2 траўня 2024, Чацвер, 4:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Foreign Policy: Крэмль губляе ўплыў на былыя рэспублікі СССР

6
Foreign Policy: Крэмль губляе ўплыў на былыя рэспублікі СССР

Еўразійскі саюз з самага пачатку прадэманстраваў сваю слабасць.

Пра гэта піша амерыканскае выданне Foreign Policy, паведамляе ZN.ua.

Аўтары артыкула адзначаюць, што ЕўрАзЭС, паводле задумы Пуціна, павінен быў стаць альтэрнатывай Еўразвязу і замацаваць уплыў Расеі на іншыя былыя рэспублікі СССР. Але ён толькі прадэманстраваў, што ў Крамля больш няма такога ўплыву.

Неэфектыўнасць такога аб'яднання стала відавочнай яшчэ на этапе стварэння Мытнага саюза ў 2010 годзе, які быў прызваны прыбраць гандлёвыя перашкоды паміж Расеяй, Беларуссю і Казахстанам. Аднак краіны-ўдзельніцы не адчулі таго эканамічнага ўздыму, які ім абяцаў Крэмль.

«Казахстан і Беларусь заўважылі, што іх тавары на вызначальным расейскім рынку сталі даражэйшымі праз праблему з абменным курсам рубля. Расейскія ж тавары сталі таннейшымі і з імі стала цяжэй канкураваць на казахскім і беларускім рынку», - піша выданне.

Спажыўцы з Беларусі і Казахстана пачалі ездзіць у Расею за пакупкамі праз таннасць тамтэйшай прадукцыі. А абрынанне рубля толькі пагоршыла эканамічную сітуацыю.

«Чым больш таннее рубель, тым больш Еўразійскі саюз становіцца непрывабным для краін-удзельніц. Аб'яднанне абяцала эканамічнае развіццё, але кошт сяброўства становіцца значна даражэйшым, чым чакалі ўдзельнікі», - сказаў экспэрт па Цэнтральнай Азіі Лука Анцэшы ва Універсітэце Глазга.

ЕўрАзЭС існуе толькі 7 дзён. Але Беларусь і Казахстан ужо прадэманстравалі, што шукаюць альтэрнатыву эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. Прынамсі, Астана падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з Еўразвязам і плануе паглыбіць сувязі з Кітаем.

Акрамя таго, Казахстан разглядае магчымасць скасавання падаткаў для замежных інвестараў на 10 гадоў, каб зрабіць сваю краіну прывабнай. У гэты ж час паміж Беларуссю і Расеяй працягваюцца гандлёвыя войны. Менск не ўвёў санкцыі супраць імпарту з Захаду разам з Масквой. А расейскі бок пачаў забараняць імпарт беларускіх тавараў.

Яшчэ адным момантам напружання паміж удзельнікамі ЕўрАзЭС стала развязванне апасродкаванай вайны Расеі супраць Украіны. Лукашэнка і Назарбаеў бачаць у гэтым небяспеку для сваіх краін, паколькі агрэсія Крамля супраць Кіева дэманструе непавагу расейскіх уладаў да суверэнітэту іншых постсавецкіх краін.

Пуцін таксама заявіў, што Назарбаеў стварыў краіну «там, дзе яе ніколі не было». У сваю чаргу прэзідэнт Казахстана, абвяшчаючы аб святкаванні 550-годдзя Казахскага ханства ў 2015 годзе, заклікаў суайчыннікаў абараняць радзіму ў выпадку неабходнасці.

Яшчэ двое ўдзельнікаў ЕўрАзЭС - Кыргызстан і Арменія, - таксама не ў захапленні ад інтэграцыі з Расеяй. У Ерэване прызнаюцца, што пагадзіліся на ўваходжанне ў Еўразійскі саюз праз канфлікт у Нагорным Карабаху. Расея пастаўляе зброю Арменіі, без якой ёй будзе цяжка супрацьстаяць азербайджанскаму боку.

Кыргызстан, у сваю чаргу, заявіў пра свой намер увайсці ў ЕўрАзЭС, але на справе вагаецца. Галоўны даход краіны залежыць ад рээкспарту кітайскіх тавараў у іншыя краіны былога СССР. ЕўрАзЭС не мае такіх лібералізаваных мытных правілаў з КНР, як Бішкек.

«Становіцца зразумела, што Еўразійскі саюз не стане козырам у геапалітычнай гульні Пуціна, нягледзячы на яго надзеі. Еўразійскае аб'яднанне павінна было замацаваць лідарства і ўплыў Расеі на сваіх суседзяў, аднак замест гэтага толькі пацвердзіла заняпад вонкавай палітыкі Крамля», - гаворыцца ў артыкуле.

Такую ж тэндэнцыю заўважыла і нямецкае выданне Die Zeit, якое пісала, што Лукашэнка і Назарбаеў не хочуць быць васаламі Пуціна ў Еўразійскім саюзе. А еўразійскае аб'яднанне Расеі не здольнае канкураваць з Еўразвязам. Паколькі насельніцтва праекта Пуціна не дацягвае нават да траціны колькасці жыхароў ЕЗ. А эканоміка Еўразійскага саюза складае толькі адну шостую частку ад еўрапейскай.

Існуюць таксама асцярогі, што ЕўрАзЭС - гэта спроба Расеі вярнуць СССР. У сваю чаргу прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў назваў «бязмозглым» таго, хто выступае за аднаўленне СССР.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках