29 красавiка 2024, панядзелак, 9:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мацярынскі капітал пачнуць выплачваць толькі вясной?

31
Мацярынскі капітал пачнуць выплачваць толькі вясной?

Шматдзетная мама, якая нарадзіла ў пачатку студзеня трэцяе дзіця, звярнулася ў выканкам за $10 000 і вельмі здзівіла гэтым чыноўнікаў.

Трэці сын у сям'і Машы і Дзімы з'явіўся на свет на Каляды, 7 студзеня. «Ой, Маш, так ты ў ліку першых атрымаеш мацярынскі капітал!» - цешацца за шматдзетную сям'ю іх сябры.

Першыя тыдні пасля вяртання з радзільні прайшлі ў клопатах, далёкіх ад грошай. Але афармленне мацярынскага капіталу новаспечаныя шматдзетныя бацькі вырашылі не адкладаць у доўгую скрыню. Доўга шукалі на розных сайтах спіс неабходных дакументаў, не знайшлі. Зрабілі ксеракопіі сваіх пашпартоў, пасведчанняў аб нараджэнні ўсіх дзяцей, пасведчання аб шлюбе, пра астатнія патрэбныя паперы вырашылі ўдакладніць у Бараўлянскім сельсавеце, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Мацярынскі капітал? Мы такога не ведаем, тэлефануйце ў выканкам Менскага раёна, - здзівіліся ў сельсавеце.

Маша таксама здзівілася - ну як жа, гэтая тэма не сыходзіла ў мінулым годзе са старонак газет, у краіне нават падаходны падатак на адзін працэнт паднялі, каб назбіраць грошай на мацярынскі капітал.

- Мы патэлефанавалі ў выканкам Менскага раёна, у адно акно, - распавядае маладая шматдзетная матуля. - Там увогуле сказалі, што мы нешта прыдумляем. Вось гэта так! Проста дэтэктыў нейкі!

АФІЦЫЙНА

«Пералiк дакументаў распрацаваны, але пакуль знаходзіцца на ўзгадненні»

Усе падрабязнасці таго, каму і як выплачваецца сямейны (ён жа мацярынскі) капітал прапісаны ва ўказе «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей». У ім гаворыцца: за матчыным капіталам трэба ісці ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы (гэта значыць у выканкам) ў месцы рэгістрацыі. Прычым зрабіць гэта трэба на працягу шасці месяцаў з дня нараджэння дзіцяці. Яшчэ месяц у выканкаме будуць прымаць рашэнне.

А вось якія дакументы з сабой трэба браць, ва ўказе не гаворыцца. Але затое напісана: «Форма заявы i пералiк прыкладаемых да яго дакументаў вызначаюцца Саветам міністраў». На тое, каб падрыхтаваць і зацвердзіць гэты спіс, у чыноўнікаў ёсць тры месяцы, пачынаючы з 1 студзеня. Гэта значыць спіс можа з'явіцца толькі вясной

- Пералiк дакументаў, неабходных для прызначэння сямейнага капіталу, распрацаваны, і ў гэты момант ідзе працэс ягонага ўзгаднення, - растлумачылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

- Ці не атрымаецца так, што сем'і, у якіх трэцяе дзіця нарадзілася ў пачатку студзеня, застануцца без мацярынскага капіталу проста таму, што не паспеюць падрыхтаваць дакументы ў тэрмін?

- Перажываць пра гэта не варта. У сям'і ёсць шэсць месяцаў з дня нараджэння трэцяга або наступнага дзіцяці для звароту за прызначэннем сямейнага капіталу.

Дарэчы, у раённых адміністрацыях кажуць, што менчукі паволі пачынаюць цікавіцца мацярынскім капіталам.

- Да нас прыходзіў на кансультацыю чалавек, у якога 1 студзеня нарадзіліся двайняты і яшчэ дзіця ёсць. Як толькі выйдзе пастанова з пералікам дакументаў, будзем яго выклікаць, - распавялі ў адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы.

- Пакуль мацярынскім капіталам цікавіўся адзін чалавек, - сказалі ў адміністрацыі Фрунзенскага раёна.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках