9 траўня 2024, Чацвер, 1:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мечыслаў Грыб: Закон «Аб ваенным становішчы» адлюстроўвае страхі ўладаў

7
Мечыслаў Грыб: Закон «Аб ваенным становішчы» адлюстроўвае страхі ўладаў

Новая рэдакцыя закона «Аб ваенным становішчы» пачне дзейнічаць з 1 лютага.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб мяркуе, што прынятыя змены ілюструюць фобіі беларускіх уладаў, паведамляе «Радыё Свабода».

- Перш за ўсё варта адзначыць, што пазіцыі новага закона адлюстроўваюць хваляванні кіраўніцтва краіны падзеямі, якія адбываюцца ў нашых суседзяў, перш за ўсё ва Украіне. Хоць адначасова супакойваюць насельніцтва запэўненнямі, што такое ў нас немагчыма. Але, на маю думку, нельга выключаць таго, што і ў нас адбудзецца Майдан. Бо і нашы людзі могуць цярпець да нейкага крытычнага моманту, баяцца і трываць, але калі такі момант надыходзіць, то ўжо нічога не баяцца і ніхто іх не спыніць. А сённяшнія падзеі ў Беларусі сведчаць пра тое, што эканамічнае і сацыяльнае становішча людзей пагаршаецца, прычым істотна.

Заявы кіраўніцтва аб тым, што яны стрымаюць кошты, супярэчаць заявам аб тым, што яны не дапусцяць прыпынку прадпрыемстваў. Бо немагчыма стрымаць кошты і даць усім працу, калі такая вялікая дэвальвацыя, як у нас - ужо фактычна 40%. Пры такой дэвальвацыі рост коштаў непазбежны, а калі яго штучна спыняць, то стане вытворчасць, стане бізнэс. У гэтых умовах, калі кошты растуць, а рэальныя заробкі людзей падаюць, я не выключаю сацыяльны выбух. І ўлады гэта бачаць, таму і падрыхтавалі новы закон аб ваенным становішчы, у тым ліку прымяраюць на сябе сітуацыю ва Украіне, я маю на ўвазе Майдан.

- Вы выключаеце, што ў Беларусі могуць з'явіцца «зялёныя чалавечкі?

- Такія асцярогі таксама ёсць. З аднаго боку наша кіраўніцтва кажа ў бок Расеі, што мы сябруем, вельмі любім расейцаў, але з іншага боку яно баіцца і прымярае на сябе таксама і гэтых «зялёных чалавечкаў». І такі сцэнар імаверны. Па-першае, калі Беларусь праявіць незадаволенасць інтэграцыйнымі падзеямі і заявіць пра арыентацыю на Захад, то можа атрымаць у адказ тое, што атрымала Украіна. Або сама Расея можа нейкія выгадныя для сябе падзеі справакаваць - варыянты розныя.

- Вы ў 1994 годзе падпісалі першую Канстытуцыю Беларусі. Як вы ставіцеся да таго, што ваеннае становішча так сур'ёзна абмяжоўвае палітычныя правы грамадзян?

- Калі прымалася Канстытуцыя 1994 года, мы не маглі зусім выключыць умовы, пры якіх ўводзіцца ваеннае становішча. Мы гэта дапускалі, але такую пастанову прэзідэнта паводле той Канстытуцыі павінен зацвярджаць парламент. Не ведаю дакладна, ці засталося такое палажэнне ў новай рэдакцыі закона «Аб вайсковым становішчы», але ў любым выпадку цяперашні «нацыянальны сход» і Вярхоўны Савет тых часоў - розныя рэчы. Цяперашнія «дэпутаты» прымаюць без разважанняў усё, што ім дасылаюць з адміністрацыі прэзідэнта, а там былі дыскусіі, былі спрэчкі, а ў выніку была самастойная пазіцыя. Збольшага закон аб ваенным становішчы ў той ці іншай форме ёсць ва ўсіх краінах, але ў дэмакратычных краінах прадугледжаныя межы, рамкі, калі дэпутаты парламента сцвярджаюць пэўныя ўмовы, тэрміны, паўнамоцтвы. Што тычыцца сітуацыі ў цяперашняй Беларусі, гэтых абмежаванняў і магчымасцяў для кантролю я не бачу, што мяне і турбуе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках