28 красавiка 2024, Нядзеля, 7:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіста Сацука выклікалі ў адміністрацыю Лукашэнкі. Вынік несуцяшальны

25
Журналіста Сацука выклікалі ў адміністрацыю Лукашэнкі. Вынік несуцяшальны

30 студзеня кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандр Косінец сустрэўся з галоўным рэдактарам і дырэктарам сайта «Штодзённік» Сяргеем Сацуком.

Нагодай стала інфармацыя аб карупцыі, агучаная падчас прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Сяргей Сацук сказаў, што пасля прэс-канферэнцыі Косінец прызначыў яму час сустрэчы.

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» Сацук паведаміў, што пасля сустрэчы ў адміністрацыі прэзідэнта атрымліваць інфармацыю пра факты карупцыі журналістам будзе яшчэ больш складана:

- У пачатку сустрэчы Косінец сказаў, што я, маўляў, зрабіў гучную заяву на прэс-канферэнцыі, і папрасіў даць яму цяпер канкрэтныя факты аб карупцыі. Я здзівіўся, таму што казаў пра мноства фактаў, якія сведчаць пра тое, што ў краіне ідзе не сістэмная барацьба з карупцыяй, а сістэма стварае спрыяльныя ўмовы для карупцыянераў. І факты - перш за ўсё гэта закон, які падмяняе рэальную барацьбу папяровай.

Я казаў пра практыку ў краіне, калі праваахоўныя органы дакладваюць аб прадухіленні шкоды дзяржаве. Калі пачынаеш разбірацца ў такіх фактах, то ў большасці ніякай шкоды дзяржаве там і быць не можа.

Цяпер досыць праваахоўнікам далажыць, што прадухіленая шкода, не трэба ўстанаўліваць вінаватых, нікога караць, расследаваць.

Усё вельмі проста: даў справаздачу аб прадухіленні шкоды - і выдатна. Гэтыя карупцыянеры і далей сядзяць на сваіх месцах: адзін тэндэр не змаглі распілаваць, распілуюць іншы. А праваахоўнікі зрабілі справаздачу. Вось пра гэтыя факты я казаў.

І самы галоўны факт, які мяне абурыў, што прэсу зусім адрэзалі ад якога-небудзь удзелу ў барацьбе з карупцыяй. Я факт прыводзіў, чаму сайт Следчага камітэта ў тры разы даражэйшы за сайт Мытнага камітэта. Замест адказу мы атрымалі ад іх простую адпіску. Таму я казаў пра ўмовы для карупцыі.

- Як адрэагавалі ўдзельнікі сустрэчы на прапанову скасаваць інструкцыі аб ўзаемадзеянні са СМІ?

- Яны адрэагавалі жорстка: «Як гэта журналіст будзе наўпрост са следчым мець кантакты па-за прэс-службай? Следчы не мае права раскрываць журналісту нейкія нюансы справы. Гэта парушэнне закона, такога следчага трэба звальняць». А я кажу ім, што паводле закона следчы - гэта працэсуальна незалежная асоба, і толькі ён можа вызначыць, што можна раскрыць. А ў нас атрымліваецца, што атрыманне інфармацыі пра якія-небудзь карупцыйныя справы без санкцый кіраўніцтва немагчымае.

Я даў Косінцу факты. Пра тое, што ў дачыненні нас праводзілася праверка цягам трох месяцаў. Усіх цягалі на допыты, мяне і нават рэкламны аддзел. Я не кажу пра тое, што стаялі на праслухоўванні. Праверка праводзілася паводле майго артыкула аб справе намесніка генпракурора. Аб некаторых фактах справы чамусьці не хацелі казаць, а я іх высветліў і напісаў. А яны праверылі ўсіх журналістаў. Чаму фільтруецца інфармацыя: аб адных справах можна казаць, а пра іншыя нельга. Вось пра гэта я казаў. А мы пішам так, як ёсць, факты. І тут мы з Касінцом і Шаевым абсалютна не знайшлі паразумення. У іх жорсткая пазіцыя, што ўсё павінна быць праз прэс-службу, праз адабрэнне кіраўніцтвам. Сам следчы самастойна са СМІ працаваць не можа.

Косінец распарадзіўся, каб Сацуку далі поўную інфармацыю аб кошце сайта Следчага камітэта, і абяцаў правесці разбіральніцтва паводле некаторых фактаў. Таксама папрасіў выказаць заўвагі што да праекта закона аб барацьбе з карупцыяй.

«Але пасля сустрэчы няма надзеі, што яны прыслухаюцца да маіх заўваг», - сказаў Сяргей Сацук.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках