6 траўня 2024, панядзелак, 14:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лёсавызначальныя выбары ў Грэцыі: чатыры магчымыя сцэнары

7
Лёсавызначальныя выбары ў Грэцыі: чатыры магчымыя сцэнары

Грэцыя стаіць на парозе беспрэцэдэнтнай падзеі: упершыню ў гісторыі краіны яе ўрад можа ўзначаліць прадстаўнік радыкальных левых сілаў.

Левацэнтрысцкія, сацыял-дэмакратычныя прэм'ер-міністры краінай кіравалі ўжо не раз, але каб такой шырокай падтрымкай, як цяпер, карысталася, па сутнасці, пракамуністычная партыя - такога не было ўжо з 1958 года, калі кіраўнік Эда, атрымаўшы амаль 27 адсоткаў галасоў, стаў лідарам апазіцыі, паведамляе «Нямецкая хваля».

СІРЫЗА абяцае скончыць з жорсткай эканоміяй

Тады Грэцыя, знясіленая Другой сусветнай і грамадзянскай войнамі, уважалася за самую бедную дзяржаву Заходняй Еўропы. Сёння Грэцыя, знясіленая даўгавых крызісам і шасцігадовай дэпрэсіяй, з'яўляецца самай праблемнай краінай еўразоны. Партыі Эда даўно ўжо няма, цяпер ад імя бедных і самых бедных слаёў насельніцтва выступае Кааліцыя радыкальных левых сіл (СІРЫЗА).

"Грэчаскі народ хоча, нарэшце, скончыць з палітыкай жорсткай эканоміі, якая разбурыла наша грамадства і нашу краіну", - заяўляе Дзімітрыс Пападзімуліс, адзін з лідараў руху СІРЫЗА і віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента. У інтэрв'ю DW ён пералічвае, да чаго менавіта, на яго погляд, прывёў узяты ў 2010 годзе курс на аздараўленне дзяржаўных фінансаў і рэфармаванне грэцкай эканомікі, якая страціла канкурэнтаздольнасць.

ВУП краіны скараціўся за мінулыя пяць гадоў на 25 адсоткаў, беспрацоўе дасягнула небывалага ўзроўню больш чым у 25 адсоткаў, сярод моладзі кожны другі не мае працы, а даўгавы цяжар за гэтыя гады не зменшыўся, а нават павялічыўся, абураецца Дзімітрыс Пападзімуліс.

Без міжнароднай фінансавай дапамогі Грэцыі не абысціся

У той жа час Грэцыі не прыйшлося абвяшчаць сябе банкрутам, яна атрымала ад Еўрапейскага звязу і Міжнароднага валютнага фонду ў агульнай складанасці 240 млрд еўра фінансавай дапамогі і ёй спісалі 100 мільярдаў еўра запазычанасці. Дзве праграмы фінансавай падтрымкі былі прынятыя пры ўмове, што Афіны зоймуцца аздараўленнем бюджэту, рэфармаваннем разадзьмутых структур дзяржаўнага кіравання, стымуляваннем прыватнага бізнэсу.

Дзеючая праграма міжнароднай фінансавай дапамогі павінна была завяршыцца да канца 2014 года, аднак апошні транш у памеры 1,8 мільярда еўра пакуль так і не пераведзены, паколькі абяцаныя ўрадам Антоніса Самараса рэформы затармазіліся. Праграму працягнулі да канца лютага, аднак праз выбары цалкам верагодна, што тэрміны выплаты належнай Афінам сумы падоўжаць да лета.

СІРЫЗА абяцае выбаршчыкам, што ў выпадку сваёй перамогі запатрабуе перагляду ўмоў прадстаўлення фінансавай дапамогі і будзе дамагацца ад крэдытораў яшчэ аднаго буйнамаштабнага спісання грэчаскіх запазычанасцей. "У такім выпадку можа ўзнікнуць пагроза Grexit - выхаду Грэцыі з еўразоны", - асцерагаецца Георгіяс Кіртсас, дэпутат Еўрапарламента ад кансерватыўнай партыі "Новая дэмакратыя" (НД), які ўзначальвае цягам апошніх двух гадоў урадавую кааліцыю.

Пагроза Grexit

Праўда, адзначае Георгіяс Кіртсас, выхад або выключэнне краіны з еўразоны дзеючымі законамі ЕЗ не прадугледжанае, але калі новы ўрад не здолее дамовіцца з еўрапейскімі дзяржавамі-крэдыторамі, то без іх фінансавай дапамогі Афінам нічога іншага не застанецца, як пачаць друкаваць уласную валюту, каб хоць плаціць заробкі дзяржслужачым і бюджэтнікам. Спадзяюся, дадае дэпутат, што да гэтага справа ніколі не дойдзе.

Прадстаўнікі руху СІРЫЗА на сваіх перадвыбарных мітынгах над тэзісам пра небяспеку Grexit іранізуюць: маўляў, пасля 25 студзеня адбудзецца не выхад Грэцыі з еўразоны, а адстаўка Самараса. Зрэшты, перамога радыкальных левых на чале з Алексісам Цыпрасам зусім не гарантаваная. Хоць яны і лідэравалі паводле вынікаў усіх апытанняў, аж да дня галасавання, іх адрыў ад НД не быў непераадольным.

Чатыры сцэнары

Так што атрымаць абсалютную большасць галасоў у парламенце радыкальным левым наўрад ці ўдасца. Значыць, ім прыйдзецца шукаць кааліцыйнага партнёра. Алексіс Цыпрас ужо спрабаваў дамовіцца з Камуністычнай партыяй Грэцыі, у структурах якой ён ў 1989 годзе пачынаў сваю палітычную кар'еру. Аднак лідар КПГ Дзімітрыс Куцумбас магчымасць саюза з рухам СІРЫЗА пасля парламенцкіх выбараў выключыў.

Еўрадэпутат ад НД Георгіяс Кіртсас мяркуе, што пасля 25 студзеня магчымыя чатыры сцэнары развіцця падзей.

Першы сцэнар: насуперак вынікам апытанняў грамадскага меркавання кансерватары перамогуць у выбарах і фармуюць новы кааліцыйны ўрад. "У такім выпадку эканоміка пачне набіраць абароты".

Другі сцэнар: СІРЫЗА перамагае, фармуе левы ўрад і даводзіць справу да разрыву з міжнароднымі крэдыторамі. "Тады можа паўстаць пытанне аб выхадзе Грэцыі з еўразоны".

Трэці сцэнар: СІРЫЗА перамагае, але мяняе курс і адмаўляецца ад правядзення ў жыццё многіх сваіх перадвыбарных абяцанняў. "Гэта можа выклікаць унутрыпартыйныя канфлікты".

Чацвёрты сцэнар: пасля выбараў узнікае патавая сітуацыя, ні СІРЫЗА, ні кансерватары не ў стане сфармаваць урадавую большасць, і даводзіцца аб'яўляць перавыбары. "У выніку мы губляем шмат часу, якога ў нас няма".

З асаблівай увагай за зыходам выбараў у Грэцыі сочаць цяпер у Гішпаніі. Там у апытаннях лідэруе новая левая партыя "Падэмас", і яна вельмі разлічвае на тое, што поспех руху СІРЫЗА ўмацуе і яе ўласныя пазіцыі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках