28 красавiка 2024, Нядзеля, 6:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прагнозы на 2015 год: Клінтан супраць Буша і іспыты для ЕЗ

2
Прагнозы на 2015 год: Клінтан супраць Буша і іспыты для ЕЗ

Заходнія СМІ пішуць аб найважнейшых падзеях новага года.

Тэрыторыя, падкантрольная гіцлям ІДІЛ, крыху паменшыцца, еўрапейскія папулісты будуць выпрабоўваць на трываласць статус-кво ЕЗ, а ў ЗША перадвыбарная гонка "Гілары Клінтан супраць Джэба Буша" стане блокбастэрам, пішуць СМІ. У Расеі магчымыя ўсе варыянты - ад хуткага пацяплення ў стасунках з Захадам да чарговай дэманстрацыі палітычнай моцы "раз’юшаным" Пуціным і нават крамлёўскага перавароту "цвердалобых", піша Inopressa.ru.

"Зялёная вуліца" для трубаправода Keystone XL? Дэфолт Расеі? Новая хакерская атака? Рабіце свае стаўкі ў 2015 годзе"- так азагалоўлены матэрыял у канадскай The Globe and Mail, падрыхтаваны рэдакцыяй.

Газэта пачынае з прагнозаў для Атавы: імавернасць федэральных выбараў у 2015 годзе - 100%, канстытуцыйнага крызісу - 17%.

"А зараз аб Расеі. Падзенне рубля стала катастрофай. Яно змякчае страты ад зніжэння кошту нафты, але надмерна павялічвае ціск ад вялікай завінавачанасці ў замежных валютах расейскага прыватнага сэктара", - пішуць аўтары.

На думку газэты, імавернасць рэцэсіі ў Расеі - 100%, як і імавернасць таго, што Масква ўратуе ад запазычанасці шмат якія прыватныя кампаніі і банкі. Імавернасць дэфолту - 24%, імавернасць таго, што расейскі крызіс моцна "заразіць" глабальную банкавую сістэму - 21%.

"Імавернасць таго, што Пуцін паспрабуе адцягнуць ад усяго гэтага свой народ, яшчэ мацней дэстабілізаваць Украіну і (або) нейкую іншую суседнюю краіну, - 76%", - гаворыцца ў артыкуле.

Газэта таксама закранае важную для Канады тэму - праект канадска-амэрыканскага нафтаправода Keystone XL. Імавернасць таго, што Кангрэс ЗША ўхваліць праект - 94%, а таго, што Абама накладзе вета на гэтую пастанову, - 89%.

Вось яшчэ некалькі прагнозаў.

Імавернасць таго, што праз год тэрыторыя, кантраляваная ІДІЛ, паменшыцца - 88%. Імавернасць тэракту дзесьці на Захадзе, выканаўца якога стане сцвярджаць, што натхнёны ІДІЛ, - 100%. Імавернасць рэцэсіі ў еўразоне - 61%, а таго, што нафта WTI ў канцы 2015 будзе каштаваць больш за 60 даляраў ЗША - 59%.

Нагадаўшы пра кібэратаку на Sony Pictures, газэта заўважае: імавернасць сур'ёзнай кібэратакі супраць іншай вялікай кампаніі - 100%.

Рэдакцыйны артыкул у The Times, азагалоўлены папросту "Свет ў 2015-м", пачынаецца так: "Ёсць імавернасць, што гэты год пройдзе пад знакам зброі з узведзеным цынгелем, таннай нафты і паскоранага раскідання нацыянальных дзяржаў. Год запатрабуе паказаць лідэрства, якога дагэтуль няма, і стане для Захаду сур'ёзнай праверкай на рашучасць". Праўда, заўважае газэта, у 1970-м у свеце было 35 дэмакратычных краін, а пад 2010-ы - ужо 120."Імкненне да самакіравання жывое і здаровае. Галоўнае пытанне 2015 года ў тым, ці здабудзе яно падтрымку з Захаду", - гаворыцца ў артыкуле.

За самую галоўную тэму газэта ўважае лёс Расеі: "Падзенне кошту нафты, мілітарысцкі авантурызм, пагарда прэзідэнта Пуціна да меркавання міжнароднай супольнасці і карныя фінансавыя санкцыі давялі краіну да небяспечнай рысы".

Пуцін апынуўся ў становішчы пацука, загнанага ў кут. Цяпер ён можа "альбо выбавіцца з небяспечнага становішча, пайшоўшы на саступкі Украіне, альбо ўзлавацца". Выведкі чакаюць чарговай дэманстрацыі палітычнай моцы з боку Пуціна, сцвярджае газэта. "Але санкцыі робяць сваё дзеянне. Іх нельга скасаваць, пакуль Расея ў верагоднай форме не спыніць сваё вайсковае ўмяшанне ва Украіне", - гаворыцца ў артыкуле.

Цяжкая задача паўстане перад Захадам у сакавіку, калі ЕЗ павінен падоўжыць або скасаваць санкцыі супраць Расеі. Газэта раіць: "Нельга дапускаць, каб Пуцін раскалоў Захад і беспакарана павялічыў свой уплыў".

Другі іспыт для Захаду ў 2015 годзе будзе зладжаны Іранам. Абама разлічвае, што зніжэнне нафтавых даходаў дазволіць Рухані нарасціць саступкі ў галіне ядзернай праграмы. Але надзея Абамы ператварыць Іран у хаўрусніка ў барацьбе з ІДІЛ "у найлепшым выпадку малаімаверная, а ў найгоршым можа стацца самым неразумным крокам 2015 года", - гаворыцца ў артыкуле.

Каб панятак "Захад" не страціў сэнс, заходнія лідэры павінны навучыцца дзейнічаць разам, каб абмежаваць магутнасць і ўплыў дыктатараў-экспансіяністаў. Захад павінен зладжана рэагаваць на сціжмы тэрарыстаў.

"Пуцін аднойчы сыдзе, а вісусы ІДІЛ памруць, як і халіфат, які яны спрабуюць стварыць. Давайце зробім так, каб усё гэта здарылася як мага раней. А калі гэта здарыцца, мы павінны займаць такую пазіцыю, каб абвясціць іх сыход перамогай Захаду", - так заканчваецца артыкул.

The Times таксама публікуе некалькі прагнозаў сваіх карэспандэнтаў і аглядальнікаў пад агульным загалоўкам "Можа, Гілары і Джэб – гэта "касавы блокбастэр", але галоўнае - назіраць за Пуціным".

"Пуціну патрэбная новая канцэпцыя, якую можна "ўсырычыць "Расеі", - так азагаловіў свой артыкул карэспандэнт Бэн Хойл.

На ягоную думку, цяпер Пуцін сутыкнуўся з самым сур'ёзным іспытам з 1999 года. "Раптам сталі магчымыя ўсе варыянты - ад хуткага пацяплення ў стасунках Масквы з Захадам да таго, што "цвердалобыя", мерачыся ўзмацніць міжнародную ізаляцыю краіны, зладзяць у Крамлі пераварот супраць Пуціна", - гаворыцца ў артыкуле.

Эканамічны крызіс пакуль не перарос для Пуціна ў палітычны, але таемнае пагадненне, паводле ўмоў якога расейцы гадзіліся з аўтарытарызмам і росквітам дзяржаўнай карупцыі ўзамен на рост ўзроўню жыцця і разумнае кіраванне эканомікай, адышло ў мінуўшчыну.

Хойл мяркуе, што Пуцін павінен прапанаваць нейкую новую канцэпцыю. У 2014-м годзе Пуцін паспяхова пазіцыянаваў сябе як лідэра, што аднавіў самаацэнку Расеі шляхам супрацьстаяння Захаду. Магчыма, ён паддасца спакусе пайсці далей - "глыбей ўмяшацца ва Украіне, каб захапіць сухаземны калідор да Крыму або нават да Малдовы". "Але цынкавыя труны - з'ява, непапулярная на ўнутрыпалітычнай арэне, а працяглыя кампаніі каштуюць дорага", - працягвае аўтар. Паварот да Азіі пакуль не забяспечыў Расею інвестыцыямі.

"Магчыма, Пуцін прыме за лепшае "здабываць сэрцы чарамі"- створыць новыя стымулы, каб вярнуць замежных інвестараў, і згуляе на ўнутраных супярэчнасцях у ЕЗ, каб сарваць працяг санкцый супраць Расеі яшчэ на год", - гаворыцца ў артыкуле.

Хойл не выключае, што Пуцін здолее адначасова хваляваць і супакойваць людзей, каб дагадзіць сваім разнастайным аўдыторыям. "Эканоміка, напэўна, застанецца актуальнай праблемай, якая стане задаваць рамкі ягонаму выбару, але, у канчатковым выніку, менавіта непрадказальныя інстынкты Пуціна зноў будуць вызначаць курс Расеі", - гаворыцца ў артыкуле.

Вось яшчэ некалькі прагнозаў. "У Еўропе папулісты выпрабоўваюць на трываласць статус-кво Еўразвязу", піша рэдактар Чарльз Брэмнэр. Незадаволенасць электарату эканамічнай стагнацыяй ды іміграцыяй стануць вызначальным чыннікам для вынікаў выбараў.

Між тым у студзені ЕЦБ можа запусціць друкарскі варштат, каб дапамагчы эканоміцы. Нямеччына і Галандыя супраць гэтага. "Але іх пярэчанні, магчыма, будуць пераадолены, калі расейская эканоміка яшчэ мацней спусціцца, кошт нафты зноў падвысіцца, а ў Грэцыі адновяцца ўзрушэнні", - гаворыцца ў артыкуле.

У ЗША пачынаецца перадвыбарная гонка, нагадвае журналіст Дэвід Тэйлар. Ён чакае, што Гілары Клінтан вылучыць сваю кандыдатуру. А адзін з кандыдатаў-рэспубліканцаў, Джэб Буш, неўзабаве пачне збіраць сродкі на свой пробны тур.

"Клінтан супраць Буша" - падобна да назву няўдалага сіквэла, але ў 2016 годзе гэты варыянт стане вялікім "блокбастэрам", - высноўвае аўтар.

У Кітаі Пекін мерыцца ачысціць партыйную сістэму ад гнілі, сцвярджае карэспандэнт Леа Льюіс. Дзве галоўныя турботы для прэзідэнта Кітая ў 2015-м годзе - запаволенне кітайскай эканомікі і патэнцыйны суд над экс-міністрам бяспекі Чжоў Юнканам.

ІДІЛ, магчыма, будзе шукаць больш слабыя дзяржавы, каб на іх успасці, прарочыць журналіст Том Кохлен. За апошнія тыдні ІДІЛ страчвае пазіцыі на полі бою.

Але джыхадысцкія групоўкі ўбіраюцца ў сілу ў шмат якіх кволых дзяржавах. Лібан і Ярданія выглядаюць уразлівымі. Між тым шмат хто з аналітыкаў мяркуе, што самай магутнай доўгачасовай пагрозай застаецца "Аль-Кайда". Групоўкі, звязаныя з ёй, мацнеюць у Емэне і Лібіі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках