер яму давядзецца трэсціся на «вясковых клячах»? Для мяне важны яшчэ і адрас, куды была адпраўлена паштоўка. Яе паслалі ў Менск, у дом, размешчаны на вуліцы Шпітальнай. А гэта чарговы довад таго, што вуліца з такой назвай у Менску існавала, і нагода задумацца пра тое, каб вярнуць ёй спрадвечнае назву.

Неўзабаве ўнікальная паштоўка з'явіцца ў экспазіцыі гісторыка-этнаграфічнага музея. А пакуль супрацоўнікі музея яе вывучаюць і робяць адно адкрыццё за адным.

- Гэта адзіны на сёння вядомы калекцыянерам асобнік Глыбоцкай паштовай карткі «Царкоўная плошча» - від, на якім прадстаўлена панарама мястэчка з боку возера Глыбокае, - распавёў старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі. - Яна была выпушчаная ў Глыбоцкім выдавецтве Л. Я. Рома ў пачатку XX стагоддзя. Адпраўленая паштоўка з Глыбокага ў Менск была ў кастрычніку 1915 года. Цікава, што малюнак утрымлівае памылку! У той час рэтуш фатаграфій, і паштовак у тым ліку, выраблялася ўручную, таксама ўручную фота размалёўвалі, калі хацелі атрымаць каляровы малюнак. Мабыць, мастак, які працаваў над паштоўкай, палічыў бакавы неф касцёла не часткай яго, а асобным будынкам, і таму расфарбаваў дах нефа ў шэры колер, а не ў чырвоны, як дах самога касцёла.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках