6 траўня 2024, панядзелак, 9:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Мірны выйшаў у 1/8 фіналу парнага разраду Australian Open

Максім Мірны выйшаў у 1/8 фіналу парнага разраду Australian Open

Максім Мірны прадаўжае пераможную серыю на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі ў тэнісе (прызавы фонд - $31 млн).

Сёння ў матчы 1/16 фіналу мужчынскага парнага разраду Мірны разам з гішпанцам Фелісіяна Лопесам абыграў у двух сэтах інтэрнацыянальны дуэт Рохан Бапана (Індыя)/Даніэль Нестар (Канада), пасеяны пад сёмым нумарам - 7:5, 6:3. Сустрэча доўжылася 1 гадзіну 13 мін. У стартавым матчы беларуска-гішпанская пара ў напружанай барацьбе перайграла аўстралійскі тандэм Люк Сэйвіл/Джэймс Дакворт - 7:6 (7:1), 6:7 (5:7), 6:2.

Максім Мірны ў 19-ы раз гуляе ў Мельбурне. Ягоным лепшым дасягненнем у парным разрадзе з'яўляецца выхад у фінал у 2007 годзе ў дуэце з Ёнасам Б'ёркманам са Швецыі, калі яны саступілі тытул лепшай пары планеты амерыканцам Бобу і Майку Браянам.

У спаборніцтвах змешаных пар Максім Мірны будзе гуляць з прадстаўніцай Аўстраліі Арынай Радзівонавай. У першым раундзе іх чакае сустрэча з амерыканкай Эбігейл Спірс і мексіканцам Сант'яга Гансалесам.

Лепшая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая займае цяпер 44-е месца ў сусветным рэйтынгу, сёння не гуляе. У паядынку 1/16 фіналу 24 студзеня ёй трэба будзе сустрэцца з чэшскай тэнісісткай Барбарай Захлававай-Стрыкавай (23-е месца ў рэйтынгу ВТА). Дагэтуль яны сустракаліся паміж сабой тройчы, і ва ўсіх паядынках перамога была на баку Вікторыі Азаранкі. Іх апошняя сустрэча адбылася год таму на старце Australian Open, тады беларуска выйграла ў двух сэтах - 6:1, 6:4.

На цяперашнім турніры Вікторыя Азаранка ўжо атрымала дзве перамогі - над амерыканкай Слоан Стывенс (32) - 6:3, 6:2, і восьмай ракеткай планеты Каралін Вазняцкі - 6:4, 6:2.

Вікторыя Азаранка ў дзесяты раз выступае на Australian Open і двойчы станавілася трыумфатарам гэтых прэстыжных спаборніцтваў (2012, 2013).

Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі-2015 завершыцца 1 лютага.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках