6 траўня 2024, панядзелак, 15:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінінфарм не бачыць праблемы ў выступе на БТ неанацыста Цесака

9
Мінінфарм не бачыць праблемы ў выступе на БТ неанацыста Цесака

Аршанскі актывіст Ігар Казмерчак атрымаў адказ на свой ліст у міністэрства.

Ён прасіў даць ацэнку дзеянням службовых асоб, якія дапусцілі ў эфір беларускага дзяржаўнага тэлеканала СТВ інтэрв'ю з Максімам Марцінкевічам, вядомым у Расейскай Федэрацыі прыхільнікам ідэй неанацызму, піша прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

З ліста, падпісанага намеснікам міністра Сяргеем Хільманам, вынікае, што ў праграме былі пададзеныя "розныя меркаванні" і не было заўважана "заклікаў да насілля, прапаганды нацысцкай сімволікі і фашызму". Адпаведна, намеснік міністра не бачыць парушэнняў Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі". "У праграме прыводзяцца розныя пункты гледжання на праблемы граху і самасуду, і ў якасці аднаго з іх прадстаўленая пазіцыя Максіма Марцінкевіча", - гаворыцца ў лісце з міністэрства.

У звароце да міністра інфармацыі Ліліі Ананіч ішла гаворка аб праграме "Нам и не снилось. Рожденные верой. 2 серия", якая транслявалася 3 снежня 2014 года на тэлеканале СТВ (Столичное телевидение)). У якасці эксперта (у тытрах пад прозвішчам ён пазначаны як "лідар грамадскага руху") быў паказаны грамадзянін Расейскай Федэрацыі Максім Марцінкевіч, вядомы ў асяроддзі неанацыстаў і сучасных прыхільнікаў фашызму пад мянушкай Цясак. З лістапада 2014 года Максім Марцінкевіч знаходзіцца ў зняволенні - ён ужо не першы раз асуджаны за распальванне міжнацыянальнай варожасці.

Аршанскі актывіст прасачыў, што ў тэлеперадачы неанацыст паказаны двойчы: падчас самасуду, які ўчыніў разам са сваімі паплечнікамі, і з развагамі перад камерай на тэму, што такое грэх. Гледачы бачаць на экране хлопца, апранутага ў майку з лагатыпам фірмы "White rex", якая спецыялізуецца на выпуску адзення для неанацыстаў. У асартыменце фірмы ёсць і майкі са стылізаванай свастыкай.

Аднак Ігар Казмерчак упэўнены, што парушальніка закона, не аднойчы асуджанага ў суседняй краіне, у Беларусі недапушчальна лічыць за "эксперта" - асобу, меркаванне якой павіннае лічыцца аўтарытэтным. І перадачы з удзелам такога "эксперта" не варта пускаць у эфір, тым больш у праграмах, накіраваных на духоўнае выхаванне і адрасаваных перш за ўсё моладзі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках