28 красавiка 2024, Нядзеля, 0:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Daily Beast: ТАСС служыць інструментам шпіянажу

The Daily Beast: ТАСС служыць інструментам шпіянажу

Расейскае інфармацыйнае агенцтва служыць для Крамля інструментам шпіянажу

Грамадзяне РФ, якім у ЗША прад'яўленыя абвінавачванні ў шпіянажы, «спрабавалі збіраць інфармацыю аб амерыканскіх фінансавых рынках і аб патэнцыйных спосабах парушыць іх працу, для чаго давалі пытанні журналістам з расейскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва ТАСС». Аб гэтым піша The Daily Beast са спасылкай на звесткі, атрыманыя ад «супрацоўнікаў спецслужбаў - як былых, так і дзейных».

У тэксце афіцыйнага абвінавачвання, які быў апублікаваны міністэрствам юстыцыі ЗША ў панядзелак, гаворыцца, што абвінавачаныя «на запыт не ўказанага ў дакуменце інфармагенцтва складалі пытанні, якія журналісты пры зборы інфармацыі для навін маглі задаць супрацоўнікам Нью-Йоркскай фондавай біржы». Як распавёў The Daily Beast чалавек, знаёмы з ходам расследавання, гаворка ідзе менавіта аб інфармацыйным агенцтве ТАСС, паведамляе «Инопресса».

Як сцвярджаецца ў афіцыйным абвінавачванні, у траўні 2013 Ігар Спарышаў звязаўся з Яўгенам Бураковым і папрасіў яго цягам 15 хвілін прыдумаць для супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва тры пытанні, з дапамогай якіх можна было б атрымаць звесткі аб унутранай структуры фондавай біржы. Спарыш выказаў здагадку, што такое ўказанне агенцтву было «спушчанае зверху». Буракоў прапанаваў спытаць, як фондавая біржа выкарыстоўвае гандлёвыя індэксныя фонды (у тым ліку «для дэстабілізацыі рынкаў»), што супрацоўнікі біржы думаюць пра «абмежаванне выкарыстання гандлёвых робатаў» і наколькі гульцы зацікаўленыя «у прадуктах, звязаных з Расейскай Федэрацыяй». Хто менавіта ў ТАСС займаўся сувязямі з меркаванымі шпіёнамі, у тэксце абвінавачвання не ўдакладняецца.

Апісаны вышэй механізм перадачы пытанняў The Daily Beast называе «аперацыяй у зборы выведзвестак эканамічнага характару», падчас якой адбылося змешванне традыцыйнай рэпарцёрскай працы і шпіянажу. «На гэтым туманным поле расейскія разведчыкі доўгі час працавалі з камфортам», - піша аўтар артыкула.

ТАСС «з даўніх часоў служыць прыкрыццём для расейскіх шпіёнаў», сцвярджаюць крыніцы выдання. У прыватнасці, Алег Калугін, былы генерал-маёр КДБ, які кіраваў дзейнасцю савецкай выведкі ў ЗША, сказаў у інтэрв'ю The Daily Beast: «У выведвальную дзейнасць [у перыяд халоднай вайны] была ўцягнутая як меней палова [супрацоўнікаў ТАСС], калі не больш. Яны спрабавалі вербаваць людзей, каб атрымаць доступ да сакрэтных дакументаў. Гэта была галоўная задача... Я працаваў на КДБ. Зразумела, я падтрымліваў вельмі добрыя працоўныя стасункі з аддзяленнем ТАСС у Нью-Ёрку».

З тых часоў «на самай справе мала што змянілася», дадаў, усміхнуўшыся, Калугін. З ягоных слоў, розніца ў тым, што спектр інтарэсаў расейскай выведкі зрушыўся з вобласці вайсковых і палітычных сакрэтаў у бок інфармацыі пра грошы і рынак: «Фінансавая і эканамічная выведка вельмі важная для суправаджэння расейскай эканомікі. Менавіта ў гэтым цяпер мацней за ўсё зацікаўлена Расея».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках